ВІЯДУ́К
(франц. viaduk ад лац. via дарога + duco вяду),
маставое збудаванне на высокіх апорах пры перасячэнні дарогі з ярамі, цяснінамі, забалочанымі далінамі рэк. Будуецца часам замест высокіх насыпаў, калі іх стварэнне эканамічна або тэхнічна не мэтазгодна. Паступовае нарастанне вышыні апор (часам і памеру пралётаў) адрознівае віядук ад эстакады. Бываюць віядукі каменныя, металічныя, бетонныя, жалезабетонныя, пераважна шматпралётнай арачнай, радзей бэлечнай канструкцыі. Віядукі вядомыя з часоў Стараж. Рыма, дзе іх будавалі па сістэме арак, выкладзеных з буйных каменных блокаў, што надавала ім суровы манум. выгляд (віядукі каля г. Алькантара ў Іспаніі). З канца 19 ст. будуюць пераважна металічныя і жалезабетонныя віядукі. Канструкцыйныя магчымасці новых матэрыялаў і распрацоўка навук. тэорыі мостабудавання далі магчымасць значна зменшыць аб’ём і масу асн. частак збудавання і паўплывалі на ўзнікненне сучасных віядукаў з адкрытымі канструкцыямі (жалезабетонныя віядукі ў г. Нажан на р. Марна, Францыя, віядук Пальчэвера ў Генуі і інш.).
т. 4, с. 243
ВІЯЛАНЧЭ́ЛЬ
(італьян. violoncello памяншальнае ад violone кантрабас),
смычковы музычны інструмент скрыпічнай сям’і баса-тэнаровага рэгістра. Канструкцыя, як у скрыпкі, але віяланчэль большая па памерах. Даўж. корпуса 750—768 мм. Мае 4 струны. Настройка па квінтах: C, G, d, a. Дыяпазон C—a2 і вышэй (у віртуозных творах). Прыёмы ігры тыя ж, што і на скрыпцы, але тэхніка больш абмежаваная. Натуецца ў басовым, тэнаровым і скрыпічным ключах. З’явілася ў канцы 15 — пач. 16 ст. Класічныя ўзоры віяланчэлі створаны ў 17—18 ст. італьян. (А. і Н.Амаці, Дж.Гварнеры, А.Страдывары, К.Бергонцы), пазней франц. (Ж.Б.Вільём), рас. (І.Батаў, Я.Вітачак, Ц.Падгорны, Л.Гаршкоў) і інш. майстрамі. На Беларусі шырока выкарыстоўвалася ў 18 ст. ў прыдворных капэлах Нясвіжа, Слоніма, Гродна. У наш час віяланчэль — сольны, ансамблевы і арк. інструмент.
Літ.:
Гинзбург Л. История виолончельного искусства. Кн. 1—4. М.; Л., 1950—78;
Лазько А. Виолончель. М., 1965.
І.Дз.Назіна.
т. 4, с. 243
ВІЯЛЕ́НТЫ
(ад лац. violent нястрымны),
віды, найб. магутныя па здольнасці ўтвараць згуртаванні або ўкараняцца ў іх. Энергічна развіваюцца, захопліваюць тэрыторыю, утрымліваюць яе за сабой, прыгнечваюць сапернікаў больш моцнай энергіяй жыццядзейнасці і паўнатой выкарыстання рэсурсаў асяроддзя, становяцца дамінантнымі відамі ў згуртаванні (напр., дуб). Паняцце ўвёў сав. вучоны батанік і географ Л.Р.Раменскі (1936).
т. 4, с. 243
ВІЯЛЕ́-ЛЕ-ДЗЮК
(Violett-le-Duk) Эжэн Эмануэль (27.1.1814, Парыж — 17.9.1879),
французскі архітэктар, гісторык і тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў тэорыі і практыкі рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Рэстаўрыраваў шэраг франц. гатычных сабораў і замкаў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, з 1845, разам з Ж.Б.Ласю; умацаванні Каркасона, замак П’ерфон і інш.). У гістарычна-тэарэт. працах імкнуўся выявіць агульныя заканамернасці архітэктуры, своеасаблівасць нац. школ, прыроду сярэдневяковага мастацтва («Тлумачальны слоўнік французскай архітэктуры», т. 1—10, 1854—68; «Гутаркі аб архітэктуры», т. 1—2, 1858—72, рус. пер. 1937—38; «Рускае мастацтва», 1877, рус. пер. 1879).
