ВАРЫЁМЕТР
(ад лац. vario змяняю + ...метр),
1) авіяцыйны — паказальнік скорасці падняцця і спуску лятальнага апарата. Вымярае рознасць ціскаў паветра ў атмасферы і ўнутры прылады, якая злучана з атмасферай капілярам. Пры гарыз. палёце гэтая рознасць роўная 0.
2) Варыёметр гравітацыйны — прылада для вымярэння змен паскарэння свабоднага падзення. Выкарыстоўваецца ў сейсмалогіі і гравіметрыі.
3) Варыёметр магнітны — прылада для вымярэння часовых змен геамагн. поля. Бывае стацыянарны (у магн. абсерваторыях) і палявы (для магнітаразведачных работ).
4) Варыёметр радыётэхнічны — сістэма дзвюх або больш шпуляў індуктыўнасці, адна з якіх рухомая. Прызначаны для плаўнай змены індуктыўнасці (узаемаіндуктыўнасці). Калі шпулі не злучаны, варыёметр пераўтвараецца ў высокачастотны трансфарматар з пераменнай сувяззю. Выкарыстоўваецца для настройкі тэле- і радыёпрыёмнікаў, выхадных каскадаў генератараў у шырокім дыяпазоне частот, у вымяральных прыладах.
т. 4, с. 19
ВАРЫКА́П
[англ. varicap ад vari(able) пераменная + cap(acity) ёмістасць],
параметрычны паўправадніковы дыёд, ёмістасць якога залежыць ад прыкладзенага адваротнага напружання. Асн. параметры: намінальная (пачатковая) ёмістасць, дыхтоўнасць і каэфіцыент перакрыцця па ёмістасці. Выкарыстоўваецца ў параметрычных узмацняльніках, памнажальніках частаты, для настройкі тэле- і радыёпрыёмнікаў. Гл. таксама Варыконд.
т. 4, с. 19
ВАРЫКАЦЭ́ЛЕ
[ад лац. varix (varicis) уздуцце на венах + грэч. kēlē пухліна],
варыкознае расшырэнне вен семявага канаціка ў чалавека і жывёл. У мужчын узнікае пераважна ў маладым узросце, часцей у перыяд палавога выспявання. Суправаджаецца непрыемным адчуваннем у вобласці машонкі, цягучым болем у яечках і пахвіне, які ўзмацняецца пры фіз. нагрузцы, палавым узбуджэнні. Магчымы парушэнні палавой функцыі і сперматагенезу (алігазааспермія), бясплоднасць.
Варыкацэле развіваецца пры парушэнні адтоку крыві з яечкавай вены, часцей злева. Адпаведная палавіна машонкі павялічаная, вылучаюцца гронкападобныя вузлавата-расшыраныя вены семявага канаціка. Паступова развіваецца атрафія яечка. Лячэнне хірургічнае.
т. 4, с. 19
ВАРЫКА́Ш Вікенцій Міхайлавіч
(9.8.1931, в. Саломерка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 17.10.1992),
бел. фізік, адзін з арганізатараў даследаванняў па фізіцы сегнетаэлектрыкаў. Д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1988). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1958 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це. Навук. працы па тэхналогіі вырошчвання сегнетаэлектрычных крышталёў і вывучэнні ўплыву вонкавых уздзеянняў на іх уласцівасці.
Тв.:
Сборник задач по статистической физике. Мн., 1979 (разам з А.І.Болсунам, В.В.Аксёнавым);
Физика в живой природе. 2 изд. Мн., 1984 (разам з Б.А.Кімбарам, І.М.Варыкашам);
Кіраўніцтва да рашэння задач па агульнай фізіцы. Мн., 1995 (разам з М.С.Цэдрыкам).
П.А.Пупкевіч.
т. 4, с. 19
ВАРЫКО́ЗНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ ВЕН,
хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл. Гемарой), семявы канацік (гл. Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).
Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.
А.У.Руцкі.
т. 4, с. 19
ВАРЫКО́НД
[англ. varicond ад vari(able) пераменны + cond(enser) кандэнсатар],
сегнетакерамічны кандэнсатар з рэзка выяўленай нелінейнай залежнасцю ёмістасці ад прыкладзенага напружання або тэмпературы (тэрмакандэнсатары). Бываюць дыскавыя, пласціністыя і плёначныя. Выкарыстоўваюцца ў параметрычных стабілізатарах току і напружання, узмацняльніках магутнасці і напружання і інш. Гл. таксама Варыкап.
т. 4, с. 19
ВАРЫ́НСКІ
(Warýnski) Людвік Тадэвуш (24.9.1856, в. Мартынаўка Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 13.2.1889),
дзеяч польск. і рас. рэв. руху. За ўдзел у выступленнях студэнтаў выключаны з Пецярбургскага тэхнал. ін-та (ліст. 1875). З восені 1876 вёў рэв. прапаганду ў Варшаве. Адзін з аўтараў першага праграмнага дакумента польск. сацыяліст. руху «Брусельская праграма» (1878). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў польск. партыі «Пралетарыят» (1882). У 1883 арыштаваны, засуджаны на 16 гадоў катаргі. Памёр у Шлісельбургскай крэпасці.
т. 4, с. 19
ВАРЫ́СТАР
[англ. varistor ад vari(able) пераменны + (resi)stor супраціўленне],
паўправадніковы рэзістар, супраціўленне якога залежыць ад прыкладзенага напружання. Паводле канструкцыі бывае ў выглядзе дыска, таблеткі, стрыжня, пацеркі і інш. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стабілізацыі і рэгулявання напружання і току, эл. аховы, мадулятарах і памнажальніках частаты і інш.
т. 4, с. 20
ВАРЫЎНЯ́,
стопка, істопка, тып гасп. пабудовы на Беларусі для захоўвання агародніны, садавіны, малака, часам і гасп. прылад. Вядома з 17 ст. Звычайна зрубная прамавугольная ў плане пабудова, накрытая 2- або 4-схільным дахам з драніцы ці саломы, з вокнамі без шкла, што зачыняліся драўлянымі засаўкамі (будавалі варыўню і без вокнаў); часам мела ўнутраныя выгарадкі, засекі. Ацяплялі варыўню курной печчу або гарачым вуголлем. У 19 — пач. 20 ст. на ПдЗ Беларусі варыўню часам прыбудоўвалі да сянец. У фальварках 17 — пач. 20 ст. існавалі шматкамерныя варыўні, якія мелі сенцы, каморы і інш. памяшканні (г. Давыд-Гарадок Столінскага, вёскі Дубае Пінскага, Урэчча Любанскага р-наў і інш.).
т. 4, с. 20
ВАРЫЯ́НТ
[франц. variante ад лац. varians (variantis) які змяняецца],
1) відазмяненне, разнавіднасць; адна з магчымых камбінацый чаго-небудзь.
2) Адна з некалькіх рэдакцый якога-н. твора (літаратурнага, музычнага і да т.п.) або афіц. дакумента; відазмяненне якой-н. часткі твора (дакумента).
т. 4, с. 20