ВІД,

асноўная структурная і класіфікацыйная адзінка ў сістэме жывых арганізмаў, якасны этап іх эвалюцыйнага працэсу. Звычайна пад відам разумеюць сукупнасць папуляцый асобін, здольных да скрыжавання з утварэннем пладавітага патомства, якія насяляюць пэўны арэал, маюць агульныя морфафізіял. прыкметы (колькасць, здольнасць да ўзнаўлення, дыскрэтнасць, устойлівасць, цэласнасць) і тып узаемаадносін з абіятычным і біянічным асяроддзем; адасоблены ад інш. груп асобін нескрыжавальнасцю ў прыродных умовах. Паводле розных адзнак, у т. л. экалагічных і эвалюцыйных, адрозніваюць віды зніклыя, рэліктавыя, дамінантныя, эндэмічныя, шкодныя, сінантропныя і інш.

Паняцце віда ўпершыню ўвёў англ. батанік Дж.Рэй (1704). Шведскі прыродазнавец К.Ліней паказаў універсальнасць і значэнне віда ў якасці структурнай адзінкі жывой прыроды і ўвёў для яго абазначэння двайную лац. назву (бінарную наменклатуру), якая складаецца з назвы роду і відавога эпітэта (напр., Pinus sylvestris хвоя звычайная). Эвалюцыйную канцэпцыю відаў і асновы сучаснага разумення віда і відаўтварэння заклаў Ч.Дарвін (1859). Вял. ўклад у распрацоўку тэорыі відаў зрабілі вучоныя: рус. У.Л.Камароў, М.І.Вавілаў, бел. В.Ф.Купрэвіч, і інш. Апісаных на Зямлі відаў сучасных жывёл, раслін, мікраарганізмаў больш за 2 млн. У сучаснай фауне Беларусі больш за 20 тыс. жывёл, у флоры — каля 3,5 тыс. раслін.

т. 4, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)