ВІСКО́ЗА

(ад позналац. viskosus вязкі),

канцэнтраваны раствор ксантагенату цэлюлозы ў разбаўленым водным растворы гідраксіду натрыю. Вязкая празрыстая вадкасць аранжавага колеру, састаў якой (% па масе): 6,5—9% ксантагенату цэлюлозы, 6,5—7,5% гідраксіду натрыю NaOH, вада і невял. колькасць (0,01—0,02%) прымесей. Атрымліваюць віскозу з драўніннай цэлюлозы. Асн. стадыі вытв-сці: апрацоўка цэлюлозы 18—20%-ным растворам NaOH (мерсерызацыя) і ўзаемадзеянне шчолачнай цэлюлозы з серавугляродам CS2 (атрыманне ксантагенату). Выкарыстоўваюць у вытв-сці віскознага валакна, плёнкі (цэлафан), штучнай скуры (кірза).

Літ.:

Роговин З.А., Гальбрайх Л.С. Химические превращения и модификация целлюлозы. 2 изд. М., 1979.

М.Р.Пракапчук.

т. 4, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)