Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРА́НДА

(Brando) Марлан (н. 3.4.1924, г. Омаха, ЗША),

амерыканскі акцёр. Вучыўся ў школе драм. мастацтва (Нью-Йорк, 1943). З 1944 іграў на Брадвеі. Вядомасць атрымаў пасля выканання ролі Стэнлі Кавальскага ў спектаклі «Трамвай «Жаданне» Т.Уільямса. З 1950 здымаецца ў кіно. Мае ўласны стыль акцёрскай ігры — разнавіднасць сістэмы Станіслаўскага, прыстасаваная да кінакамеры. Выканаўца гал. роляў у драмах, камедыях, вестэрнах, дзе стварыў вобраз бунтоўнага героя, які не ў стане падтрымліваць сувязі з грамадствам: «Віва, Зана!», «Апошняе танга ў Парыжы», «Мужчыны», экранізацыя «Трамвая «Жаданне», «Апакаліпсіс», «У порце» (прэмія «Оскар», 1955), «Хросны бацька» (прэмія «Оскар», 1973, не прыняў) і інш. Супрацоўнічае з рэжысёрамі Ф.Копалай, Б.Берталучы, А.Пенам, Дж.Х’юстанам, Э.Дзмітрыкам. Як рэжысёр зняў вестэрн «Два аблічча помсты» (1960) і выканаў у ім гал. ролю.

т. 3, с. 241

БРАНДА́ЎЭР

(Brandauer; сапр. Штэнг; Steng) Клаўс Марыя (н. 22.6.1943, г. Бад-Аўсзе, Аўстрыя),

аўстрыйскі акцёр тэатра і кіно. З 1963 выступае на сцэнах буйнейшых т-раў Дзюсельдорфа, Вены, Мюнхена, Гамбурга, Берліна, Зальцбурга. Выканаўца гал. роляў у п’есах У.Шэкспіра, Ф.Шылера, П.Бамаршэ, а таксама ў сучасным рэпертуары. Міжнар. вядомасць атрымаў пасля здымкаў у фільмах І.Саба «Мефіста» (у сав. пракаце «Мефістофель»), «Палкоўнік Рэдль», «Ханусен» і С.Полака «Развітанне з Афрыкай». Здымаўся ў ролі Дантона ў тэлевіз. фільме «Французская рэвалюцыя».

т. 3, с. 241

БРАНДВА́ХТА

(ад галанд. brandwacht вартавы карабель),

1) карабель, які нясе вартавую службу на ўваходзе (выхадзе) на рэйд (у гавань, канал) і падтрымлівае ўстаноўлены рэжым плавання (рэгуляванне руху суднаў, выкананне ім мытных, каранцінных, рэйдавых і інш. правілаў).

2) Пост на беразе або на судне, прызначаны сачыць за пажарнай бяспекай на тэр. порта.

3) Несамаходнае судна — жыллё для экіпажа земснарадаў, вадалазных станцый, пошукавых партый, партовых рабочых і інш.

т. 3, с. 241

БРАНДСПО́ЙТ

(ад галанд. brandspuit пажарная помпа),

1) металічны наканечнік гнуткага шланга; устарэлая назва ствала ў пажарнай тэхніцы.

2) Пераносная ручная помпа для мыцця палуб, тушэння пажараў і інш. на суднах.

т. 3, с. 241

БРА́НДЫС

(Brandys) Казімеж (н. 27.10.1916, г. Лодзь, Польшча),

польскі празаік. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. У раманах «Драўляны конь» і «Няскораны горад» (абодва 1946) адлюстраваў лёс і духоўныя пошукі польскай інтэлігенцыі. Партрэт маладога інтэлігента на фоне перадваен. і ваен. падзей стварыў у тэтралогіі «Паміж войнамі» (т. 1—4,1947—51), якую склалі раманы «Самсон», «Антыгона», «Трон — адкрыты горад», «Чалавек не памірае». Працэс станаўлення асобы прасачыў у рамане «Абывацелі» (1954). Маральна-філас. праблемы дамінуюць у зб-ках апавяданняў «Рамантычнасць» (1960), «Спосаб існавання» (1963), «Джокер» (1966), «Кірмаш» (1968), «Думка» (1974), «Ірэальнасць» (1977). У «Лістах да пані Z.» (т. 1—3, 1958—62) уражанні Брандыса ад падарожжа па краінах Еўропы. З 1981 на Захадзе, жыве ў Францыі. Аўтар дзённіка «Месяцы» (ч. 1—4, 1980—87), літ. эсэ «Характары і лісты» (1991).

Тв.:

Opowiadania. Warszawa, 1973;

Nowele filmowe. Warszawa, 1975;

Бел. пер. — Грамадзяне. Мн., 1958;

Рус. пер. — Между войнами Т. 1—2. М., 1957—58.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 3, с. 241

