Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІ́ЛА

(ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

загарадны дом з садам ці паркам. У Стараж. Рыме вілай называлі загараднае памесце для адпачынку і забаў. Маляўніча размешчаныя пабудовы вілы групаваліся вакол адкрытага двара, жылыя памяшканні ўпрыгожвалі мазаікай і размалёўкай. Комплекс вілы іншы раз уключаў будынкі храма, т-ра, каналы, вадаёмы, дэкар. скульптуру (віла імператара Адрыяна ў Тывалі, 2 ст.). У эпоху Адраджэння склаўся тып вілы, які меў восевую кампазіцыю з гал. будынкам у цэнтры, яго лоджыя адкрывалася на тэрасныя сады (віла Мадама, цяпер у Рыме, пачата ў 1517, арх. Рафаэль, А. да Сангала Малодшы, віла «Ратонда» ў Вічэнцы, 1551 — 67, арх. А.Паладыо). Строгія і зграбныя ансамблі віл эпохі Адраджэння змяніла складаная і мудрагелістая кампазіцыя пышных барочных віл. У 19—20 ст. вілай называюць камфартабельны аднасямейны дом з садам ці паркам у прыгарадзе ці курортнай мясцовасці (віла Савой каля Парыжа, 1929—31, арх. Ле Карбюзье; «Дом над вадаспадам» у Пенсільваніі, 1936, арх. Ф.Л.Райт; загарадны дом у Каліфорніі, 1946, арх. Р.Нёйтра і інш.).

т. 4, с. 156

ВІ́ЛА

(Vila),

Порт-Віла, сталіца дзяржавы Вануату, на ПдЗ в-ва Эфатэ. 19,3 тыс. ж. (1989). Порт на Ціхім ак. (вываз копры, какавы, кавы). Міжнар. аэрапорт. Перапрацоўка мяса і рыбы. Міжнар. фінансавы цэнтр (нізкія падаткі).

т. 4, с. 156

ВІЛАЕ́Т,

вілаят, адм.-тэр. адзінка ў некаторых краінах Паўн. Афрыкі, Б. і Сярэдняга Усходу (Алжыр, Туніс, Афганістан і інш.).

т. 4, с. 157

ВІ́ЛАНД

(Wieland) Генрых (4.6.1877, г. Пфорцгайм, Германія — 5.8.1957),

нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Д-р філасофіі (1901), праф. (1909). Замежны чл.-кар. АН СССР (1929). Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах, Вышэйшай тэхн. школе ў Штутгарце. У 1899—1917 і 1925—52 у Мюнхенскім ун-це, у 1917—18 у Ін-це хіміі ў Берліне, у 1921—25 у Фрэйбургскім ун-це. Навук. працы па хіміі гармонаў, стэроідаў, алкалоідаў, жоўцевых кіслот і інш. Прапанаваў тэорыю дэгідрыравання, што растлумачыла механізм акісляльных рэакцый, у т. л. працэс біял. акіслення. Нобелеўская прэмія 1927.

т. 4, с. 157

ВІ́ЛАНД

(Wieland) Крыштаф Марцін (5.9.1733, Обергольцгайм, каля г. Біберах-ан-дэр-Рыс, Германія — 20.1.1813),

нямецкі пісьменнік-асветнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім ун-це. Яго раннія творы пазначаны піетызмам і рэліг. роздумам (паэма «Выпрабаванне Аўраама», 1753, і інш.). З 1760-х г. у творчасці ўзмацняюцца сатыр. і вальнадумныя матывы. Раман «Перамога прыроды над летуценнасцю, або Прыгоды дона Сільвіо з Разальвы» (1764) — ням. аналаг «Дон Кіхота» М.Сервантэса. Аўтар сатыр.-дыдактычнага рамана «Залатое люстэрка...» (т. 1—4, 1772), антыклерыкальнага «Агафадэман» (1796—97), вершаваных «Камічных навел» (1765), серыі дыялогаў «Новыя гутаркі багоў» (1789—93; наследаванне Лукіяну). «Гісторыя Агатона» (1766—67) — адзін з першых ням. «раманаў выхавання». Вяршыня сатыры — раман «Гісторыя абдэрытаў» (т. 1—2, 1774), у якім горад-дзяржава Абдэра паўстае як сімвал тыраніі, глупства і мяшчанства. Другі бок творчасці Віланда — паэмы на сюжэты з еўрап. і ўсх. казак, куртуазных раманаў у стылі ракако: «Ідрыс і Зеніда» (1768), «Зімовая казка» (1776) і інш. Яго фантастычная паэма «Аберон» (1780) — адзін з найлепшых паэт. твораў 18 ст. Віланд садзейнічаў папулярнасці жанру нар. і літ. казкі (зб-кі «Апавяданні і казкі», 1776—80; «Джыністан...», 1786—89). Пераклаў на ням. мову поўныя зборы твораў У.Шэкспіра (т. 1—8, 1762—66) і Лукіяна (1788—89).

