Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віду ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.​Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.​Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віду ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віду і відаўтварэння заклаў Ч.​Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

ВІДАДЗІ́ (Мала Велі) (1709, г. Шамхор, Азербайджан — 1809),

азербайджанскі паэт. Адзін з заснавальнікаў нац. рэалістычнай паэзіі. Служыў у груз. правіцеля Іраклія II. Паслядоўнік Фізулі. Ведаў араб. і перс. мовы. Валодаў усімі формамі класічнай паэзіі, зацвердзіў у нац. л-ры найб. блізкую да фальклору ашугскую форму вершаскладання — гошма. У сваіх творах выказваў незадаволенасць феад. парадкамі, асуджаў міжусобныя войны.

т. 4, с. 140

ВІ́ДАЛ ((Vidal) Гор) (н. 3.10.1925, Вест-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі пісьменнік. Аўтар раманаў «Уіліва» (1946), «Юліян Адступнік» (1964), «Стварэнне» (1981), «Галівуд» (1990) і інш.; п’ес «Візіт на малую планету» (1956), «Вечар з Рычардам Ніксанам» (1972). Піша кіна- і тэлесцэнарыі, эсэ і крытычныя артыкулы. Перавагу аддае маст. асэнсаванню гіст. асоб і падзей. Дакументальны пачатак спалучае з сац. аналізам, гіст. стылізацыю — з сатырай, псіхалагізм — з натуралістычнымі тэндэнцыямі.

Тв.:

Рус. пер. — Вице-президент Бэрр. М., 1977;

Юлиан. СПб., 1994.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 140

ВІДА́ЛЬ ДЭ ЛА БЛАШ ((Vidal de la Blache) Поль) (22.1.1845, г. Пезнас, Францыя — 5.4.1918),

французскі географ; заснавальнік франц. геагр. школы. Даследаванні ў галіне фіз. геаграфіі і геаграфіі насельніцтва. Аўтар вял. атласа па геаграфіі і гісторыі свету (карты па стараж., сярэдніх вякоў і новай гісторыі, геаграфіі мацерыкоў і краін). Навук. працы абагульнены ў кн. «Прынцыпы геаграфіі чалавека» (1922). Па яго ідэі і пад яго кіраўніцтвам пачата падрыхтоўка шматтомнай працы па сусветнай геаграфіі.

т. 4, с. 140

ВІ́ДАМЛЯ,

вёска ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл., на скрыжаванні аўтадарог Брэст—Камянец і Высокае—Пружаны Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на Пд ад г. Камянец, 30 км ад Брэста, 25 км ад чыг. ст. Жабінка. 1037 ж., 305 двароў (1996). Племсаўгас «Відамля», газаразмеркавальная станцыя, млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі.

т. 4, с. 140

ВІ́ДАР ((Vidor) Кінг Уоліс) (8.2.1894, г. Галвестан, штат Тэхас, ЗША — 1.11.1982),

амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Пасля вучобы ў Ваен. акадэміі ў Тэхасе пачаў здымаць сюжэты для кінахронікі (1913). З 1917 у Галівудзе. З 1923 у фірме «Метро-Голдвін-Маер», дзе паставіў практычна ўсе свае фільмы. Яны з’явіліся этапам у развіцці рэаліст. кірунку ў амер. кінамастацтве: «Вялікі парад» (1925), «Натоўп» (1928), «Хлеб наш надзённы» (1934), «Цытадэль» (1938, паводле аднайм. рамана А.​Кроніна), «Вайна і мір» (1956; паводле Л.​Талстога; разам з італьян. кінематаграфістамі). Пасля 1959 ставіў кароткаметражныя эксперым. фільмы. Спец. прэмія «Оскар» 1978.

т. 4, с. 140

ВІДАРЫ́С АПТЫ́ЧНЫ,

карціна, якая атрымліваецца ў выніку праходжання прамянёў святла, што ідуць ад аб’екта, праз аптычную сістэму (лінзы, прызмы, люстэркі і інш.) і аднаўляе яго контуры і дэталі. Утвараецца паводле законаў геаметрычнай оптыкі і з’яўляецца асновай зрокавага ўспрымання розных аб’ектаў на сятчатцы вока і іх утварэння на фотаплёнцы, кінаэкране, фотакатодзе і інш.

