ВІ́ЛАНД

(Wieland) Крыштаф Марцін (5.9.1733, Обергольцгайм, каля г. Біберах-ан-дэр-Рыс, Германія — 20.1.1813),

нямецкі пісьменнік-асветнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім ун-це. Яго раннія творы пазначаны піетызмам і рэліг. роздумам (паэма «Выпрабаванне Аўраама», 1753, і інш.). З 1760-х г. у творчасці ўзмацняюцца сатыр. і вальнадумныя матывы. Раман «Перамога прыроды над летуценнасцю, або Прыгоды дона Сільвіо з Разальвы» (1764) — ням. аналаг «Дон Кіхота» М.Сервантэса. Аўтар сатыр.-дыдактычнага рамана «Залатое люстэрка...» (т. 1—4, 1772), антыклерыкальнага «Агафадэман» (1796—97), вершаваных «Камічных навел» (1765), серыі дыялогаў «Новыя гутаркі багоў» (1789—93; наследаванне Лукіяну). «Гісторыя Агатона» (1766—67) — адзін з першых ням. «раманаў выхавання». Вяршыня сатыры — раман «Гісторыя абдэрытаў» (т. 1—2, 1774), у якім горад-дзяржава Абдэра паўстае як сімвал тыраніі, глупства і мяшчанства. Другі бок творчасці Віланда — паэмы на сюжэты з еўрап. і ўсх. казак, куртуазных раманаў у стылі ракако: «Ідрыс і Зеніда» (1768), «Зімовая казка» (1776) і інш. Яго фантастычная паэма «Аберон» (1780) — адзін з найлепшых паэт. твораў 18 ст. Віланд садзейнічаў папулярнасці жанру нар. і літ. казкі (зб-кі «Апавяданні і казкі», 1776—80; «Джыністан...», 1786—89). Пераклаў на ням. мову поўныя зборы твораў У.Шэкспіра (т. 1—8, 1762—66) і Лукіяна (1788—89).

Тв.:

Рус. пер. — История абдеритов. М., 1978.

Літ.:

Пуришев Б.И. Виланд // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Вебер П. Х.М.Виланд и «воспитательный роман» // Исторня немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1985. Т. 1.

Г.В.Сініла.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)