Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАРДА́Р

(Vardar),

рака ў Македоніі і Грэцыі. Даўж. 388 км, пл. бас. 25,4 тыс. км². Пачынаецца і цячэ пераважна ў гарах Македоніі, нізоўі — на Саланікскай нізіне, упадае ў заліў Тэрмаікос Эгейскага м. Паводкі ў асенне-зімовы перыяд і вясною. Сярэдні расход вады 151 м³/с. Суднаходная. Выкарыстоўваецца пераважна на арашэнне. На Вардары — г. Скоп’е (Македонія).

т. 4, с. 8

ВА́РДЗІЯ,

музей-запаведнік у Грузіі, за 70 км на Пд ад г. Баржомі. Створаны ў асноўным у 1156—1205 (у гады праўлення Георгія III і яго дачкі царыцы Тамары) на паўд.-зах. мяжы Грузіі ў цясніне р. Кура як крэпасць і пячорны манастыр. Некалькі соцень жылых, культавых і гасп. пабудоў высечаны ў стромкай туфавай скале, размешчаны ярусамі і злучаны хадамі. На сценах гал. храма фрэскі, сярод якіх «Царыца Тамара і Георгій III» (1180-я г., майстар Георгій), паблізу храма — званіца (13—14 ст.). З 1938 — музей-запаведнік.

т. 4, с. 9

ВАР’ЕТЭ́

(франц. variété літар. разнастайнасць),

від тэатра, у праграму паказаў якога ўваходзяць забаўляльныя нумары тэатр., муз. і цыркавых жанраў. Уключае аднаактовыя камічныя п’ескі, парадыйныя сцэнкі, выступленні спевакоў, чытальнікаў, танцораў, штукароў і інш. Назва паходзіць ад парыжскага т-ра, т.зв. Вар’етэ-Мантансье (засн. ў 1790, з 1807 Т-р вар’етэ). Т-ры тыпу вар’етэ былі пашыраны ў гарадах Зах. Еўропы ў канцы 19 — пач. 20 ст. Сярод найб. вядомых сучасных вар’етэ «Мулен-Руж», «Фалі-Бержэр», «Лідо» (Парыж). У эфектных, багата аформленых пастаноўках вар’етэ ўзнік і зацвердіўся жанр рэвю. Існуюць радыё- і тэлевар’етэ, у праграмах якіх песні, скетчы і інш. эстр. нумары.

Літ.:

Gunther E. Geschichte des Varietes. 2 Aufl. Berlin, 1981.

т. 4, с. 9

ВА́РКАНЫ

(arkony) Зольтан (13.5.1912, Будапешт — 1979),

венгерскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Венгрыі (1962). Скончыў Тэатр. акадэмію (1934, Будапешт). На сцэне з 1935. З 1962 кіраўнік т-ра «Вігсінхаз» (Будапешт). Сярод роляў: Гамлет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра), Сірано дэ Бержэрак (аднайм. п’еса Э.Растана), Дофін («Святая Іаанна» Б.Шоу) і пастановак: «Месяц зайшоў» паводле Дж.Э.Стэйнбека, «Дымнае неба» І.Дарваша. З 1934 здымаўся ў кіно, з 1951 працаваў і як кінарэжысёр: «Фота Хабера» (1963), «Сыны чалавека з каменным сэрцам» (1965), «Венгерскі набоб» і «Золтан Карпаці» (1966), «Чорныя алмазы» (1976). Здымаўся ў большасці пастаўленых ім фільмаў. Прэмія імя Л.Кошута 1953, 1956.

т. 4, с. 9

В́АРКАЧ

(Warkotsch) Мікалай, дыпламат Свяшчэннай Рымскай імперыі 16 ст. Родам венгр, пляменнік караля польскага і вял. князя ВКЛ Стафана Баторыя. Як пасол імператара Рудольфа II у 1589, 1593 і 1594 наведаў Маскву, дзе вёў перагаворы пра сумесныя дзеянні адносна Рэчы Паспалітай і Турцыі. Пакінуў дзённікі 1-га і 3-га падарожжаў (ненадрукаваныя). Дзённік пасольства 1593 вёў Стафан Гейс, які даў звесткі пра гарады і мястэчкі Беларусі, праз якія ехала пасольства (Гародна, Вільня, Маладзечна, Лагойск, Барысаў, Орша, Дуброўна),

кароткае апісанне гар. замкаў. Дзённік упершыню апублікаваны ў 1820 на ням. мове.

