БЮ́ЛАЎ
(Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон (3.5.1849, г. Гамбург, Германія — 28.10.1929),
германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў час Баснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).
т. 3, с. 388
БЮ́ЛАЎ
(Bülow) Ганс Гвіда фон (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),
нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.Ліста (фп.) і М.Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.
т. 3, с. 388
БЮЛЕТЭ́НЬ
(франц. bulletin ад італьян. bulletino запіска, лісток),
1) збор афіц. актаў, распараджэнняў і інш. 2) Кароткае інфарм. паведамленне.
3) Перыяд. выданне ці выданне, якое працягваецца. Змяшчае афіц. матэрыялы, артыкулы на тэмы, што ўваходзяць у кампетэнцыю арг-цыі, якая выдае бюлетэнь.
4) Выбарчы бюлетэнь — дакумент для галасавання з прозвішчамі кандыдатаў.
т. 3, с. 389
«БЮЛЕТЭ́НЬ ПАСО́ЛЬСКАГА КЛУ́БА БЕЛАРУ́СКАЙ СЯЛЯ́НСКА-РАБО́ТНІЦКАЙ ГРАМАДЫ́» , орган левага крыла бел. парламенцкай фракцыі ў сейме Польшчы. Выдаваўся з 11.7.1925 да 4.12.1926 у Вільні на бел. мове. Друкаваў прамовы грамадаўскіх дэпутатаў у сейме, іх інтэрпеляцыі (запытанні), звароты да польскага ўрада і кіраўнікоў міністэрстваў. У інтэрпеляцыях (у 1927 выйшлі ў Мінску асобным выданнем на бел. і рус. мовах) і інш. дакументах выкрываліся факты грубага парушэння мясц. польск. адміністрацыяй канстытуцыі дзяржавы і падпісаных Польшчай міжнар. трактатаў, беспадстаўныя арышты і збіванне палітзняволеных, абкладанне сялян Зах. Беларусі непамернымі падаткамі, рэпрэсіі супраць бел. перыядычнага друку і інш. Вядома 16 нумароў, з іх 3 канфіскаваны.
А.С.Ліс.
т. 3, с. 389
«БЮЛЕТЭ́НЬ ЦК КПЗБ» , нелегальная газета, орган ЦК КПЗБ для ўнутрыпарт. інфармацыі. Выдавалася з 20.1.1927 да 1936 на бел., рус., яўр. і польск. мовах звычайна 1 раз у месяц. Друкавала найб. важныя пастановы і рашэнні ЦК КПЗБ, інструктыўныя матэрыялы па пытаннях агітацыі, прапаганды і парт. будаўніцтва, тэзісы для дакладаў на сходах парт. ячэек, асвятляла дзейнасць ЦК, яго аддзелаў і мясцовых парт. Арг-цый.
т. 3, с. 389
«БЮЛЛЕТЕ́НЬ ВОЕ́ННО-РЕВОЛЮЦИО́ННОГО КОМИТЕ́ТА ЗА́ПАДНОГО ФРО́НТА» , штодзённая газета бальшавіцкага кірунку. Выдавалася з 27.10(9.11) да канца ліст. 1917 у Мінску на рус. мове. Друкавала загады і распараджэнні Ваенна-рэв. камітэта. Засяроджвала салдат на неабходнасці барацьбы з рэакц. генералітэтам у Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Пісала пра ход барацьбы за ўладу з к-тамі выратавання рэвалюцыі, антыбальшавіцкай прэсай і інш.
т. 3, с. 389
«БЮЛЛЕТЕ́НЬ НОРМАТИ́ВНО-ПРАВОВО́Й ИНФОРМА́ЦИИ» , штомесячнае перыядычнае выданне. Выходзіць з ліпеня 1991 у Мінску на рус. мове. Друкуе нарматыўныя акты мін-ваў і ведамстваў, якія праходзяць рэгістрацыю ў Мін-ве юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
т. 3, с. 389
«БЮЛЛЕТЕ́НЬ «СЯЛЯ́НСКАЙ ГАЗЕ́ТЫ»,
орган Вілейскага падпольнага абкома КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выдаваўся ў паўн. раёнах вобласці, куды даставіць «Сялянскую газету» было складана. Вядома 29 нумароў за 6.1 — 28.91943 на рус. мове (асобныя нумары на бел. і рус. мовах).
т. 3, с. 389
БЮЛЬ-БЮЛЬ,
азербайджанскія музыканты, бацька і сын.
Бацька (сапр. прозвішча і імя Мамедаў Муртуза Мешады Рза аглы, 12.6.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 26.9 1961), спявак (лірыка-драм. тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1938). Адзін з заснавальнікаў азерб. прафес. вак. школы і муз. т-ра. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1927), выкладаў у ёй (праф. з 1940). Удасканальваў майстэрства ў Італіі (1927—31). З 1920 у Азерб. т-ры оперы і балета. Сярод партый: Кёр-аглы, Керэм («Кёр-аглы», «Аслі і Керэм» У.Гаджыбекава), Альяр («Нэргіз» А.М.М.Магамаева), Нізамі («Нізамі» А.Бадалбейлі), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні). Запісаў больш як 200 азерб. нар. песень (выдаў 3 зборнікі). Выконваў мугамы, нар. песні. Дзярж. прэмія СССР 1950.
Палад аглы (н. 4.2.1945, г. Баку), кампазітар, эстрадны спявак. Засл. дз. маст. (1973) і нар. арт. (1982) Азербайджана. Скончыў Бакінскую кансерваторыю (1968, клас К.Караева). З 1975 маст. кіраўнік Эстраднага ансамбля Азербайджана, з 1987 маст. кіраўнік—дырэктар Азерб. філармоніі. Міністр культуры Азербайджана (1988). Выканаўца песень, у т. л. ўласных, у якіх спалучае асаблівасці нац. азерб. музыкі з характэрнымі рытмамі сучаснай эстрады. Аўтар сімфоніі (1980), сімф. паэм, струннага квартэта, вак. цыклаў, сюіт і п’ес для эстр. аркестра, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Здымаўся ў кіно.
Літ.:
Заболотских Б. Соловей из Шуши: Жизнь и творчество нар. арт. СССР Бюль-Бюля. М., 1987.
т. 3, с. 389