ВАСІ́ЛЬ ПАЛАЧА́НІН,
полацкі баярын 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1146, калі разам з інш. баярамі браў удзел у міжусобных сварках паўд.-рускіх князёў. Гэта ўпамінанне сведчыць, што радаслоўная баярскіх родаў у Полацку бярэ пачатак з 12 ст.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬ I Дзмітрыевіч
(30.12.1371, Масква — 27.2.1425),
вялікі князь маскоўскі [1389—1425]. Старэйшы сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Жанаты з Соф’яй, дачкой вял. князя літ. Вітаўта. Да Маскоўскага княства далучыў у 1392 Суздальска-Ніжагародскае і Мурамскае княствы, у 1397—98 — Волак Ламскі, Бежацкі Верх, Волагду, Вялікі Усцюг і землі комі. Для барацьбы з татарамі заключыў з ВКЛ саюз (1392), які распаўся ў сувязі з захопам Вітаўтам у 1403—04 Смаленска і Вязьмы.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬ II Васілевіч Цёмны
(10.3.1415—27.3.1462),
вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля І Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.
т. 4, с. 26
ВАСІ́ЛЬ III Іванавіч
(25.2.1479, Масква — 4.12.1533),
вялікі князь маскоўскі [1505—33]. Сын Івана III і Соф’і Палеалог. Завяршыў аб’яднанне рус. зямель вакол Масквы. Пасля смерці вял. князя літ. Аляксандра (1506), які быў жанаты з сятрою Васіля III Аленай, дамагаўся, каб яго выбралі вял. князем у ВКЛ. У 1507—08 і 1512—22 ваяваў з ВКЛ. 1.8.1514 з дапамогай М.Глінскага ўзяў Смаленск, але 8 вер. ў Аршанскай бітве 1514 маск. войска было разбіта. Мірныя перагаворы 1517 не далі вынікаў, бо Васіль III патрабаваў далучэння да Маскоўскага княства Кіева, Віцебска, Полацка і інш. Паводле перамір’я 1522 Смаленск застаўся за Масквою.
т. 4, с. 26
ВАСІЛЯ́ БЛАЖЭ́ННАГА ХРАМ,
Пакроўскі сабор, што на Рове, помнік рускай архітэктуры. Пабудаваны ў 1555—60 у Маскве на Краснай плошчы дойлідамі Бармам і Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, адна і тая ж асоба) у гонар перамогі над Казанскім ханствам. Уключае 8 стоўпападобных цэркваў, згрупаваных вакол цэнтр. шатровага слупа і аб’яднаных агульным падмуркам і ўнутр. пераходамі. Вылучаецца маляўнічасцю і разнастайнасцю арх. формаў, багаццем і прыгажосцю дэкар. элементаў. У 1588 да сабора прыбудаваны прыдзел Васіля Блажэннага, у 1670-я г. ўзведзена шатровая званіца. Да канца 17 ст. храм — самая высокая пабудова ў Маскве (выш. больш за 60 м). Неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся.
Літ.:
Ильин М.А. Русское шатровое зодчество: Памятники середины XVI в. М., 1980. С. 63—74;
Памятники архитектуры Москвы: Кремль. Китай-город. Центральные площади. М., 1983. С. 395—403.
Г.А.Лаўрэцкі.
т. 4, с. 30
ВА́СІН Уладзімір Паўлавіч
(н. 8.9.1923, в. Башкатава Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1972), праф. (1973). Скончыў Ваенна-паліт. акадэмію (1952). З 1955 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ Ленінграда, Масквы, Румыніі. З 1959 у Мінскім вышэйшым інж. радыётэхн. вучылішчы, з 1968 у БДУ, у 1977—93 у Бел. аграрным тэхн. ун-це. Асн. кірунак навук. дзейнасці — праблемы мілітарызму і мілітарызацыі эканомікі.
т. 4, с. 30
ВАСІЯ́Н ПАТРЫКЕ́ЕЎ Касы
(свецкае імя кн. Патрыкееў Васіль Іванавіч, каля 1470 — пасля 1531),
расійскі царк. і паліт. дзеяч, публіцыст. Прамы нашчадак Гедзіміна (па бацьку) і Васіля І Дзмітрыевіча (па маці). Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1492—94, перагавораў аб міры. У рус.-швед. вайну 1495—99 ваявода, узначальваў паход на Выбарг (1496). За ўдзел у дынастычнай барацьбе на баку Дзмітрыя (унука Івана III) сасланы вял. кн. Васілём III Іванавічам у Кірыла-Белазерскі манастыр і прымусова пастрыжаны ў манахі (1499). Пасля смерці Ніла Сорскага (1508) кіраўнік несцяжацеляў. Вернуты са ссылкі каля 1509. Саветнік Васіля III. На царк. саборы 1531 асуджаны і абвінавачаны ў ерасі. Сасланы ў Іосіфа-Валакаламскі манастыр, дзе і памёр. Аўтар 5 твораў («Збор нейкага старца», «Адказ кіраўскіх старцаў» і інш.), у якіх выступаў супраць манастырскага землеўладання, за дараванне віны ерэтыкам, што пакаяліся, і інш.
Літ.:
Казакова Н.А. Вассиан Патрикеев и его сочинения. М.; Л., 1960.
У.Я.Калаткоў.
т. 4, с. 30
ВАСКАБО́ЕЎ Аляксандр Іванавіч
(н. 30.9.1944, в. Шашкі Смаленскай вобл., Расія),
бел. вучоны-біяхімік. Д-р біял. н. (1983), праф. (1986). Скончыў БДУ (1968). З 1972 у Ін-це біяхіміі АН Беларусі, з 1986 у Гродзенскім ун-це імя Я.Купалы. Навук. працы па вывучэнні ферментаў біясінтэзу, кокарбаксілазы, па імабілізацыі мікраарганізмаў, якія ўдзельнічаюць у сінтэзе лізіну, па вывучэнні біяапрацоўкі поліамідных валокнаў мікраарганізмамі.
Тв.:
Биосинтез, деградация и транспорт фосфорных эфиров тиамина. Мн., 1987 (разам з І.П.Чарнікевічам);
Малы практыкум па фізіялогіі і біяхіміі раслін. Гродна, 1994 (разам з В.М Туманавым).
т. 4, с. 31
ВАСКАБО́ЙНІКАЎ Васіль Міхайлавіч
(н. 9.8.1923, г. Лебядзін Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1967), праф. (1968). Скончыў Харкаўскі вет. Ін-т (1948). З 1955 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны (у 1968—73 прарэктар). Навук. працы па пытаннях барацьбы з ялавасцю і бясплоднасцю, укараненні ў практыку жывёлагадоўлі штучнага асемянення. Распрацаваў метады дыягностыкі і лячэння гінекалагічных хвароб с.-г. жывёл, даследаваў пытанні фізіялогіі і паталогіі родаў.
Тв.:
Борьба с яловостью коров. Мн., 1976 (разам з К.Дз.Валюшкіным, А.С.Церашэнкавым);
Маститы коров. Мн., 1981.
т. 4, с. 31