Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ГА

(Vigo),

горад на ПнЗ Іспаніі, у аўт. вобласці Галісія. 276,1 тыс. ж. (1991). Порт на Атлантычным ак. Буйная бункерная база для марскога суднаходства, першы па значэнні цэнтр рыбалоўства ў краіне (у Віга сканцэнтравана каля палавіны танажу рыбалоўнага флоту краіны). Суднабудаванне (асабліва рыбалоўныя судны), прам-сць аўтамаб. (пераважна грузавікі), алюмініевая, рыбакансервавая. Музеі. Неагатычныя і класіцыстычныя касцёлы.

т. 4, с. 139

ВІ́ГАН

(Wihan, Vihan) Гануш (5.6.1855, г. Поліцэ, Чэхія — 1.5.1920),

чэшскі віяланчэліст. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1873), выкладаў у ёй. З 1873 праф. Акадэміі музыкі і сцэн. мастацтва «Моцартэум» (Зальцбург). Працаваў у прыдворных капэлах розных гарадоў Германіі. У 1891 арганізаваў «Чэшскі квартэт» (іграў у ім да 1913), з якім выступаў у краінах Еўропы і ў Расіі. Сябраваў з Б.Сметанам, А.Дворжакам, які напісаў для Вігана «Ронда» і канцэрт для віяланчэлі з арк. У 1950 і 1955 у Празе праводзіліся Міжнар. конкурсы імя Вігана (сярод лаўрэатаў М.Растраповіч, Д.Шафран, М.Хоміцэр і інш.).

т. 4, с. 139

ВІ́ГАНД З МА́РБУРГА

(Wigand von Marburg),

нямецкі храніст 14 ст. Герольд пры двары магістра Тэўтонскага ордэна. Аўтар хронікі, прысвечанай войнам і перамогам крыжакоў, з ідэалагічным абгрунтаваннем іх захопніцкай палітыкі. Вершаваны арыгінал на ням. мове не збярогся, захаваўся лац. пераклад, зроблены для польск. гісторыка Длугаша. Хроніка ахоплівае падзеі 1293—1394, да 1350 абапіраецца на звесткі т.зв. Аліўскай хронікі, хронікі Т.Вартберга і інш. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі Беларусі 13—14 ст. У ім шмат звестак пра адносіны паміж ордэнам і ВКЛ, пра рыцарскія паходы на землі Беларусі і Літвы, асабліва на Гродзеншчыну і Брэстчыну.

т. 4, с. 139

ВІГАНО́

(Vigano) Сальваторэ (25.3.1769, г. Неапаль, Італія — 10.8.1821),

італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Аўтар і аранжыроўшчык музыкі шэрагу сваіх балетаў. Вучыўся ў Л.Бакерыні. У 1799—1803 балетмайстар Венскага прыдворнага т-ра, з 1812 міланскага т-ра «Ла Скала». На аснове прынцыпаў пантамімнай драмы Ж.Даберваля стварыў рамант. балетную драму. Найб. вядомыя балеты Вігано: «Тварэнні Праметэя» на муз. Л.Бетховена (1801), «Стральцы» (1809), «Міра, або Помста Венеры» (1817), «Атэла, або Венецыянскі маўр» на муз. Вігано, «Вясталка» (абодва 1818), «Тытаны» (1819), «Хімена», «Дыдона» і «Жанна д’Арк» на зборную музыку з твораў Л.Бетховена, Дж.Расіні, В.А.Моцарта, І.Гайдна, Г.Спанціні і інш.

т. 4, с. 139

ВІГВА́М,

жыллё індзейцаў Паўн. Амерыкі — купалападобнае, на каркасе з тонкіх ствалоў ці жэрдак, накрытых галінкамі, карой, цыноўкамі.

