В́АРКАЧ
(Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна),
кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.
Тв.:
Описание путешествтя в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.
В.С.Пазднякоў.
т. 4, с. 9
ВАРКУТА́,
горад у Расійскай Федэрацыі, у Рэспубліцы Комі, за Палярным кругам. Засн. ў 1931. 109,4 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Цэнтр здабычы вугалю (гл. Пячорскі вугальны басейн). Металаапрацоўка (рамонт горна-шахтавага абсталявання і буд. тэхнікі, вытв-сць буд. металаканструкцый), дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, вата мінер. і інш.). Пячорскі н.-д. вугальны ін-т. Тэатры драм. і лялек. Краязнаўчы музей.
т. 4, с. 9
ВАРЛАА́М
(свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),
праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.
В.В.Антонаў.
т. 4, с. 9
ВАРЛА́МАЎ Аляксандр Ягоравіч
(27.11.1801, Масква — 27.10.1848),
рускі кампазітар, спявак, дырыжор. З 1811 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, у 1832—43 «кампазітар музыкі» і пам. капельмайстра імператарскіх т-раў у Маскве. З 1845 у Пецярбургу. Аўтар каля 200 рамансаў і песень, засн. на інтанацыях рус. гар. і сял. фальклору («Чырвоны сарафан», «Уздоўж па вуліцы мяцеліца мяце», «На світанні яе не будзі»), хароў, апрацовак рус. нар. песень і інш. Выступаў як камерны спявак, гітарыст і дырыжор. Аўтар аднаго з першых метадычных дапаможнікаў у галіне вак. педагогікі «Поўная школа спеваў» (1840).
т. 4, с. 9
ВАРЛА́МАЎ Віктар Мацвеевіч
(н. 26.5.1936, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). У 1962—79 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах: бытавым, партрэта, пейзажа. У краявідах, выявах сучаснікаў — імкненне да псіхалагізму, гармоніі і класічнай завершанасці. Сярод твораў: «Мінск. Заходні мост» (1962), «У родны горад» (1964), «Наша вясна» (1966), «Мінск. Няміга» (1968), «Сямейны экіпаж» (1980), «Скрозь сонца, прастору і час» (1989), «Ноч. Царква святой Магдаліны» (1995); партрэты А.Марыкса (1973), А.Тычыны (1984), У.Гмызнікава (1985) і інш.
Л.Ф.Салавей.
т. 4, с. 9
ВАРЛА́МАЎ Канстанцін Аляксандравіч
(23.5.1848, С.-Пецярбург — 15.8.1915),
рускі акцёр. Сын А.Я.Варламава. На сцэне з 1867, з 1875 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Камедыйны акцёр-імправізатар, спалучаў традыцыі буфанады з псіхал. распрацоўкай вобразаў. Меў багаты па дыяпазоне голас. Сыграў каля 1000 роляў, большасць у вадэвілях. З класічнага рэпертуару: Варавін, Мурамскі («Справа», «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп, Яічніца («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Бальшакоў, Кураслепаў («Свае людзі — паладзім», «Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера). Варламава называлі «царом рус. смеху».
т. 4, с. 9
ВАРЛЕ́
(Varlet) Жан Франсуа (14.7.1764, Парыж — каля 1832),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99. На пач. рэвалюцыі прымкнуў да якабінцаў. Летам 1792 адышоў ад іх і з пач. 1793 разам з Ж.Ру ўзначаліў групу «шалёных». 9—10.3.1793 спрабаваў узняць паўстанне супраць жырандыстаў, за што арыштаваны. У час паўстання 31.5—2.6.1793 часовы прадстаўнік паўстанцкага к-та. Прыхільнік паслядоўнай дэмакратыі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794 арыштаваны і да восені 1795 зняволены. Пасля перавароту Васемнаццатага брумера (1799) адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 4, с. 9
ВАРЛЕ́Н
(Varlin) Луі Эжэн (5.10.1839, г. Кле-Суйі, Францыя — 28.5.1871),
дзеяч французскага рабочага руху. Левы пруданіст, чл. Інтэрнацыянала 1-га (з 1865). Стварыў і ўзначаліў прафсаюз пераплётчыкаў Парыжа, у 1869 аб’яднаў прафс. арг-цыі Парыжа ў Федэральную палату рабочых т-ваў. З 1870 старшыня Парыжскай федэрацыі Інтэрнацыянала. Адзін з кіраўнікоў паўстання 18.3.1871, чл. Парыжскай камуны 1871. Расстраляны версальцамі.
т. 4, с. 10
ВА́РМІНГ
(Warming) Іаганес Эўгеніус (3.11.1841, в-аў Манё, Данія — 2.4.1924),
дацкі батанік-эколаг і сістэматык; адзін з заснавальнікаў экалагічнай геаграфіі раслін і вучэння пра жыццёвыя формы. Праф. Капенгагенскага ун-та (1885—1911) і дырэктар Бат. саду ў Капенгагене. Навук. працы па вывучэнні разнастайных марфал. прыстасаванняў раслін да ўмоў існавання. Аўтар кн. «Сістэматыка раслін» (1879, рус. пер. 1893), «Расліна і яе жыццё» (1900, рус. пер. 1904).
т. 4, с. 10