ВІРГІ́НІЯ,

Вірджынія (Virginia), штат на У ЗША. Уваходзіць у групу Паўднёва-Атлантычных штатаў. Пл. 109,6 тыс. км², нас. 6,49 млн. чал. (1993). Адм. ц.г. Рычманд, інш. значныя гарады і порты: Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Хэмптан, Віргінія-Біч. На ПнУ у межах штата прыгарадная зона сталіцы ЗША — г. Вашынгтон. Гар. нас. 69,4%. На Ў прыбярэжная забалочаная раўніна. У сушу глыбока ўразаецца Чэсапікскі заліў і эстуарыі рэк. На З невысокія горы Апалачы з хрыбтом Блу-Рыдж (каля 1743 м). У цэнтры — плато Підмант.

Клімат умераны, цёплы і вільготны. Т-ра зімой апускаецца да -9 °C, летам дасягае 38 °C. Гадавая сума ападкаў 800—1200 мм. На схілах гор хваёвыя і мяшаныя лясы. Віргінія — індустрыяльна-аграрны штат. Здабыча вугалю, свінцу, буд. матэрыялаў. Развіта хім. (вытв-сць хім. валокнаў, мінер. угнаенняў і інш.), тытунёвая, тэкст., харч., электронная, цэм., дрэваапр. прам-сць. Буйное ваен. і гандл. суднабудаванне (Норфалк, Ньюпарт-Ньюс, Портсмут). У сельскай гаспадарцы найб. развіта жывёлагадоўля (вытв-сць ялавічыны, малака). Птушкагадоўля. Вырошчваюць тытунь (гал. с.-г. культура), пшаніцу, сою, кукурузу, арахіс, раннюю бульбу, гародніну, яблыкі. Рыбалоўства. На ўзбярэжжы — лоўля вустрыц і крэветак. Транспарт аўтамаб., марскі, чыгуначны. Развіты турызм.

М.С.Вайтовіч.

т. 4, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)