ВІ́ГІ,
1) англійская палітычная партыя ў 17—19 ст. Узнікла ў канцы 1670-х г. як групоўка, што адлюстроўвала інтарэсы часткі дваранскай арыстакратыі і буйной гандл. і фін. буржуазіі, якая процістаяла аднаўленню каралеўскага абсалютызму. Гал. рухаючая сіла т.зв. слаўнай рэвалюцыі 1688—89 (гл. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя). Змагаліся за падпарадкаванне каралеўскай улады парламенту, увядзенне канстытуцыйнага праўлення і грамадз. свабод, правялі «Біль аб правах». У 1714—83 і 1830—74 правячая партыя. У 1832 правялі парламенцкую рэформу. Чаргаваліся ва ўладзе з партыяй торы. У сярэдзіне 19 ст. аб’ядналіся з інш. паліт. партыямі і стварылі ліберальную партыю Вялікабрытаніі.
2) Паліт. партыя ў ЗША у 1834—54. Выступалі супраць узмацнення федэральнай улады, за развіццё прам-сці і падтрымку банкаў на Пн і Пд. У 1840 і 1848 перамаглі на прэзідэнцкіх выбарах. У 1854 партыя распалася: паўн. вігі перайшлі ў новаствораную Рэсп. партыю, а т.зв. баваўняныя вігі — у Дэмакратычную.
т. 4, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)