Тв.:

Описание путешествтя в Москву Николая Варкоча, посла римского императора, в 1593 году // Проезжая по Московии. М., 1991.

В.С.Пазднякоў.

т. 4, с. 9

ВАРКУТА́,

горад у Расійскай Федэрацыі, у Рэспубліцы Комі, за Палярным кругам. Засн. ў 1931. 109,4 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Цэнтр здабычы вугалю (гл. Пячорскі вугальны басейн). Металаапрацоўка (рамонт горна-шахтавага абсталявання і буд. тэхнікі, вытв-сць буд. металаканструкцый), дрэваапр. (піламатэрыялы, мэбля), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, вата мінер. і інш.). Пячорскі н.-д. вугальны ін-т. Тэатры драм. і лялек. Краязнаўчы музей.

т. 4, с. 9

ВАРЛАА́М

(свецкае імя Шышацкі Рыгор; 1750, в. Красілаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 1821 ці 1823),

праваслаўны царк. дзеяч. Скончыў Пераяслаўскую духоўную семінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1776 прыняў манаства, у 1780—95 ігумен і архімандрыт манастыроў у Расіі, на бел. і літ. землях Рэчы Паспалітай. У 1793 памагаў мінскаму архіепіскапу Віктару (Садкоўскаму) вяртаць уніятаў да праваслаўя. З 1805 епіскап, з 1808 архіепіскап магілёўскі і віцебскі. У час вайны 1812 падтрымаў французаў, загадаў служыць набажэнствы за Напалеона. Пасля выгнання акупантаў прыцягнуты да адказнасці па справе аб здрадзе, у 1813 пазбаўлены сану і сасланы простым манахам у Ноўгарад-Северскі і Спаса-Праабражэнскі манастыр.

В.В.Антонаў.

т. 4, с. 9

ВАРЛА́МАЎ Аляксандр Ягоравіч

(27.11.1801, Масква — 27.10.1848),

рускі кампазітар, спявак, дырыжор. З 1811 у Пецярбургскай прыдворнай пеўчай капэле, у 1832—43 «кампазітар музыкі» і пам. капельмайстра імператарскіх т-раў у Маскве. З 1845 у Пецярбургу. Аўтар каля 200 рамансаў і песень, засн. на інтанацыях рус. гар. і сял. фальклору («Чырвоны сарафан», «Уздоўж па вуліцы мяцеліца мяце», «На світанні яе не будзі»), хароў, апрацовак рус. нар. песень і інш. Выступаў як камерны спявак, гітарыст і дырыжор. Аўтар аднаго з першых метадычных дапаможнікаў у галіне вак. педагогікі «Поўная школа спеваў» (1840).

т. 4, с. 9

ВАРЛА́МАЎ Віктар Мацвеевіч

(н. 26.5.1936, Мінск),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). У 1962—79 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працуе ў жанрах: бытавым, партрэта, пейзажа. У краявідах, выявах сучаснікаў — імкненне да псіхалагізму, гармоніі і класічнай завершанасці. Сярод твораў: «Мінск. Заходні мост» (1962), «У родны горад» (1964), «Наша вясна» (1966), «Мінск. Няміга» (1968), «Сямейны экіпаж» (1980), «Скрозь сонца, прастору і час» (1989), «Ноч. Царква святой Магдаліны» (1995); партрэты А.Марыкса (1973), А.Тычыны (1984), У.Гмызнікава (1985) і інш.

Л.Ф.Салавей.

т. 4, с. 9

ВАРЛА́МАЎ Канстанцін Аляксандравіч

(23.5.1848, С.-Пецярбург — 15.8.1915),

рускі акцёр. Сын А.Я.Варламава. На сцэне з 1867, з 1875 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Камедыйны акцёр-імправізатар, спалучаў традыцыі буфанады з псіхал. распрацоўкай вобразаў. Меў багаты па дыяпазоне голас. Сыграў каля 1000 роляў, большасць у вадэвілях. З класічнага рэпертуару: Варавін, Мурамскі («Справа», «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Восіп, Яічніца («Рэвізор», «Жаніцьба» М.Гогаля), Бальшакоў, Кураслепаў («Свае людзі — паладзім», «Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Сганарэль («Дон Жуан» Мальера). Варламава называлі «царом рус. смеху».

т. 4, с. 9