Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЭ́СЦКІЯ ТЫТУНЁВЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1855—1914 у г. Брэст. Усяго было 9 мануфактур, адначасова працавала да 6 (1885). Мелі па 6—11 крышыльных і інш. станкоў, ступы і прэсы, з 1885 — конны рухавік. Выраблялі тытунь курыльны, табаку нюхальную (500—1800 пудоў за год), махорку (да 13 000 пудоў), цыгары (да 2990 тыс. шт.), папяросы (да 3557 тыс. шт.). На розных мануфактурах працавала ад 40 (1873) да 325 (1886) чалавек, выраблялася прадукцыі на суму да 65 тыс. руб. (1885).

т. 3, с. 301

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР імя Ленінскага камсамола Беларусі, назва Брэсцкага тэатра драмы і музыкі ў 1944—91.

т. 3, с. 294

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял. Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр. вобласці ў Вял. Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.

Т.М.Новікава.

т. 3, с. 294

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ РУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў з жн. 1940 да чэрв. 1941 у Брэсце. Створаны з выпускнікоў Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва (маст. кіраўнік курса М.Тарханаў). Адкрыўся ў снежні спектаклем «Любоў Яравая» К.Транёва. Маст. кіраўнік т-ра Б.Кульнёў, рэж. В.Старасціна. Спектаклі вызначаліся высокапрафесійнай рэжысурай, акцёрскім ансамблем, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў: «Мяшчане» М.Горкага, «Небяспечны паварот» Дж.Б.Прыстлі. У 1941 пастаўлены «Слава» В.Гусева, «Самадуры» К.Гальдоні, працавалі над гіст. драмай «Мсціслаў Удалы» І.Прута.

Р.Б.Смольскі.

т. 3, с. 294

БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў чэрв. 1968 з групы лялечнікаў, якая існавала пры Брэсцкім абл. драм. т-ры з 1963. Адкрыўся спектаклем «Салдат Даніла» («Птушынае малако») Е.Тудароўскай і В.Мятальнікава. Гал. рэжысёры А.Сярогін, А.Шкілёнак, В.Казлова, С.Юркевіч, А.Жугжда (з 1990). У пастаноўках выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм, прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане, яны выступаюць у масках і без масак.

У рэпертуары т-ра: «Прыгоды трох парасят» і «Крок у бессмяротнасць» Н.Мацяш, «Дзед і Жораў» В.Вольскага, «Хлопчык з легенды» паводле Г.Васілеўскай, «Прывід старога млына» В.Навацкага і Ю.Фрыдмана, «Па шчупаковай волі» Л.Тарахоўскай, «Блакітнае шчаня» У.Гюлы, «Чыпаліна» паводле Дж.Радары, «Дзень нараджэння ката Леапольда» А.Хайта, «Славутае качаня Цім» паводле Эн Блайтан, «...Забыць Герастрата!» Р.Горына, «Крэслы» Э.Іанеска, «Што здарылася ў заапарку» Э.Олбі і інш.

Дз.У.Стэльмах.

т. 3, с. 294

БРЭ́СЦКІ АЭРАВАКЗА́Л.

Пабудаваны ў 1986 (арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылай, В.Гапіенка) за 18 км на У ад Брэста з боку Маскоўскай шашы. Разлічаны на 400 пасажыраў. Складаецца з трох квадратных у плане аб’ёмаў, злучаных паміж сабой. У цэнтр. аб’ёме аперацыйная зала, перакрытая метал. канструкцыяй (структурай), што надае своеасаблівасць інтэр’еру, у другім — рэстаран, сталовая, у трэцім — адм. памяшканні, багажнае аддзяленне і інш.