Адрозніваюць відарыс аптычны сапраўдны і ўяўны. Сапраўдны відарыс аптычны ўтвараецца збежнымі пучкамі прамянёў у пунктах іх перасячэння і можа назірацца візуальна, праектавацца на экран і фатаграфавацца. Калі прамяні, што выходзяць з аптычнай сістэмы, разыходзяцца, то ўяўны відарыс аптычны ўтвараецца ў пунктах перасячэння прадаўжэнняў гэтых прамянёў, што праведзены ў бок, процілеглы іх распаўсюджанню. Уяўны відарыс аптычны немагчыма атрымаць на экране ці сфатаграфаваць, аднак ён можа выконваць ролю аб’екта для інш. аптычнай сістэмы (напр., вока ці збіральнай лінзы), якая пераўтварае яго ў сапраўдны. Наяўнасць аберацый аптычных сістэм прыводзіць да ўтварэння аберацыйных плям, што выклікае афарбоўку відарыса аптычнага і парушае яго геам. падабенства з арыгіналам. У выніку таго, што на аб’ектывах, акулярах, дыяфрагмах і інш. аптычных дэталях адбываецца дыфракцыя святла, відарыс аптычны пункта ў ідэальных (безаберацыйных) сістэмах выглядае як складаная дыфракцыйная карціна, характарыстыкі якой залежаць ад раздзяляльнай здольнасці аптычных сістэм.

Літ.:

Слюсарев Г.Г. Методы расчета оптических систем. 2 изд. Л., 1969;

Марешаль А., Франсон М. Структура оптического изображения: Пер. с фр. М., 1964.

В.​В.​Валяўка.

Утварэнне відарысаў аптычных: а — уяўнага відарыса M′ пункта M у плоскім люстэрку; б уяўнага відарыса M′ пункта M і сапраўднага відарыса N′ пункта N ва ўвагнутым сферычным люстэрку; в — сапраўднага A′B′ і ўяўнага M′N′ відарысаў аб’ектаў AB і MN у збіральнай лінзе; i, j — вуглы падзення, а i′, j′ — вуглы адбіцця прамянёў святла; C — цэнтр сферы; F, F′ — фокусы лінзы.

т. 4, с. 140

ВІДАЎДА́НСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1921, канстытуцыя Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў. Прынята 28 чэрв. ў дзень св. Віда (Vidovdan). Абвясціла каралеўства парламентарнай і спадчыннай манархіяй на чале з сербскім каралём з дынастыі Карагеоргіевічаў. Паводле Відаўданскай канстытуцыі каралю належала выканаўчая і заканадаўчая (разам з 1-палатным парламентам — нар. скупшчынай) улада. Паліт. правы і свабоды (слова, друку, сходаў і інш.) маглі быць адменены каралём. Замацоўвала пануючае становішча ў грамадстве сербскай паліт. эліты. Адменена 6.1.1929 у выніку ўстанаўлення ў краіне ваенна-манархічнага рэжыму.

т. 4, с. 141

ВІДАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс узнікнення новых біял. відаў і змяненне іх з цягам часу. Аснова відаўтварэння — спадчынная зменлівасць арганізмаў і натуральны адбор. Часта віды ўтвараюцца з продкавай формы шляхам яе раздзялення на некалькі новых. Адрозніваюць відаўтварэнне шляхам алапатрыі, сімпатрыі, скачкападобнае (выбуховае), звязанае з адаптыўнай радыяцыяй, і інш. яго формы. Прычыны, механізмы і скорасці відаўтварэння недастаткова высветлены.

Першую тэорыю відаўтварэння распрацаваў Ж.Б.Ламарк (1809). Заснавальнікам матэрыяліст. тэорыі відаўтварэння з’яўляецца Ч.​Дарвін (1859), які распрацаваў канцэпцыю дывергенцыі. Паводле сучаснага эвалюцыйнага вучэння (гл. Эвалюцыі сінтэтычная тэорыя) відаўтварэнне звычайна адбываецца пад кантролем дызруптыўнага адбору (спрыяе захоўванню крайніх фенатыпаў і элімінацыі прамежкавых) і не патрабуе вострай унутрывідавой канкурэнцыі як абавязковай умовы.

т. 4, с. 141

ВІДАШУКА́ЛЬНІК,

прыстасаванне фота- і кіназдымачных апаратаў для навядзення іх на аб’ект і назірання за ім пры здымцы. Дазваляе ўбачыць межы відарысаў аб’ектаў і іх адпаведнасць памерам кадравай рамкі. Бывае рамачны, тэлескапічны і люстраны. Падбіраецца пад аб’ектыў з пэўнай фокуснай адлегласцю.

Калі аптычныя восі відашукальніка і здымачнага аб’ектыва не супадаюць, то ўзнікае паралакс — несупадзенне межаў відарыса, які назіраецца ў відашукальніку і які пераходзіць на фота- або кінаплёнку. Для змяншэння паралаксу ў поле зроку некаторых відашукальнікаў змяшчаюць некалькі прамавугольных рамак, што дазваляе ўвесці папраўку пры здымцы з розных адлегласцей. У люстраных фотаапаратах з адным здымачным аб’ектывам і кінаапаратах з люстраным абтуратарам паралакс адсутнічае. У некаторых фотаапаратах відашукальнік канструктыўна аб’яднаны з аптычным дальнамерам.

Аптычная схема відашукальніка: а — тыпу трубы Кеплера; б, в — люстраных фотаапаратаў; 1 — аб’ектыў; 2 — абарачальная сістэма; 3 — рамка; 4 — акуляр.

т. 4, с. 141