ВІЕ́ЙРА
(Vieira) Жуан Бернарду (н. 27.4.1939, Бісау),
дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Гвінеі-Бісау. Дывізійны генерал (1983). З 1960 чл. Афр. партыі незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК). З 1964 камандуючы Паўд. фронтам, з 1965 нам. старшыні Ваен. савета ПАІГК. У 1973—78 старшыня Нац. нар. сходу Гвінеі-Бісау і дзярж. камісар узбр. сіл. З 1978 кіраўнік урада, адначасова ў 1982—84 міністр Нар. рэв. сіл, міністр нац. бяспекі і грамадскага парадку. Пасля ваен. перавароту 14.11.1980 узначаліў Рэв. савет. З 1981 ген. сакратар ЦК ПАІГК. З 1984 старшыня Дзярж. савета (кіраўнік дзяржавы і ўрада). З 1994 прэзідэнт Гвінеі-Бісау.
т. 4, с. 144
ВІ́ЕР Гаўрыла Сямёнавіч
(6.4.1890, в. Пуцунтэй Аргееўскага р-на, Малдова — 7.3.1964),
бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.
Г.М.Ярмоленка.
т. 4, с. 144
ВІЕ́РУ
(Vieru) Анатал (н. 8.6.1926, г. Ясы, Румынія),
румынскі кампазітар. Д-р музыказнаўства (1978). Вучыўся ў Бухарэсцкай (1946—51) і Маскоўскай (1951—54, клас А.Хачатурана) кансерваторыях. Адзін з вядучых рум. кампазітараў. Сярод твораў: оперы «Іона» (1976), «Свята жабракоў» (1978), 3 камічныя мікраоперы паводле твораў І.Л.Караджале (1983); араторыя «Міярыца» (1957), паэма-кантата «Дрозд Іліе Пінтыліе» (1948), кантата для барытона, аргана, віяланчэлі і кантрабаса «Опус 91» (1983); 5 сімфоній (1967—85); п’есы «Клепсідра-І» і «Клепсідра-II» (1968, 1970) для аркестра, канцэрты для аркестра (1955), для розных інструментаў з аркестрам (1963—85), камерна-інстр. ансамблі, сюіта для 2 хароў а капэла «Начныя сцэны» (1963) і інш. Дзярж. прэмія Румыніі 1949.
т. 4, с. 144
ВІЕ́РУ
(Vieru) Грыгорэ Паўлавіч (н. 14.2.1935, с. Перэрыта Брычанскага р-на, Малдова),
малдаўскі паэт. Скончыў Кішынёўскі пед. ін-т (1958). Друкуецца з 1954. Асн. матывы творчасці — любоў да жыцця, бацькоўскай зямлі, працы (зб-кі «Вершы», 1965; «Імя тваё», 1968; «Блізкае», 1974; «Пра каханне», 1975; «Ліст зялёны», 1982, і інш.). Лірыка Віеру адметная непасрэднасцю пачуццяў, высокім майстэрствам. Піша для дзяцей. На бел. мову творы Віеру перакладалі Т.Бондар, Г.Бураўкін, А.Грачанікаў, В.Зуёнак, Е.Лось, Ю.Свірка, К.Цвірка, Я.Янішчыц і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Імя тваё: Лірыка. Мн., 1986.
т. 4, с. 144
ВІЕ́Т,
В’ет (Viète) Франсуа (1540, г. Фантэнэ-ле-Конт, Францыя — 13.12.1603), французскі матэматык, адзін са стваральнікаў элементарнай алгебры. Атрымаў адукацыю юрыста. Увёў літарныя абазначэнні для невядомых велічынь і каэфіцыентаў ураўненняў, у выніку чаго ўпершыню стала магчымым выражэнне ўласцівасцей ураўненняў і іх каранёў агульнымі формуламі. Распрацаваў аднолькавы прыём рашэння ўраўненняў 2, 3 і 4-й ступеняў. Устанавіў залежнасць паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўненняў (формулы Віета). Вызначыў першы дакладны выраз для π у выглядзе бясконцага здабытку. У 1579 выдаў «Матэматычны канон» з табліцамі трыганаметрычных функцый.
Літ.:
История математики. Т. 1. М., 1970.
т. 4, с. 145