Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЮ́ХНЕР

(Büchner) Георг (17.10.1813, Годэлаў, каля г. Рыдштат, Германія — 19.2.1837),

нямецкі пісьменнік і паліт. дзеяч. Брат Л.Бюхнера. Вучыўся ў Страсбурскім і Гісенскім (1831—34) ун-тах. У 1834 стварыў тайную арг-цыю «Таварыства правоў чалавека», выпусціў брашуру-пракламацыю «Пасланне гесенскім сялянам», але быў вымушаны пераехаць у Швейцарыю. Яго маст. творы нясуць адбітак рэв. і дэмакр. настрояў. У цэнтры драмы «Смерць Дантона» (1835) супярэчнасці франц. рэвалюцыі. Традыцыі У.Шэкспіра, К.Гоцы, ням. рамантыкаў відавочныя ў камедыі «Леонс і Лена» (нап. 1836) — сатыры на двары дробных ням. князькоў. У драме «Войцэк» (1836, не скончана, выд. 1879; опера А.Берга «Воцэк», 1925), адлюстраваў духоўнае і фізічнае разбурэнне асобы. Навела «Ленц» (выд. 1839, не скончана) пра ўдзельнікаў руху «Бура і націск» Я.Ленца.

Тв/: Рус. пер. — Сочинения. М.; Л., 1935; Пьесы; Проза; Письма. М., 1972.

Літ.:

Верховский Н.П. Бюхнер // История немецкой литературы. М., 1966. Т. 3;

Тураева Э.Я. Драматургия Г.Бюхнера и ее сценическое воплощение. М., 1952;

Бётхер К. Немецкая литература между 1830 и 1895 гг.: Пер. с нем. // История немецкой литературы. М., 1986. Т. 2.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 390

БЮ́ХНЕР

(Büchner) Людвіг (29.1.1824, г. Дармштат, Германія — 1.5.1899),

нямецкі ўрач і філосаф, прыродазнавец, прадстаўнік вульгарнага матэрыялізму. З 1843 вывучаў медыцыну ў Гесене, Страсбуры, Вюрцбургу, Вене. У філасофіі Бюхнера зыходным было паняцце матэрыі, якая тоесная рэчыву і валодае шэрагам уласцівасцей. Свядомасць, на думку Бюхнера, — люстэркавае (пасіўнае) адлюстраванне рэчаіснасці і з’яўляецца прадуктам высокаарганізаванай матэрыі — мозга; да сукупнасці функцый мозга зводзіў усе духоўныя з’явы. Адмаўляў дыялектыку і сац. прыроду чалавека, падзяляў ідэі т.зв. сацыяльнага дарвінізму, адначасова абгрунтоўваў наяўнасць у жывёл грамадскай арг-цыі.

Тв.:

Рус. пер. — Природа и наука. Киев, 1881;

Психическая жизнь животных. СПб., 1902;

Сила и материя. СПб., 1907;

Дарвинизм и социализм. СПб., 1907.

т. 3, с. 390