Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІСАКХАПА́ТНАМ,

гл. Вішакхапатнам.

т. 4, с. 194

ВІСАРЫЁН

(Bessarion; 2.1.1403 ?, г. Трабзон, Турцыя — 18.11.1472),

візантыйскі царк. дзеяч, гуманіст. У 1423 прыняў манаства пад імем Вісарыён. Вывучаў філасофію і інш. навукі пад кіраўніцтвам Пліфана. З 1437 епіскап Нікеі (цяпер г. Ізнік, Турцыя). Прымкнуў да лацінафільскай групоўкі візант. знаці, лічыў неабходным саюз Візантыі з Захадам у мэтах сумеснай барацьбы супраць туркаў. На Фларэнційскім саборы 1438—45 спрыяў заключэнню уніі паміж каталіцкай і правасл. цэрквамі (1439). Перайшоў у каталіцтва, у 1439 прызначаны кардыналам. Пасля правалу уніі ў Візантыі вымушаны перасяліцца ў Італію (1440). Пасля падзення Канстанцінопаля (1453) быў адным з ініцыятараў крыжовага паходу супраць туркаў, дзеля чаго ездзіў з пасольствам да германскага імператара Фрыдрыха III і франц. караля Людовіка XI. Беспаспяхова выстаўляў сваю кандыдатуру на папскі прастол. У 1463 прызначаны патрыярхам Канстанцінопаля. У філас. поглядах быў паслядоўнікам Платона. У працы «Супраць паклёпніка на Платона» сцвярджаў, што ў трыядзе Платона (Бог, розум, сусветная душа) ужо быў зародак хрысц. вучэння аб Тройцы. На думку Вісарыёна, у канцэпцыі паходжання свету Платон таксама блізкі да хрысціянства, бо вучыў пра ўзнікненне «ўсяго з нічога». Значная роля Вісарыёна ў прапагандзе грэч. культуры ў Італіі. Пераклаў з грэч. мовы на латынь 14 кніг «Метафізікі» Арыстоцеля, «Метафізіку» Тэафраста, творы Ксенафонта, прамовы Дэмасфена. У 1468 перадаў у дар Венецыянскай рэспубліцы сваю унікальную бібліятэку грэч. рукапісаў.

Літ.:

Удальцова З.В. Жизнь и деятельность Виссариона Никейского // Византийсккй временник. 1976. Т. 37;

Яе ж. Византийская культура. М., 1988.

Н.К.Мазоўка.

т. 4, с. 194

ВІ́СБА́ДЭН

(Wiesbaden),

горад на З ФРГ, каля падножжа гор Таўнус. Адм. ц. зямлі Гесен. 270,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Рэйн (рачны порт у прыгарадзе Шырштайн). Хім., фармацэўтычная, маш.-буд. (у т. л. цяжкае, выраб электратэхн. абсталявання, гідраўлікі, прадметаў дакладнай механікі і оптыкі), цэментная, паліграф. прам-сць. Вытв-сць шампанскіх він. У Вісбадэне знаходзяцца федэральнае стат. ўпраўленне, дзярж. б-ка, гал. дзярж. архіў. Бальнеакліматычны курорт. Вядомасць набыў з сярэдзіны 18 ст. Вызначаецца мяккай зімой і цёплым летам. Каля 30 крыніц мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб суставаў, органаў дыхання, абмену рэчываў. Санаторыі, шматлікія матэлі і пансіянаты, пітныя галерэі.

т. 4, с. 194

ВІСЕ́НТЭ,

Вісенці (Vicente) Жыл (Хіль; каля 1470, г. Гімарайнш, Партугалія, ці Лісабон — каля 1536), партугальскі драматург і акцёр; заснавальнік партуг. нац. т-ра. Аўтар, акцёр і пастаноўшчык прыдворных відовішчаў, п’ес для карнавальных шэсцяў. Яго драмы, камедыі і фарсы насычаны ісп. і партуг. нар. муз. фальклорам, адметныя вальнадумствам, вострай сатырай, накіраванай супраць сац. загану: «Наведванне, ці Маналог пастуха» (1502), «Дзейства пра Сівілу і Касандру» (1503), «Трылогія пра лодку» (1517—19), «Фарс пра пагоншчыкаў мулаў» і «Свяшчэннік з Бейры» (1526) і інш.

т. 4, с. 194

ВІСЕ́НТЭ-ЛО́ПЕС

(Vicente López),

горад у Аргенціне ў складзе Вялікага Буэнас-Айрэса. 289,1 тыс. ж. (1991). Тэкст., хім., маш.-буд., цэм., буд. матэрыялаў, кінематаграфічная прам-сць. Ун-т.