Тв.:

Рус. пер. — История абдеритов. М., 1978.

Літ.:

Пуришев Б.И. Виланд // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Вебер П. Х.М.Виланд и «воспитательный роман» // Исторня немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1985. Т. 1.

Г.В.Сініла.

т. 4, с. 157

ВІЛАНЕ́ЛА,

віланель (італьян. villanella ад лац. villanus сялянскі, вясковы), лірычны верш цвёрдай страфічнай будовы. Бярэ вытокі ў сярэдневяковай італьян. і франц. песеннай паэзіі. Складаецца з шасці 3-радковых строф, сярэднія радкі якіх рыфмуюцца паміж сабою. Пачатковы і заключны радкі 1-й страфы, звязаныя кальцавой рыфмай, папераменна паўтараюцца ва ўсіх астатніх тэрцэтах. Завяршае віланелу радок 1-й страфы. У бел. паэзіі гэту страфічную форму выкарыстаў С.Панізнік у вершы «Дзень развітання».

А.А.Майсейчык.

т. 4, с. 157

ВІЛАНО́ВА

(Villanova),

культура ранняга жал. веку, плямёны якой у 9—5 ст. да н.э. насялялі Паўн. Італію. Назва ад паселішча Віланова каля Балонні, дзе выяўлены характэрныя для культуры віланова пахаванні з трупаспаленнем. Насельніцтва жыло ў буйных паселішчах, якія былі рамеснымі цэнтрамі вырабу бронзавых рэчаў. Плямёны знаходзіліся на заключнай стадыі распаду родаплемяннога ладу, мелі больш выразную, чым у бронзавым веку, маёмасную дыферэнцыяцыю, патрыярхальнае рабства. Носьбіты культуры віланова, магчыма, умбры, у 7—6 ст. да н.э. заваяваны этрускамі.

т. 4, с. 157

ВІЛА́НЫ

(позналац. vilani ад лац. villa сядзіба, маёнтак),

розныя катэгорыі феад.-залежнага сялянства ў краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі. 1) У Францыі, Германіі, Італіі віланы былі ў параўнальна лепшым юрыд. і маёмасным становішчы, чым інш. катэгорыі сялянства (адсутнасць спадчынных асабістых павіннасцей, большая свабода ў адчужэнні надзелаў, больш шырокія магчымасці перасялення і інш.). Катэгорыя віланаў склалася тут у 9—10 ст. У 13—15 ст. тэрмін «віланы» стаў ужывацца таксама для абазначэння ўсяго сялянства.

2) У Англіі віланы — катэгорыя сялян, якія знаходзіліся ў адной з самых жорсткіх формаў феад. залежнасці (павіннасці «паводле волі лорда», цяжкая паншчына, строгае абмежаванне права пакідаць надзел і інш.). Юрыд. афармленне ін-та віланства завяршылася тут да сярэдзіны 12 ст. У 15—16 ст. віланства паступова ператварылася ў капігольд і як катэгорыя феад. залежнасці віланы ў Англіі зніклі.

т. 4, с. 157

ВІЛА́Р

(Vilar) Жан (25.3.1912, г. Сет, Францыя — 28.5.1971),

французскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Вучань Ш.Дзюлена. З 1932 працаваў у розных парыжскіх т-рах. Ініцыятар і кіраўнік фестываляў драм. мастацтва ў Авіньёне. У 1951—63 дырэктар, акцёр і рэжысёр Нац. нар. т-ра (Парыж). Ставіў пераважна класічныя творы сусв. драматургіі. Асветніцкі па накіраванасці, разлічаны на шырокага дэмакр. гледача т-р Вілара спалучаў традыцыі стараж. вулічнага т-ра з наватарскімі плынямі 20 ст. Сярод пастановак: «Рычард II» У.Шэкспіра (1947, і гал. роля), «Сід» П.Карнеля, «Дон Жуан» Мальера (1954, і гал. роля), «Федра» Ж.Расіна (1957), «Кар’ера Артура Уі» Б.Брэхта (1960, і гал. роля), «Справа Опенгеймера» (1965, і аўтар п’есы). Яго творчасць значна паўплывала на сцэн. мастацтва Францыі і інш. краін.

т. 4, с. 157

ВІЛАХВО́СТКІ,

насякомыя, гл. Двуххвосткі.

т. 4, с. 157