Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London;

New York, 1947;

Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;

Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

БЮ́РГЕР ((Bürger) Готфрыд Аўгуст) (31.12.1747, Мольмерсвендэ, каля г. Гарцгеродэ, Германія — 8.6.1794),

нямецкі паэт. Прадстаўнік руху «Бура і націск», блізкі да «гётынгенскай садружнасці паэтаў». Родапачынальнік ням. і еўрап. літ. балады. Прыхільнік нац. самабытнага мастацтва, адзін з першых увёў нар. песенны лад у ням. паэзію. Лепшыя балады Бюргера напісаны ў 1773—75: «Граф-разбойнік», «Сон беднай Зусхен», «Дзікі паляўнічы», «Ленора». Вяршыня паліт. лірыкі — верш «Селянін — свайму найсвятлейшаму тырану». Бюргеру належыць адна з апрацовак паданняў пра барона Мюнхгаўзена (1786). Аўтар эсэ «Аб распаўсюджанасці паэзіі ў народзе» (1777—78), эпіграм.

Тв.:

Рус. пер. — Ленора // Зарубежная поэзия в переводах В.​А.​Жуковского. М., 1985. Т. 2;

Удивительные путешествия на суше и на море, военные походы и веселые приключения барона фон Мюнхгаузена... М., 1985.

Літ.:

Лозинская Л.Я. Бюргер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 389

БЮ́РГЕРСКІЯ ШКО́ЛЫ (ад ням. Bürger гараджанін),

павышаныя пач. вучылішчы ў гарадах Германіі ў 17—18 ст. У іх дзеці рамеснікаў, гандляроў і інш. набывалі павышаную пач. адукацыю і рэальныя веды (ням. мова, матэматыка, пачаткі геаграфіі і прыродазнаўства, некаторыя прыкладныя веды). Стварэнне бюргерскіх школ давала магчымасць дваранству захаваць сярэднія школы (гімназіі) толькі для свайго саслоўя. У 19 ст. бюргерскія школы пераўтвораны ў вышэйшыя пач. з 4-гадовым курсам навучання або 6-гадовыя рэальныя вучылішчы.

т. 3, с. 390

БЮ́РГЕРСТВА, бюргеры,

у шырокім сэнсе ўсе жыхары зах.-еўрап. сярэдневяковага горада, у вузкім — сярэдні слой гар. насельніцтва, пераважна рамеснікі і гандляры. Сфарміравалася ў 11—13 ст. у працэсе барацьбы з феадаламі-сеньёрамі за гар. зямлю і вызваленне ад феад. залежнасці.

т. 3, с. 390

БЮРО́ (франц. burean),

1) калегіяльны орган, які выбіраецца або ствараецца для вядзення пэўнай, пераважна распарадчай, кіруючай работы ў якой-н. арг-цыі, т-ве, установе.

2) Назва некаторых устаноў, арг-цый, кантор (напр., даведачнае бюро, канструктарскае бюро).

3) Пісьмовы стол з шуфлядамі і інш. аддзяленнямі.

т. 3, с. 390

БЮРО́ ДАПАМО́ГІ КАМПА́РТЫІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ пры ЦК КП(б)Б, называлася таксама «закардоннае бюро». Дзейнічала з ліп. 1924 да 21.2.1925 у Мінску. Створана пры садзейнічанні прадстаўніцтва ЦК КПРП пры Выканкоме Камінтэрна для арганізацыі дапамогі КПЗБ. У розны час у яго ўваходзілі Я.​А.​Адамовіч, А.​М.​Асаткін-Уладзімірскі, У.​М.​Ігнатоўскі, А.​І.​Крыніцкі, І.​К.​Лагіновіч (П.​Корчык), А.​С.​Славінскі, А.​Р.​Чарвякоў. Вяло перапіску па пытаннях паліт. і арганізац. характару з ЦК КПЗБ, які знаходзіўся ў падполлі, аказвала дапамогу ў выданні падп. л-ры, рабоце друкарняў, фінансавала яго культ.-асв. дзейнасць, рыхтавала кадры для падп. работы ў Зах. Беларусі і інш. Скасавана паводле рашэння Бюро ЦК КП(б)Б.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 3, с. 390

БЮРО́ НАДВО́Р’Я, бюро прагнозаў,

у складзе гідраметэаралагічнай службы Беларусі. Забяспечвае насельніцтва і розныя галіны гаспадаркі прагнозамі надвор’я, гідралагічнымі прагнозамі аб чаканым рэжыме рэк, азёр і вадасховішчаў, інфармацыяй аб сучасных і мінулых гідраметэаралагічных умовах, а таксама спец. і штармавымі папярэджаннямі аб надыходзе небяспечных з’яў: навальніц, замаразкаў, галалёду, бур, мяцеліц і інш.

т. 3, с. 390

БЮРО́ ЦК КПЗБ,

цэнтральны кіруючы орган Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі ў 1929—38. Створана паводле рашэння Першага з’езда КПЗБ. Выбіралася на пленумах ЦК КПЗБ, складалася з 3—5 членаў. Падпарадкоўвалася Палітбюро ЦК КПП. Знаходзілася пераважна па-за межамі Польшчы (у Гданьску, Берліне, Капенгагене, Мінску). Кіравала Краявым сакратарыятам ЦК КПЗБ, Прадстаўніцтвам ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, Мінскай школай КПЗБ, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі, займалася агульнапаліт., арганізац., бягучымі і інш. пытаннямі. У розны час членамі Бюро ЦК КПЗБ былі А.​А.​Альшэўскі, М.​С.​Арэхва, М.​А.​Блінчыкаў, Ю.​Брун, С.​І.​Будзінскі, Р.​Д.​Вольф, А.​У.​Канчэўскі, П.​Корчык (І.​К.​Лагіновіч), С.​А.​Мертэнс, С.​Т.​Мілер, А.​М.​Розеншайн, А.​С.​Славінскі, Е.​І.​Шоламаў і інш. Спыніла дзейнасць у сувязі з неабгрунтаваным роспускам КПП, КПЗБ і КПЗУ.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 3, с. 390