ВІР,
рака ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 81 км². Пачынаецца каля в. Савічы, цячэ праз азёры Плавун і Вяхава. У верхнім і сярэднім цячэнні часткова каналізаваная.
т. 4, с. 190
ВІР,
возера ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., у бас. р. Сож, за 4 км на ПнУ ад г. Чачэрск. Пл. 0,2 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 200 м. Поймавае. Усходнія схілы катлавіны пад лесам, зах. пад хмызняком. Праз возера цячэ р. Курынка, якая злучае яго з воз. Вілія, на Пн упадаюць меліярац. каналы.
т. 4, с. 190
ВІР,
водаварот, кругавы лейкападобны рух вады ў паверхневым слоі на асобных участках вадаёмаў або рэк. Узнікае пры зліцці плыняў вады, пры абцяканні выступаў берага або пры рэзкім расшырэнні рэчышча. Можа быць пастаянным або часовым. Марскія віры ўтвараюцца ў месцах сутыкнення прыліўна-адліўных хваль з цячэннямі. Вір — небяспечнае месца; на тэр. Беларусі вада ў віры доўга не замярзае.
т. 4, с. 190
ВІ́РА,
вера, у Стараж. Русі грашовы штраф, што спаганяўся са злачынца на карысць князя за забойства ці цяжкае калецтва вольнага чалавека. Калі злачынцу нельга было знайсці, віру плаціла сельская абшчына (верв), на тэрыторыі якой знойдзена цела (дзікая віра). Спагнанне віры замяніла кроўную помсту. Паводле «Рускай праўды» памер віры 40 грыўняў. За забойства дружынніка ці слугі князя віру плацілі ўдвая большую (80 грыўняў). За цяжкае калецтва (адсячэнне рукі, нагі) ці за забойства нявернай жонкі спаганялася палова віры.
т. 4, с. 190
ВІРА́Ж
(франц. virage),
1) паварот.
2) Фігура пілатажу — поўны разварот лятальнага апарата ў гарыз. плоскасці.
3) Хім. раствор для надання пэўнага колеру чорна-белым фатаграфічным здымкам.
т. 4, с. 190
ВІРАЛЕ́
(франц. virelai ад virer кружыцца),
шасцірадковая страфа, інтанацыйна падзеленая на 2 трохрадкоўі. Першыя 2 радкі трохрадкоўя звязаны парнай рыфмай, 3-і кароткі радок рыфмуецца з 6-м, таксама ўкарочаным.
Узнікла ў старафранц. паэзіі. У бел. паэзіі дакладна вытрымана страфічная будова вірале ў вершы Я.Купалы «З летніх малюнкаў». Вірале называюць таксама 9-радковы верш з рыфмоўкай аБааБааБа.
т. 4, с. 190
ВІРА́САЎ Георгій Пятровіч
(н. 8.7.1940, в. Хлебнікава Маскоўскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі торфу. Д-р тэхн. н. (1992). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Ін-це торфу АН Беларусі. Навук. даследаванні па распрацоўцы тэхналогіі і абсталявання для здабычы і перапрацоўкі торфу і сапрапеляў, вытв-сці комплексных грануляваных угнаенняў на гэтай аснове, аднаўленні заглееных вадаёмаў.
Тв.:
Торф на удобрение. Мн., 1983 (у сааўт.);
Комплексные гранулированные удобрения на основе торфа. Мн., 1988.
т. 4, с. 190
ВІ́РАЎЛЯ,
вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на ПнЗ ад г. Гарадок, 74 км ад Віцебска, 11 км ад чыг. ст. Бычыха. 362 ж., 148 двароў (1996). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў і партызан.
т. 4, с. 190
ВІРГА́ЦЫЯ
(ад лац. virga галінка),
1) у геамарфалогіі разгалінаванне горных хрыбтоў у адным напрамку. Звычайна паўтараецца некалькі разоў (напр., віргацыя Алайскага хр. ў зах. напрамку).
2) У тэктоніцы веерападобнае разыходжанне складак горных парод пры апусканні складкавай зоны і затуханні складкавасці. Назіраецца звычайна на перыферыі складкавых гор, напр. на З Цянь-Шаня. Пры віргацыі складкі разыходзяцца ў адным або процілеглых напрамках, злучаюцца на канцах (міндалепадобна) або збліжаюцца (злучаюцца) у цэнтр. зоне. Адрозніваюць свабодную віргацыю і вымушаную (пры абцяканні перашкоды).
т. 4, с. 190
ВІРГІ́НІЯ,
Вірджынія (Virginia), штат на У ЗША. Уваходзіць у групу Паўднёва-Атлантычных штатаў. Пл. 109,6 тыс. км², нас. 6,49 млн. чал. (1993). Адм. ц. — г. Рычманд, інш. значныя гарады і порты: Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Хэмптан, Віргінія-Біч. На ПнУ у межах штата прыгарадная зона сталіцы ЗША — г. Вашынгтон. Гар. нас. 69,4%. На Ў прыбярэжная забалочаная раўніна. У сушу глыбока ўразаецца Чэсапікскі заліў і эстуарыі рэк. На З невысокія горы Апалачы з хрыбтом Блу-Рыдж (каля 1743 м). У цэнтры — плато Підмант.
Клімат умераны, цёплы і вільготны. Т-ра зімой апускаецца да -9 °C, летам дасягае 38 °C. Гадавая сума ападкаў 800—1200 мм. На схілах гор хваёвыя і мяшаныя лясы. Віргінія — індустрыяльна-аграрны штат. Здабыча вугалю, свінцу, буд. матэрыялаў. Развіта хім. (вытв-сць хім. валокнаў, мінер. угнаенняў і інш.), тытунёвая, тэкст., харч., электронная, цэм., дрэваапр. прам-сць. Буйное ваен. і гандл. суднабудаванне (Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Портсмут). У сельскай гаспадарцы найб. развіта жывёлагадоўля (вытв-сць ялавічыны, малака). Птушкагадоўля. Вырошчваюць тытунь (гал. с.-г. культура), пшаніцу, сою, кукурузу, арахіс, раннюю бульбу, гародніну, яблыкі. Рыбалоўства. На ўзбярэжжы — лоўля вустрыц і крэветак. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны. Развіты турызм.
М.С.Вайтовіч.
т. 4, с. 190