Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІ́РСКІ МІКАЛА́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры рэнесансу ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў 1599—1605 на месцы драўлянага касцёла 1587, фундаванага М.​К.​Радзівілам Сіроткам і асвячонага Ю.​Радзівілам. У 1605 новы мураваны касцёл асвячоны Б.​Войнам. Ў 1710 касцёл адноўлены, узведзены мураваны алтар у стылі барока, адліты вял. звон у гонар перамогі над шведамі ў Паўн. вайне 1700—21. Пры касцёле існавалі школа і шпіталь св. Шкаплера (засн. Радзівілам Сіроткам у 1610), мураваная 2-павярховая плябанія (1609—1880). У 1865 касцёл прыстасаваны пад царкву. Храм — мураваная 3-нефавая 3-вежавая базіліка. Цэнтр. неф з паўкруглым прэсбітэрыем раней завяршаўся на гал. фасадзе вял. квадратнай у плане 4-яруснай вежай з шатровым дахам (захаваліся 2 ніжнія ярусы). Бакавыя нефы на гал. фасадзе завершаны круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай ч. — закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб’ёмы, што нагадваюць трансепт. На бакавых фасадах высокія аконныя праёмы з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздоблены маст. коўкай. Пад будынкам крыпта-пахавальня.

Т.​В.​Габрусь.

Мірскі Мікалаеўскі касцёл.

т. 10, с. 470

МІ́РСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—56. Утвораны 15.1.1940 у складзе Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Гродзенскай вобл. Цэнтр — г.п. Мір. Тэр. 0,7 тыс. км² (1941). 12.10.1940 падзелены на 12 сельсаветаў. 17.12.1956 раён скасаваны, тэрыторыя далучана да Карэліцкага раёна.

т. 10, с. 470

МІ́РТ (Mirtus),

род кветкавых раслін сям. міртавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна Амерыкі. На Беларусі культывуецца ў пакоях і аранжарэях М. звычайны (M. communis).

Вечназялёныя кусты і дрэвы. Лісце супраціўнае, суцэльнае, скурыстае, на кароткіх чаранках або сядзячае. Кветкі пераважна адзіночныя. Плод ягадападобны. Са стараж. часу культывуецца М. звычайны. Эфірны алей з кветак, лісця і інш. ч. раслін выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумерыі, медыцыне, плады і лісце — прыправа. Дэкар. расліны.

Мірт звычайны.

т. 10, с. 471

МІРТЭМІ́Р (сапр. Турсунаў Міртэмір Умарбекавіч; 10.6.1910, с. Ікан Паўднёва-Казахстанскай вобл., Казахстан — 23.1.1978),

узбекскі паэт. Нар. паэт Узбекістана (1971). Скончыў Пед. акадэмію ў Самаркандзе (1932). Друкаваўся з 1926. У зб-ках лірыкі «У абдымках промняў» (1928), «Усхваляванасць» (1931), «Камуна» (1932), «Новыя вершы» (1947), «За перавалам перавал» (1978) і інш. паэтызацыя сацыяліст. перамен у краіне, багацце духоўнага свету чалавека-творцы. Вершы адметныя ўсхваляванасцю інтанацый, экспрэсіўнасцю вобразаў, грамадз. пафасам. Пісаў для дзяцей. Адзін з першых перакладчыкаў твораў Я.​Купалы на ўзб. мову. На бел. мову асобныя творы М. пераклаў С.​Грахоўскі.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи. М., 1976.

т. 10, с. 471

МІРУ́К (Віктар Фёдаравіч) (21.6.1941, в. Глівін Барысаўскага р-на Мінскай вобл.),

расійскі вучоны ў галіне ваенных навук. Акад. Акадэміі ваен. навук Расіі (1997). Д-р ваен. навук (1994), праф. (1995). Ген.-палкоўнік (1991). У Сав. Арміі з 1960. Скончыў Яраслаўскае ваен.-тэхн. вучылішча войск ППА (1962), Ваен. камандную акадэмію проціпаветр. абароны імя Г.​К.​Жукава (1975), Ваен. акадэмію Генштаба (1987). Праходзіў службу на розных камандных пасадах. З 1991 — нам. галоўнакамандуючага войскамі ППА Расіі. Навук. працы ў галіне ваен. навукі і тэхнікі. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1997.

Б.​Дз.​Даўгатовіч.

т. 10, с. 471

МІРУ́Т,

горад у Індыі, гл. Мератх.

