ВА́ДКІЯ ПАЎПРАВАДНІКІ́,
вадкасці, якія маюць уласцівасці паўправаднікоў. Адкрыты А.Ф.Іофе і А.Р.Рэгелем у пач. 1950-х г. Па фармальных прыкметах вадкія паўправаднікі — расплавы з удзельнай электраправоднасцю пры нармальных умовах у інтэрвале (10-8 — 10-5) Ом-1 · м-1; маюць электронную электраправоднасць.
Вадкія паўправаднікі ўтвараюцца пры плаўленні шэрагу крышталічных кавалентных паўправаднікоў (селен Se, злучэнні тыпу , , , і інш.), пры ўмове захавання кавалентных міжатамных сувязяў. У гэтым выпадку не мяняецца (ці нязначна памяншаецца) удзельная электраправоднасць і захоўваецца яе паўправадніковы характар тэмпературнай залежнасці ў адрозненне ад некаторых крышталічных паўправаднікоў (крэмній Si, германій Ge, і інш.), электраправоднасць якіх пры плаўленні рэзка павялічваецца да значэнняў, характэрных для металаў. Некаторыя вадкія паўправаднікі пры далейшым павелічэнні т-ры трацяць паўправадніковыя ўласцівасці і набываюць металічныя (напр., сплавы тэлур—селен Te—Se, багатыя Te).
Вадкія паўправаднікі выкарыстоўваюцца ў тэрмаэлементах, радыяцыйнаўстойлівых высокатэмпературных тэрмістарах і пераключальніках і інш.
Літ.:
Катлер М. Жидкие полупроводники: Пер. с англ. М., 1980;
Глазов В.М., Кольцов В.Б., Курбатов В.А. Экспериментальное исследование электрофизических свойств кремния вблизи фазового перехода кристалл — расплав в твердом и жидком состоянии. // Расплавы. М., 1987. Т. 1, вып. 1.
т. 3, с. 439
ВА́ДКІЯ ЎГНАЕ́ННІ,
водныя растворы ці суспензіі мінер. і некаторых арган. угнаенняў. Найб. пашыраны азотныя і комплексныя вадкія ўгнаенні. Азотныя вадкія ўгнаенні: вадкі (бязводны) аміяк; аміячная вада; аміякаты і плавы (растворы аміячнай салетры і мачавіны); вуглеаміякаты. Выкарыстанне ўскладняецца неабходнасцю перавозкі і захоўвання ў герметычных (ціск да 1,9 МПа) умовах. У Беларусі вырабляюць на Гродзенскім вытв. аб’яднанні «Азот». Комплексныя вадкія ўгнаенні акрамя азоту маюць фосфар, калій, мікраэлементы. Колькасць пажыўных рэчываў 27—30%, у суспензіраваных — 45—54%. Найб. перспектыўныя азотна-фосфарныя вадкія ўгнаенні (растворы фасфатаў амонію): маюць нізкую т-ру крышталізацыі (-18 °C), доўга захоўваюць свае фіз.-хім. ўласцівасці, аснова для вытв-сці інш. комплексных вадкіх угнаенняў. Прыдатныя для ўсіх с.-г. культур.
т. 3, с. 439
ВАДКО́ЎСКІЯ,
дзекабрысты, браты. З дваран Віцебскай губ.
Іван Фёдаравіч (1790—?), палкоўнік, камандзір батальёна ў Сямёнаўскім палку. За спачуванне салдатам у час выступлення ў палку (1820) прыгавораны да пакарання смерцю, якое заменена турмой. Да 1826 у віцебскай турме. У 1829 высланы ў дзеючую армію на Каўказ.
Фёдар Фёдаравіч (1800—20.1.1844), прапаршчык Нежынскага палка. Чл. Паўд. т-ва з 1823. Стаяў за рэсп. лад у Расіі, за знішчэнне царскай сям’і. 21.12.1825 арыштаваны і засуджаны да пакарання смерцю, якое заменена пажыццёвай катаргай. З 1839 на пасяленні ў Іркуцкай губ. Аўтар рэв. вершаў.
Аляксандр Фёдаравіч (каля 1801 — пасля 1837), падпрапаршчык Сямёнаўскага палка. За спачуванне салдатам у час выступленняў у палку (1820) пераведзены ў Крамянчугскі, потым у 17-ы Егерскі полк. Чл. Паўд. т-ва з 1823. У час паўстання Чарнігаўскага палка (10—15.1.1826) планаваў падняць свой полк у яго падтрымку, але 12.1.1826 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. У ліп. 1926 высланы ў дзеючую армію на Каўказ. З 1830 пад тайным наглядам паліцыі ў Тамбоўскай губ.
М.Ф.Мельнікаў.
т. 3, с. 439
ВАДЛВО́ЗЕРА,
возера на ПдУ Карэліі. Пл. 334 км². Глыб. да 16 м. Берагавая лінія звілістая. На Вадлвозеры каля 200 астравоў. Упадае р. Ілекса. У 1935 ператворана ў вадасховішча для рэгулявання сцёку рэк Вама і Сухая Водла. Рыбалоўства.