т. 4, с. 139

ВІГДО́РЧЫК Мікалай

(Натан) Абрамавіч (16.11.1874, Мінск — 24.5.1954),

рэвалюцыянер, удзельнік І з’езда РСДРП. Засл. дз. нав. РСФСР (1947). Праф. (1935). Скончыў Кіеўскі ун-т (1898). У 1894—98 удзельнік с.-д. руху ў Кіеве, адзін з кіраўнікоў групы «Рабочая справа» і кіеўскага «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа». Рэдактар першых нумароў нелегальнай с.-д. «Рабочей газеты». У 1899 арыштаваны, у 1902 сасланы на 3 гады ў Сібір. У 1924 арганізаваў Ін-т прафес. хвароб (Петраград). Аўтар прац па прафес. гігіене і сац. страхаванні.

М.В.Біч.

т. 4, с. 139

ВІ́ГЕЛАН

(Vigeland) Адольф Густаў (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),

нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.

Літ.:

Strang R. Th. G. Vigeland, Oslo, 1969.

В.Я.Буйвал.

т. 4, с. 139

ВІ́ГІ,

1) англійская палітычная партыя ў 17—19 ст. Узнікла ў канцы 1670-х г. як групоўка, што адлюстроўвала інтарэсы часткі дваранскай арыстакратыі і буйной гандл. і фін. буржуазіі, якая процістаяла аднаўленню каралеўскага абсалютызму. Гал. рухаючая сіла т.зв. слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя). Змагаліся за падпарадкаванне каралеўскай улады парламенту, увядзенне канстытуцыйнага праўлення і грамадз. свабод, правялі «Біль аб правах». У 1714—83 і 1830—74 правячая партыя. У 1832 правялі парламенцкую рэформу. Чаргаваліся ва ўладзе з партыяй торы. У сярэдзіне 19 ст. аб’ядналіся з інш. паліт. партыямі і стварылі ліберальную партыю Вялікабрытаніі.

2) Паліт. партыя ў ЗША у 1834—54. Выступалі супраць узмацнення федэральнай улады, за развіццё прам-сці і падтрымку банкаў на Пн і Пд. У 1840 і 1848 перамаглі на прэзідэнцкіх выбарах. У 1854 партыя распалася: паўн. вігі перайшлі ў новаствораную Рэсп. партыю, а т.зв. баваўняныя вігі — у Дэмакратычную.

т. 4, с. 139

ВІ́ГНЕР

(Wigner) Юджын (Эўген) Пол (17.11.1902, Будапешт),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША. Скончыў Вышэйшае тэхн. вучылішча ў Берліне (1925). У 1930—71 у Прынстанскім ун-це (з 1938 праф.), у 1942—45 у Чыкагскім ун-це. Навук. працы па квантавай механіцы, электрадынаміцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц. Абгрунтаваў магчымасць працякання ланцуговай ядз. рэакцыі дзялення. У складзе групы Э.Фермі ўдзельнічаў у буд-ве першага ядз. рэактара ў Чыкага. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — Физическая теория ядерных реакторов. М., 1961 (разам з А.Вейнбергам);

Теория групп и ее приложения к квантово-механической теории атомных спектров. М., 1961;

Этюды о симметрии. М., 1971.

т. 4, с. 139

ВІГО́

(Vigo) Жан (22.4.1905, Парыж — 5.10.1934),

французскі кінарэжысёр. Скончыў літ. ф-т Сарбоны. У дакумент. фільме «З нагоды Ніццы» (1929) і стужцы «Нуль за паводзіны» (1933) поруч з сатыр. выкрываннем праявілася імкненне да паэтызацыі свету. Уменне Віго на аснове карцін паўсядзённага побыту рабіць складаныя філас. абагульненні найб. поўна выявілася ў фільме «Аталанта» (1934). Творчая спадчына Віго невялікая, але яна значна паўплывала на развіццё франц. кіно ў 1930—50-я г. З 1951 у Францыі штогод прысуджаецца прэмія імя Віго.

Літ.: Жан Виго.: Пер. с фр. М., 1979.

т. 4, с. 139