т. 10, с. 471

МІРЦХУЛА́ВА (Аліо Андрэевіч) (28.4.1903, с. Хорга Хобскага р-на, Грузія — 16.10.1971),

грузінскі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя В.​Брусава.(1923—27), Камуніст. ін-це журналістыкі. Друкаваўся з 1921. Пісаў пад псеўданімам А.​Машашвілі. У творах тэмы патрыятызму, адказнасці паэта перад сучаснікамі, філас.-паэт. асэнсаванне часу: паэт. зб-кі «Высокая мара» (1950), «Гімн Радзіме» (1951), «Маладому пакаленню» (1956), «Маладосць кліча» (1966), «Руставі» (1970), паэмы «Інгуры» (1937), «Рустаўская сімфонія» (1959). Аўтар балад, п’есы «Трывога» (паст. 1931). На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Х.​Жычка.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи и поэмы. Тбилиси, 1970.

Літ.:

Мирцхулава Б. Поэт — певец эпохи. Тбилиси, 1973.

т. 10, с. 471

МІ́РЧЫНК (Георгій Фёдаравіч) (25.4.1889, Масква — 10.4.1942),

бел. геолаг. Акад. АН Беларусі (1940), праф. (1918). Скончыў Маск. ун-т (1912). Навук. працы па стратыграфіі і палеагеаграфіі плейстацэну розных раёнаў СССР, неатэктоніцы, лёсах, пахаваных міжледавіковых тарфяніках, палеалітычных стаянках чалавека. На тэр. Беларусі вылучыў адклады трох ледавіковых эпох. У 1923 склаў першую карту чацвярцічных адкладаў еўрап. ч. СССР. Займаўся разведкай для дарожнага буд-ва і выяўленнем радовішчаў буд. матэрыялаў на У Беларусі, праблемай водазабеспячэння Мінска. Рэпрэсіраваны ў 1941. Рэабілітаваны ў 1990.

Тв.:

Геалагічныя ўмовы знаходжання палеалітычнай стаянкі каля в. Бердыжа на р. Сажы (Гомельшчына) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Основы четвертичной истории на территории СССР // Тр. Ин-та географии АН СССР. 1946. Вып. 37.

Літ.:

Академик Г.​Ф.​Мирчинк: Знаток истории Земли. Мн., 1999.

т. 10, с. 471

МІРШАКА́Р (сапр. Міршакараў) Мірсаід

(н. 6.5.1912, кішлак Сіндэў Шугнанскага р-на, Таджыкістан),

таджыкскі пісьменнік. Нар. паэт Таджыкістана (1962). Друкуецца з 1930. Заснавальнік жанру эпічнай паэмы ў тадж. л-ры. У паэмах «Залаты кішлак» (1942), «Няскораны Пяндж» (1949), «Ленін на Паміры» (1955), «Каханне і абавязак» (1962), «Бунт розуму» (1978), зб-ках вершаў лірыка-філас. асэнсаванне гісторыі тадж. народа. Адзін з пачынальнікаў тадж. дзіцячай л-ры; драматург. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Грачанікаў, М.​Чарняўскі. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1977;

Пятиречье. М., 1983.

Літ.:

Кедрина З. Мирсаид Миршакар. М., 1954.

М.Міршакар.

т. 10, с. 471

МІ́РЭК (Альфрэд Марцінавіч) (н. 21.11. 1922, Ташкент),

расійскі акардэаніст, метадыст, дырыжор, інструментазнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1995). Д-р мастацтвазнаўства (1987). Скончыў муз. вучылішча (1950) і Ін-т культуры (1967) у Маскве. З 1947 выкладае, у т. л. з 1975 у Ленінградскім ін-це т-ра, музыкі і кінематаграфіі, з 1980 у Маскоўскім пед. ін-це (з 1988 праф.). Заснавальнік (1997) Міжнар. музея рус. гармоніка ў Маскве (на базе ўласнай калекцыі, больш за 150 інструментаў). Аўтар вучэбна-метадычных і інструментазнаўчых прац, у т. л. энцыклапедыі «Гармонік» (1994), аўтабіягр. кн. «Запіскі вязня» (1989) і «Турэмны рэквіем» (1997), складальнік шматлікіх зборнікаў п’ес і аўтар пералажэнняў для акардэона.

Тв.:

Школа игры на аккордеоне. М., 1962;

Из истории аккордеона и баяна. М., 1967;

Справочник по гармоникам. М., 1968;

Основа постановки аккордеониста. Киев, 1974.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 10, с. 471