т. 3, с. 439
ВАДНАЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
від спорту, у аснове якога хуткае перамяшчэнне спартсмена па паверхні вады на спец. лыжах пры дапамозе буксіровачнага троса (за катэрамі ці на электрацязе). Т. зв. вадналыжнае трохбор’е ўключае слалам, фігурнае катанне і скачкі на лыжах з трампліна. У слаламе (на 2 ці 1 лыжы) спаборнічаюць у хуткім і правільным праходжанні трасы; у фігурным катанні спартсмены за пэўны час павінны выканаць як мага больш складаных фігур, якія ацэньваюцца ў ачках; у скачках з трампліна (драўлянага насцілу выш. 150 см для жанчын і 180 см для мужчын) ацэньваецца далёкасць і тэхніка палёту. Як від спорту аформіўся ў 1930-я г. ў ЗША. У 1947 створаны Сусв. вадналыжны саюз; чэмпіянаты свету з 1949.
На Беларусі актыўна развіваецца з сярэдзіны 1960-х г. З 1964 праводзяцца чэмпіянаты Беларусі. Бел. майстры воднага спорту былі (з 1973) шматразовымі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў СССР (заваявана 167 медалёў), уладальнікамі кубка СССР; на чэмпіянатах свету і Еўропы, спаборніцтвах на Кубак свету і Кубак Еўропы заваявана (на 1995) больш як 150 медалёў, з іх больш за 60 залатых. Найб. поспеху дасягалі І.Потэс, А.Мінянок, Дз.Яскевіч, М.Амяльянчык, Ю.Грамыка, А.Паўлава, А.Надзін і інш. Нац. зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў спаборніцтвах на электрацязе (1990) і на класічных лыжах (1992).
М.А.Дубіцкі.
т. 3, с. 439
ВАДО́ДАРА,
Барода, горад на З Індыі, у штаце Гуджарат. 1 млн. ж. (1991). Трансп. вузел. Адзін з буйнейшых у краіне цэнтраў баваўнянай прам-сці. Хім., металаапр., фармацэўтычныя, цэм., эл.-тэхн., ваўнаткацкія прадпрыемствы. Каля Вадодара ў Каялі — нафтаперапр. з-д і нафтахім. комплекс. Ун-т, вышэйшая гандл. школа. Музей.
т. 3, с. 440
ВАДО́ХРЫШЧА,
Хрышчэнне Гасподне, Богаяўленне, адно з дванадзесятых свят праваслаўя; зімовае свята нар. календара, якім завяршаюцца Каляды. Адзначаецца 6(19) студзеня. Хрысціянская рэлігія звязвае Вадохрышча з хрышчэннем Ісуса Хрыста Іаанам Хрысціцелем у рацэ Іардан і з’яўленнем усіх асоб Святой Тройцы. У царк. каляндар увайшло не раней як у 2-й пал. 2 ст. У гэты дзень у цэрквах адбываецца асвячэнне вады, у цудадзейную моц якой верылі яшчэ з дахрысціянскіх часоў. На Вадохрышча варажылі пра будучую гаспадарку.
т. 3, с. 440
ВАДУ́Ц
(Vaduz),
горад, сталіца Ліхтэнштэйна. Размешчаны ў даліне р. Рэйн, каля падножжа хр. Рэтыкон. Горад утварыўся каля замка, засн. ў 9 ст. 5 тыс. ж. (1993). Гандл.-фін. цэнтр краіны. Прыладабудаванне, тэкст, прам-сць, вінаробства. Каля В. — ф-ка па вырабе фарфоравых зубных пратэзаў (пераважна на экспарт). Паштовы музей. Замак 9 ст. з гатычнай капэлай 15 ст. (дзярж. маст. калекцыя карцін, зброі, керамікі, дываноў і інш.). Турызм.
т. 3, с. 440
ВА́ДЫЯ
(Wadia) Дарашаў Ношэрван (25.10.1893, г. Сурат, Індыя — 15.4.1969),
індыйскі геолаг. Праф. геалогіі (1907—20) у Кашміры. Прэзідэнт навук. геал. т-ва у Індыі. Скончыў Бамбейскі ун-т. Працаваў у Індыі і Шры-Ланцы. Даследаваў геал. будову паўд. схілаў і перадгор’яў Гімалаяў і Салянога Крыжа, удакладніў іх стратыграфію і тэктоніку. Аўтар капітальнай працы па геалогіі Індыі.
Тв.:
Тектоника Северной Индии // Тр. 7 сессии Междунар. геол. конгресса. М., 1939. Т. 2;
Geology of India. 3 ed. London;
New York, 1957.
т. 3, с. 440
ВАДЭВІ́ЛЬ
(франц. vaudeville),
жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.Скрыб, Э.Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.Фрэдра), Германіі (Г.Фрайтаг), Даніі (І.Л.Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.Шахаўской, Дз.Ленскі, П.Каратыгін, Ф.Коні, М.Някрасаў, А.Чэхаў).
На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл. т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.Каганца (1910), «Прымакі» Я.Купалы (1913), «Снатворны мак» К.Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.
т. 3, с. 440