т. 4, с. 194

ВІСКАЗІ́МЕТР

(ад віскоза + ...метр),

прылада для вымярэння вязкасці вадкасцей і газаў. Бываюць капілярныя (найб. пашыраныя; вызначаецца час працякання зададзенага аб’ёму вадкасці праз капіляр), ратацыйныя (вымяраецца вярчальны момант або вуглавая скорасць аднаго з сувосевых цел, паміж якімі знаходзіцца даследаваная вадкасць або газ), шарыкавыя (вымяраецца час падзення шарыка паміж 2 меткамі) і ультрагукавыя (вымяраецца скорасць затухання ваганняў у даследаванай вадкасці). Выкарыстоўваецца для вымярэння вязкасці пры розных т-рах металаў, буд. матэрыялаў, хім. і харч. прадуктаў і інш. Гл. таксама Вісказіметрыя.

т. 4, с. 194

ВІСКАЗІМЕ́ТРЫЯ,

сукупнасць метадаў вымярэння вязкасці. Існуе шмат метадаў і вісказіметраў розных канструкцый для вымярэння вязкасці, што абумоўлена шырокім дыяпазонам значэнняў вязкасці (ад 10​-5 Па·с у газаў да 10​12 Па·с у палімераў) і неабходнасцю яе вымярэння пры нізкіх ці высокіх т-рах і цісках (напр., звадкаваныя газы, расплавы металаў).

Эксперыментальна вязкасць вызначаюць абс. ці адноснымі метадамі. Абс. метадамі вымяраюць датычнае напружанне τ, скорасць зруху γ̇ пры цячэнні даследавальнага рэчыва і вызначаюць вязкасць η = τ/γ̇. Пры вымярэнні адноснымі метадамі карыстаюцца вісказіметрамі, пракалібраванымі па вадкасцях (газах) з вядомай вязкасцю. М.-Р.Пракапчук.

т. 4, с. 194

ВІ́СКІ

(англ. whiskey, whisky),

моцны (40—50% спірту па аб’ёме) алкагольны напітак. Атрымліваюць перагонкай зброджанага сусла, прыгатаванага са збожжавай сыравіны. Віскі купажыруюць — змешваюць з дыстыляванай вадою, рэктыфікаваным спіртам, віном, экстрактамі пахучых рэчываў і інш.

т. 4, с. 195

ВІСКО́ЗА

(ад позналац. viskosus вязкі),

канцэнтраваны раствор ксантагенату цэлюлозы ў разбаўленым водным растворы гідраксіду натрыю. Вязкая празрыстая вадкасць аранжавага колеру, састаў якой (% па масе): 6,5—9% ксантагенату цэлюлозы, 6,5—7,5% гідраксіду натрыю NaOH, вада і невял. колькасць (0,01—0,02%) прымесей. Атрымліваюць віскозу з драўніннай цэлюлозы. Асн. стадыі вытв-сці: апрацоўка цэлюлозы 18—20%-ным растворам NaOH (мерсерызацыя) і ўзаемадзеянне шчолачнай цэлюлозы з серавугляродам CS2 (атрыманне ксантагенату). Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскознага валакна, плёнкі (цэлафан), штучнай скуры (кірза).

Літ.:

Роговин З.А., Гальбрайх Л.С. Химические превращения и модификация целлюлозы. 2 изд. М., 1979.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 195

ВІСКО́ЗНАЕ ВАЛАКНО́,

штучнае валакно, якое атрымліваюць з віскозы. Гіграскапічнае, лёгка афарбоўваецца, мае параўнальна нізкую трываласць і зносаўстойлівасць.

Складаецца з гідратцэлюлозы. Віскознае валакно фармуюць «мокрым» спосабам: для асаджэння выкарыстоўваюць водны раствор сернай к-ты, сульфатаў натрыю і цынку. Вырабляюць у выглядзе неперарыўных ніцей (тэкстыльныя і тэхн., пераважна корд) і штапельных валокнаў звычайнай трываласці і мадыфікаваных высокатрывалых (гл. Палінознае валакно).

Выкарыстоўваюць у сумесі з натуральнымі і сінт. валокнамі для вырабу адзежных тканін, трыкатажу. Прамысл. вытв-сць віскознага валакна пачалі у Вялікабрытаніі (1905). У Беларусі вырабляюць віскозны шоўк і штапель (Магілёўскае ВА «Хімвалакно»), віскозныя ніткі, тэкст. і кордавую тканіну (Светлагорскае ВА «Хімвалакно»).

Літ.:

Серков А.Т. Производство вискозных штапельных волокон. М., 1986.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 195