ВАРЛЕ́
(Varlet) Жан Франсуа (14.7.1764, Парыж — каля 1832),
дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99. На пач. рэвалюцыі прымкнуў да якабінцаў. Летам 1792 адышоў ад іх і з пач. 1793 разам з Ж.Ру ўзначаліў групу «шалёных». 9—10.3.1793 спрабаваў узняць паўстанне супраць жырандыстаў, за што арыштаваны. У час паўстання 31.5—2.6.1793 часовы прадстаўнік паўстанцкага к-та. Прыхільнік паслядоўнай дэмакратыі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту 27.7.1794 арыштаваны і да восені 1795 зняволены. Пасля перавароту Васемнаццатага брумера (1799) адышоў ад паліт. дзейнасці.
т. 4, с. 9
ВАРЛЕ́Н
(Varlin) Луі Эжэн (5.10.1839, г. Кле-Суйі, Францыя — 28.5.1871),
дзеяч французскага рабочага руху. Левы пруданіст, чл. Інтэрнацыянала 1-га (з 1865). Стварыў і ўзначаліў прафсаюз пераплётчыкаў Парыжа, у 1869 аб’яднаў прафс. арг-цыі Парыжа ў Федэральную палату рабочых т-ваў. З 1870 старшыня Парыжскай федэрацыі Інтэрнацыянала. Адзін з кіраўнікоў паўстання 18.3.1871, чл. Парыжскай камуны 1871. Расстраляны версальцамі.
т. 4, с. 10
ВА́РМІНГ
(Warming) Іаганес Эўгеніус (3.11.1841, в-аў Манё, Данія — 2.4.1924),
дацкі батанік-эколаг і сістэматык; адзін з заснавальнікаў экалагічнай геаграфіі раслін і вучэння пра жыццёвыя формы. Праф. Капенгагенскага ун-та (1885—1911) і дырэктар Бат. саду ў Капенгагене. Навук. працы па вывучэнні разнастайных марфал. прыстасаванняў раслін да ўмоў існавання. Аўтар кн. «Сістэматыка раслін» (1879, рус. пер. 1893), «Расліна і яе жыццё» (1900, рус. пер. 1904).
т. 4, с. 10
ВА́РМІЯ
(Warmia),
гістарычная вобласць на Пн Польшчы на У ад г. Эльбланг і ніжняга цячэння Віслы. Знаходзіцца ў Альштынскім Паазер’і, у межах Альштынскага ваяводства. У старажытнасці тэрыторыя прускага племя вармаў. У пач. 13 ст. заваявана крыжакамі, з 1234 вылучана ў Вармінскае біскупства, падпарадкавана ордэну. З 1466 у складзе Польшчы, з 1773 — Прусіі. У 1945 вернута Польшчы.
т. 4, с. 10
ВА́РНА
(санскр.),
тэрмін для абазначэння 4 асн. саслоўяў у Стараж. Індыі (брахманы — жрацы, кшатрыі — воіны, вайшыі — радавыя супляменнікі, шудры — слугі абшчыны). Прыналежнасць да варны вызначалася нараджэннем. Члены першых трох варнаў у дзяцінстве праходзілі абрад пасвячэння, які лічылі другім нараджэннем, таму наз. «двойчы народжанымі». Шлюбы паміж прадстаўнікамі розных варнаў забараняліся. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. пачаўся працэс ператварэння сістэмы варнаў у сістэму кастаў. У сярэднія вякі пераважаў падзел на касты.
т. 4, с. 10
ВА́РНА,
горад на У Балгарыі. Адм. ц. Варненскай вобл. 308,6 тыс. ж. (1992). Гал. порт краіны на Чорным м. (звязаны паромам з укр. портам Ільічоўск). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны прамысл., культ. і турыстычны цэнтр. Прам-сць: судна- і дызелебудаванне, тэкст., швейная, харч. (мясная, кансервавая, вінаробная і інш.). ЦЭС. Прамысл. спадарожнік Варны — г. Дэўня (хім. прам-сць). ВНУ. НДІ акіянаграфіі і рыбнай гаспадаркі. Музеі. Тэатры. Рэшткі ант. і ранневізантыйскага горада. У раёне Варны прыморскія кліматычныя курорты Дружба, Залатыя Пяскі, Албена.
Засн. ў 6 ст. да н.э. як грэч. калонія Адэсас, з 7 ст. балг. горад Варна. У 1391—1878 пад уладай Турцыі. 10.11.1444 каля Варны адбылася бітва тур. войск султана Мурада II з арміяй кааліцыі еўрап. дзяржаў (венграў, палякаў, валахаў) на чале з каралём Польшчы і Венгрыі Уладзіславам III і венг. ваяводам Янашам Хуньядзі; саюзныя войскі пацярпелі паражэнне, Уладзіслаў III загінуў, што прадвызначыла далейшы лёс Балканаў і Канстанцінопаля. У час рус.-тур. войнаў 18—19 ст. рус. войскі тройчы вялі аблогу Варны (1723, 1810, 1828), у 1828 авалодалі горадам.
т. 4, с. 10
ВА́РНАЛІС
(Barnalēs) Костас (26.2.1884, г. Бургас, Балгарыя — 16.12.1974),
грэчаскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Соты» (1905) прасякнуты геданістычнымі і эстэцкімі матывамі. Аўтар зб-каў паліт. лірыкі «Свабодны свет» (1965), «Гнеў народа» (1975), паэм «Святло, якое пячэ» (1922), «Асаджаныя рабы» (1927), сатыр. аповесцяў-памфлетаў «Сапраўдная апалогія Сакрата» (1931; бел. пер. М.Бусла), «Дзённік Пенелопы» (1947) і інш., зб. памфлетаў «Дыктатары» (1954), драмы «Атал III» (1970), літ.-крытычных артыкулаў (кн. «Эстэтыка—крытыка», 1958).
Тв.:
Бел. пер. — Сапраўдная апалогія Сакрата // Далягляды. Мн., 1992;
Рус. пер. — Избранное. М., 1959;
Стихотворения и поэмы. М., 1985.
Літ.:
Мочос Я. Костас Варналис и литература греческого Сопротивления. М., 1968.
т. 4, с. 10
ВА́РНЕНСКІ ЗАЛІ́Ў,
заліў Чорнага м., каля берагоў Балгарыі. Даўж. 3 км, шыр. каля ўваходу 7 км, глыб. 10—18 м. У суровыя зімы замярзае. Порт — Варна.
т. 4, с. 10