МІ́РТ (Mirtus),

род кветкавых раслін сям. міртавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках, пераважна Амерыкі. На Беларусі культывуецца ў пакоях і аранжарэях М. звычайны (M. communis).

Вечназялёныя кусты і дрэвы. Лісце супраціўнае, суцэльнае, скурыстае, на кароткіх чаранках або сядзячае. Кветкі пераважна адзіночныя. Плод ягадападобны. Са стараж. часу культывуецца М. звычайны. Эфірны алей з кветак, лісця і інш. ч. раслін выкарыстоўваецца ў кулінарыі, парфумерыі, медыцыне, плады і лісце — прыправа. Дэкар. расліны.

Мірт звычайны.

т. 10, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)