Літ.:
Pevsner N. Ruskin and Violett-le-Duk... London, 1969.
т. 4, с. 243
ВІЯ́Н
(Vian) Барыс (10.3.1920, г. Віль-д’Аўрэ, Францыя — 23.6.1959),
французскі пісьменнік, музыкант, аўтар і выканаўца песень. Дэбютаваў зб. «Сто санетаў пра каханне» (1941), раманам «Сумятня ў Ардэнах» (1942, выд. 1966). Вылучаюцца раманы «Пена дзён» (1947; аднайм. фантасмагарычная опера Э.Дзянісава, 1963), «Восень у Пекіне» (1947), п’еса «Усеагульная скуралупня» (паст. 1950). Пад псеўданімам Вернон Салівэн апублікаваў свае раманы «Я прыйду плюнуць на вашы магілы» (1946), «Мёртвыя аднаго колеру» (1947), «Знішчыць усіх вырадкаў» (1948), «Яны не разумеюць, што робяць» (1949), выдаўшы іх за пераклады амер. бестселераў. У 1950 пасля суд. разбору «як перакладчык» Віян абвінавачаны ў «зневажанні нораваў». Аўтар раманаў «Чырвоная трава» (1950), «Сэрцадзёр» (1953), зб. вершаў «Я не хацеў бы здохнуць» (1962), п’есы «Падвячорак генералаў» (паст. 1962), лібрэта опер «Снежны кавалер» (1957, муз. Ж.Дэлеру) і «Фіеста» (1958, муз. Д.Міё). Віян распрацаваў прынцыпова новую эстэтыку, якая папярэднічала постмадэрнізму. Пацыфізм і нон-канфармізм Віяна, непрыняцце яго героямі рэлігіі, дзяржавы і працы, геданізм і эскапізм засвоены маладзёжнай контркультурай 1960-х г.
Тв.:
Бел. пер. — Ваўкалак: [Апавяданне] // Французская навела XX ст. Мн., 1992;
Рус. пер. — Мёртвые все одного цвета. М., 1992;
Женщинам не понять. СПб., 1993;
Пена дней. Л., 1994;
Мурашки. М., 1994;
Сердцедер. М., 1994.
Літ.:
Ерофеев В.В. Борис Виан и «мерцаюшая эстетика» // Ерофеев В.В. В лабиринте проклятых вопросов: Эссе. 2 изд. М., 1996.
К.М.Міхееў.
т. 4, с. 243
ВІЯРДО́-ГАРСІ́Я
(Viardot-Garsia) Паліна Мішэль (18.7.1821, Парыж — 17/18.5.1910),
французская спявачка (мецца-сапрана), кампазітар. Дачка і вучаніца ісп. спевака М.Гарсія, сястра М.Малібран. Вучылася ў Ф.Ліста (фп.). У 1839—63 салістка Італьян. оперы ў Парыжы. Выступала на буйнейшых сцэнах Еўропы. Яе творчасць вылучалася віртуознай тэхнікай, глыбокім і экспрэсіўным увасабленнем муз.-сцэн. вобразаў: Сафо («Сафо» Ш.Гуно), Арфей («Арфей і Эўрыдыка» К.Глюка), Разіна, Папялушка, Дэздэмона («Севільскі цырульнік», «Папялушка», «Атэла» Дж.Расіні). Выкладала ў Парыжскай кансерваторыі (1871—75). Сярод яе вучняў Д.Арто. Аўтар камічных опер на лібр. І.С.Тургенева, рамансаў.
Літ.:
Розанов А. Полина Виардо-Гарсиа. 3 изд. Л., 1982.
т. 4, с. 243
ВІЯРЭ́ДЖА
(Viareggio),
прыморскі кліматычны курорт у Італіі. На ПнЗ ад г. Піза на беразе Лігурыйскага м. Вызначаецца субтрапічным міжземнаморскім кліматам, спрыяльным для лячэння многіх хвароб. Паблізу ад Віярэджа — кар’еры белага мармуру, у г. Піза — шматлікія помнікі архітэктуры і мастацтва.
т. 4, с. 243