ВІ́ХАРАЎ Сямён Раманавіч
(18.7.1920, в. Капані Кіраўскай вобл., Расія — 30.10.1976),
бел. юрыст. Д-р юрыд. н. (1971). Скончыў Мінскі юрыд. Ін-т (1950). З 1954 у БДУ (1972—76 в а. праф. юрыд. ф-та). Працы па праблемах сав. дзярж. права.
т. 4, с. 206
ВІ́ХАР ВЕ́КТАРНАГА ПО́ЛЯ,
гл. Ротар вектарнага поля.
т. 4, с. 206
ВІ́ХЕРТ Ян
(2.7.1737—1791),
драматург і педагог. Паходзіў з сям’і дробнага шляхціца, які жыў на Беларусі. Вучыўся ў Слуцкім калегіуме (1756—58). Выкладаў рыторыку ў Бабруйскім (1758—60) і Полацкім (1763—65) калегіумах. Аўтар трагедый на польскай мове «Тэадор» (паст. ў Пінску, 1764), «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (паст. ў Бабруйску, 1768), «Велізарый» (выд. ў Варшаве, 1787), сюжэты якіх узяты з ант. гісторыі. У творах Віхерта выявіліся ідэі ранняга Асветніцтва.
А.В.Мальдзіс.
т. 4, с. 206
ВІХНІ́Н Залман Давыдавіч
(ліп. 1909, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 26.9.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). З лют. 1943 на Ленінградскім і Цэнтр. франтах, удзельнік Курскай бітвы. Капітан Віхнін пры вызваленні Камарынскага р-на Гомельскай вобл. 25.9.1943 узначаліў групу прыкрыцця, якая фарсіравала Дняпро і забяспечыла пераправу 2 батальёнаў пяхоты. Загінуў у баі за вызваленне вёсак Бярозкі і Новая Ёлча Брагінскага р-на Гомельскай вобл.
т. 4, с. 206
ВІХО́Р у атмасферы, віхар, маса паветра, ахопленая вярчальным рухам вакол рухомай восі. Памеры ў дыяметры ад некалькіх метраў да некалькіх тысяч кіламетраў. Скорасць ветру можа дасягаць ураганнай сілы (да 100 м/с). Да віхраў адносяць цыклон і яго трапічную разнавіднасць тайфун, тромб і тарнада, смерч. На Беларусі з сак. да вер. зрэдку адзначаюцца смерчы. Меншыя па памерах віхры часта бываюць летам у сухое надвор’е.
т. 4, с. 206
ВІХРА́,
рака на тэр. Магілёўскай вобл. Беларусі і Смаленскай вобл. Расіі, правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 158 км, у Беларусі 40 км. Пл. вадазбору 2230 км², у межах Беларусі 360 км². Пачынаецца ў Краснінскім р-не Смаленскай вобл., далей цячэ ў Мсціслаўскім р-не Магілёўскай вобл. па Горацка-Мсціслаўскай раўніне. Асн. прытокі: Трасцянка, Упакой, Жалязняк, Вяльнянка (злева), Руфа, Малахоўка, Гарадня, Княгіня, Чорная (справа). Даліна ў вярхоўі невыразная, ніжэй трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, шыр. 400—600 м. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 15—20 м. Каналізавана 9,9 км рэчышча ў ніжнім цячэнні. Берагі стромкія, часта абрывістыя. На рацэ г. Мсціслаў.
т. 4, с. 206
ВІХРАВЫ́Я ТО́КІ,
токі Фуко, замкнутыя эл. токі ў масіўных правадніках, выкліканыя пераменным магн. полем. Напрамак віхравых токаў вызначаецца паводле Ленца правіла. Замыкаюцца віхравыя токі непасрэдна ў праводнай масе з утварэннем віхрападобных контураў і награваюць яе ў адпаведнасці з Джоўля—Ленца законам, што выкарыстоўваецца, напр., для індукцыйнага нагрэву металаў. Узаемадзеянне віхравых токаў з асн. магн. полем прыводзіць у мех. рух (або затарможвае) праводнае цела, што выкарыстоўваецца ў вымяральнай тэхніцы, эл. машынах пераменнага току і інш.
Віхравыя токі выклікаюць скін-эфект (магн. ў магнітаправодах, эл. ў любым правадніку, па якім цячэ пераменны ток), што павялічвае страты энергіі. Для змяншэння страт магнітаправоды вырабляюць з тонкіх лістоў, ізаляваных адзін ад аднаго; выкарыстоўваюць сталь з павышанай колькасцю крэмнію, замяняюць ферамагн. матэрыялы магнітадыэлектрыкамі; высокачастотныя правады вырабляюць пустацелыя або з асобных жыл, ізаляваных адна ад адной.
т. 4, с. 207
ВІХРАВЫ́ РУХ,
рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.
Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.
т. 4, с. 207
ВІХРО́Ў Віктар Яўграфавіч
(23.3.1912, г. Сярдобск, Расія — 13.7.1972),
бел. вучоны ў галіне драўніназнаўства. Д-р с.-г. н. (1952), праф. (1957). Засл. дз. нав. Беларусі (1972). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1933). З 1954 у Бел. лесатэхн. ін-це, з 1960 рэктар Бел. тэхнал. ін-та. Навук. працы па экалагічнай і тэхн. анатоміі, сістэматыцы драўніны, дэндрахраналогіі і дэндракліматалогіі, мадыфікацыі драўніны сінт. Палімерамі.
Тв.:
Технические свойства древесиины в связи с типами леса. Мн., 1963 (разам з А.К.Лабасёнкам);
Модифицированная древесина и перспективы ее использования. Мн., 1966 (у сааўт.).
т. 4, с. 207
ВІХРЭ́НКА Вячаслаў Сцяпанавіч
(н. 30.5.1943, в. Галіцына Тамбоўскай вобл., Расія),
бел. фізік. Д-р фізіка-матэм. н., праф. (1995). Скончыў Бел. тэхнал. ін-т (1965). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па статыстычнай фізіцы. Распрацаваў статыстычную тэорыю дынамічных і кінетычных працэсаў у малекулярных і іонных сістэмах, у т. л. працэсаў дыфузіі і тэрмадыфузіі ў цвёрдых і вадкіх крышталях.
Тв.:
Неравновесная статистическая механика ориентационно-упорядочивающихся сред (разам з В.Б.Нямцовым) // Тр. Бел. Гос. технол. ун-та. Сер. 5. Физ.-мат. науки. Мн., 1995. Вып. 2.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 4, с. 207