БРА́НДЭНБУРГ

(Brandenburg),

зямля (адм. адзінка) на ПнУ ФРГ. Пл. 29,05 тыс. км². Нас. 2,67 млн. чал. (1995). Адм. ц.г. Патсдам. Займае ч. Сярэднееўрап. раўніны, у межах якой вылучаюцца Мекленбургскае паазер’е на Пн і марэннае ўзв. Флемінг (да 201 м) на Пд; паміж імі — паласа пясчаных нізінных раўнін з шырокімі забалочанымі стараж. лагчынамі. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 18 °C, студз. каля 0 °C, ападкаў 550 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне мае буры вугаль, ёсць буд. матэрыялы і торф. Букавыя і дубова-букавыя лясы. Асн. прамысл. цэнтры (выплаўка сталі, металаапрацоўка, машынабудаванне, электратэхніка) сканцэнтраваны вакол Берліна: Араніенбург, Генігсдорф, Патсдам, Брандэнбург, Тэльтаў і інш. Другі прамысл. раён — Нідэрлаўзіц на ПдУ, дзе на базе здабычы бурага вугалю развіта энергетыка (буйныя ЦЭС у гарадах Любенаў, Фечаў, Лаўгамеры і інш.) і хім. прам-сць. Франкфурт-на-Одэры — буйны цэнтр эл.-тэхн., буд. матэрыялаў, харч. прам-сці. Вырошчванне збожжавых (пшаніца, жыта), бульбы, цукр. буракоў, агародніны і садавіны. Малочная жывёлагадоўля і свінагадоўля. Транспарт чыгуначны, аўтамаб., унутр. водны.

Тэр. сучаснага Брандэнбурга да 4 ст. насялялі герм. плямёны, з 5 ст. — палабскія славяне (стадаране, або гаваляне). У 1157 ням. войскі на чале з маркграфам Альбрэхтам Мядзведзем заваявалі сталіцу стадаран Брэну (Бранібор) пераназвалі яе Брандэнбургам і зрабілі цэнтрам новаўтворанага Брандэнбургскага маркграфства — фарпоста герм. экспансіі на У (войны з Польшчай у сярэдзіне 13 ст., 1308, 1315—17 і інш.). З 1356 Брандэнбург — курфюрства (з 1415 правілі Гогенцолерны; іх рэзідэнцыя з 1486 — Берлін). У 1618 Брандэнбург аб’яднаны з герцагствам Прусія ў Брандэнбургска-прускую дзяржаву (гл. Прусія). У 1815 утворана пруская правінцыя Брандэнбург (існавала да 1945). З 1945 у складзе сав. зоны акупацыі. З 1949 зямля ГДР, з 1990 зямля ФРГ.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 241

БРА́НДЭНБУРГ

(Brandenburg),

горад на У ФРГ, зямля (адм. адзінка) Брандэнбург. Засн. каля 1150 на месцы разбуранага ў 927—928 г. Бранібор слав. племені гавалян. 90 тыс. ж. (1990). Порт на р. Гафель, вузел чыгунак. Вытв-сць сталі і пракату, маш.-буд., тэкст., швейная, харчасмакавая прам-сць. Арх. помнікі 12—15 ст.

т. 3, с. 242

БРА́НДЭР

(ням. Brander),

судна, нагружанае гаручымі і выбуховымі рэчывамі, якое падпальвалі і пускалі па ветры ці цячэнні на варожыя караблі. У 19 — сярэдзіне 20 ст. брандэрам называлі старыя судны, якія затапляліся на ўваходзе ў гавань праціўніка з мэтай загароды.

т. 3, с. 242

БРАНЕ́ЎСКІ Уладзімір Багданавіч

(1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),

рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл. Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).

т. 3, с. 242

БРАНЕ́ЎСКІ

(Broniewski) Уладзіслаў (17.12.1897, г. Плоцк, Польшча — 10.2.1962),

польскі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1918—24). У 1925 разам з В.Вандурскім і С.Стандэ выдаў праграмны маніфест польск. рэв.-пралет. паэзіі «Тры залпы». У 1939 у Львове. У 1940—41 зняволены сав. ўладамі па лжэданосе. Некаторы час жыў у Куйбышаве, уступіў у армію Андэрса. У 1945 вярнуўся на радзіму. Паэтычны дэбют — зб. «Ветракі» (1925). У ім — зварот да традыцый рамантычнай паэзіі, высокая патэтыка, эмацыянальна напружаная вобразнасць. У зб-ках «Дымы над горадам» (1927), «Смутак і песня» (1932), у паэме «Парыжская Камуна» (1929) трагічныя настроі, дамінаванне грамадска-паліт. тэматыкі. Тэма Радзімы, заклікі да барацьбы са стомленасцю, дэпрэсіяй, настальгіяй у вершах ваен. гадоў (зб-кі «Зброю да бою», 1943; «Дрэва ў адчаі», 1945). Пейзажная, філасофская, інтымная лірыка склала зб. «Надзея» (1951). У 1956 выйшаў зб. «Анка». Цыкл «Новыя вершы» (1956—62) — запавет паэта, прасякнуты элегічна-трагічнымі матывамі. Перакладаў на польск. мову творы М.Гогаля, А.Талстога, А.Пушкіна, У.Маякоўскага, С.Ясеніна, Б.Пастарнака і інш. Творы Бранеўскага на бел. мову перакладалі М.Арочка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, П.Броўка, А.Вялюгін, Н.Гілевіч, Ю.Голуб, С.Дзяргай, У.Дубоўка, С.Законнікаў, Я.Купала, М.Лужанін, П.Макаль, М.Машара, П.Пестрак, М.Танк і інш.

Тв.:

Wierszy i poematy. 7 wyd. Warszawa, 1970;

Wiersze warszawskie. Warszawa, 1986;

Бел. пер. — Дарогай дзён: Вершы і паэмы. Мн., 1961;

Рус. пер. — Стихи. М., 1986.

М.М.Хмяльніцкі.

т. 3, с. 242