Фасады вылучаюцца выразнай пластыкай, своеасаблівай арх.-маст. кампазіцыяй, у якой дамінуюць цэнтральна размешчаная дыспетчарская вежа і вуглавыя лесвіцы. У аддзелцы выкарыстаны мармур і граніт, пліткі «акмігран» і гіпсавыя для столі, шклопакеты для вітражоў, высакаякасная тынкоўка. Аўтарам праекта прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

т. 3, с. 294

БРЭ́СЦКІ БЕСКУРГА́ННЫ МО́ГІЛЬНІК,

археалагічны помнік апошняй чвэрці 1 — 2-й пал. 3 ст. на тэр. г. Брэста (былая в. Трышын, цяпер вул. Маскоўская). Выяўлена 75 пахаванняў плямён вельбарскай культуры. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання. Рэшткі крэмацыі ссыпалі на дно ямы або ў спец. урны. Знойдзены гліняны посуд, прасліцы, жал. нажы і замкі, бронзавыя фібулы, дэталі паяснога набору, шкляныя пацеркі, метал. бранзалеты і падвескі. Некаторыя даследчыкі звязваюць могільнік з адным з этапаў фарміравання слав. Этнасу.

т. 3, с. 294

БРЭ́СЦКІ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПдЗ Беларусі. Прымеркаваны да Падляска-Брэсцкай упадзіны. Усх. ч. Мазавецка-Люблінскага супербасейна падземных вод. Уключае меза-кайназойскі ваданосны комплекс, кембрыйска-ардовікскі ваданосны гарызонт і верхнерыфейска-вендскі ваданосны комплекс, якія падзелены тоўшчамі слабапранікальных і водатрывалых парод сілуру і венду — ніжняга кембрыю. Воды напорныя, зрэдку самавыліваюцца, п’езаметрычныя ўзроўні на глыб. 0,5—45 м. Рэсурсы 6,8 млн. м³/сут. Дэбіт свідравін 0,06—25 л/с. Вылучаюцца 2 гідрадынамічныя зоны. У зоне свабоднага водаабмену воды прэсныя, пераважна гідракарбанатна-кальцыевага саставу, мінералізацыя 0,1—0,6 г/л, нярэдка з павышанай колькасцю жалеза. Зона запаволенага водаабмену мае саланаватыя (мінералізаваныя) воды, мінералізацыя 2,9—18,5 г/л, хларыдна-натрыевая і кальцыева-натрыевыя. Прэсныя воды выкарыстоўваюцца для гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя — для лячэння і аздараўлення.

М.С.Капора, М.Г.Ясавееў.

т. 3, с. 295

БРЭ́СЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Існаваў у 17—18 ст. у Брэсце. Па запрашэнні луцкага біскупа П.Валуцкага з 1616 езуіты пачалі ў Брэсце місіянерскую дзейнасць, у 1629 быў заснаваны калегіум. У 1620 брэсцкі ваявода А.Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л.Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Мяневеж (Брэсцкі пав.), а ў 1650 — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі р-н). У 1669 кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоскі і землі ў Прылуках (Брэсцкі р-н). На працягу 17—18 ст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Брэсцкі пав.), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў б-ку, аптэку (з 1694). Навуч. праграма Брэсцкага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. З 1634 у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/73 навуч. г. з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 8 — манахамі. У 1696—1760-я г. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У б-цы (каля 2 тыс. тамоў) былі кнігі на лац., ням., франц. і інш. мовах. У калегіуме вучыўся бел. мысліцель-атэіст К.Лышчынскі. Будынкі калегіума знаходзіліся на тэр. сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.

Т.Б.Блінова.

т. 3, с. 295

БРЭ́СЦКІ ЗАВО́Д БЫТАВО́Й ХІ́МІІ.

Створаны ў 1973—75 у Брэсце. З 1991 — акц. т-ва, на з-дзе дзейнічае бел.-польскае сумеснае прадпрыемства «Аўра», на іх базе створана НВА «Брэстбытхім». Дзейнічаюць цэхі: палімернай і карданажнай тары, сінт. мыйных сродкаў, напаўнення аэразольных балонаў, клеяў. Асн. прадукцыя (1995): мыйныя, пенамыйныя і для ачысткі сродкі, шампуні, ласьёны, лакі для валасоў, антыстатыкі, асвяжальнікі паветра, дэзадаранты, сіт. клеі, стымулятары росту раслін, інсектыцыды.

т. 3, с. 295