ГАФРЫРАВА́ННЕ
(ад франц. gaufrer прасаваць складкі, выціскаць узор),
наданне ліставым метал. і неметал. матэрыялам складкаватай хвалепадобнай формы; разнавіднасць гібкі. Павышае жорсткасць і трываласць матэрыялаў пры рабоце на выгін і змінанне. Робіцца на выгінальных прэсах або прафілёвачных станах.
Гафрыраваныя ліставая сталь, азбестацэментавыя вырабы ідуць на дахавыя матэрыялы, буд. канструкцыі; кардон — на гука- і тэрмаізаляцыю, выраб тары; дуралюмінавыя лісты выкарыстоўваюцца ў самалётабудаванні. Гафрыруюць таксама тканіны. Пры ручным спосабе гафрыравання тканіну закладваюць у папяровую форму (гафрэ), запарваюць і сушаць; пры прамысл. спосабе апрацоўваюць хім. рэагентамі, закладваюць у шаблоны, прапарваюць у аўтаклавах, потым высушваюць і ахалоджваюць.
т. 5, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)