ВІЙ,
ва ўсх.-слав. міфалогіі персанаж, чый смертаносны позірк схаваны пад вялізнымі павекамі ці вейкамі. Паводле бел., укр. і рус. казак, павекі, вейкі ці бровы Вія падымалі віламі яго памочнікі. Чалавек, які не вытрымліваў позірку Вія, паміраў. Легенду пра Вія апісаў у аднайм. аповесці М.В.Гогаль.
т. 4, с. 152
ВІ́ЙРА
(Wiera) Аўгуст Петэравіч (28.3.1853, Яама, каля Тарту, Эстонія — 30.3.1919),
эстонскі тэатр. дзеяч, рэжысёр, дырыжор; заснавальнік эст. муз. т-ра. У 1878—1903 кіраўнік эст. тэатр. трупы «Ванемуйне». Пад яго кіраўніцтвам пастаўлены першы муз. спектакль на эст. мове — опера «Прэцыёза» К.М.Вебера (1883). Сярод інш. пастановак: аперэты «Карневільскія званы» Р.Планкета (1885), «Цыганскі барон» І.Штрауса (1889), опера «Іосіф у Егіпце» Э.Мегюля (1899); творы эст. драматургіі — «Вар’яцтва Муру Міку» (1880) і «Адстаўны салдат» (1886) Ю.Кундзера, «Гэтакі мульк» Л.Койдулы (1884), п’есы класікаў, у т. л. Вальтэра, Мальера, У.Шэкспіра і інш.
т. 4, с. 152
ВІ́ЙРАЛЬТ
(Viiralt) Эдуард Антонавіч (20.3.1898, в. Губаніцы Ленінградскай вобл. — 8.1.1964),
эстонскі графік. Вучыўся ў Вышэйшай маст. школе «Палас» у Тарту (1919—24), Дрэздэнскай АМ (1922—23). Жыў і працаваў пераважна ў Парыжы. Пад уплывам экспрэсіянізму ствараў напружана-драм. гратэскавыя гравюры, у якіх адлюстраваны трагічныя гарадскія кантрасты («Кабарэ», 1931, «Прапаведнік», 1932), гармонія чалавека і прыроды («Дзяўчынка-берберка з вярблюдам», 1940, «Ваколіцы Вільяндзі», 1943). Аўтар партрэтаў (мастака К.Раўда, «Эстонская дзяўчына» і інш.).
т. 4, с. 152