ВАРАНЧУ́К Андрэй Якаўлевіч
(н. 15.6.1915, в. Горваль Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Рэчыцкі педтэхнікум (1932), артыл. школу ў Куйбышаве (1939), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1947), Кіеўскі ун-т (1965). У Чырв. Арміі з 1938. Удзельнік баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: камандзір батарэі, дывізіёна, нач. артылерыі стралк. палка. Вызначыўся 15—17.10.1943 пры фарсіраванні Дняпра каля Лоева Гомельскай вобл.: батарэя пад камандаваннем лейт. Варанчука фарсіравала раку, захапіла плацдарм, знішчыла 5 агнявых кропак, 2 танкі ворага, адбіла некалькі контратак праціўніка, што спрыяла паспяховаму наступленню сав. войск. Да 1960 у Сав. Арміі, да 1985 на выкладчыцкай рабоце.
т. 4, с. 6
ВАРА́НЫ
(Varanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.
Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.
т. 4, с. 6
ВАРАНЬКО́ Платон Мікітавіч
(1.12.1913, в. Чарнеччына Ахтырскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 10.8.1988),
украінскі паэт. У 1938—41 вучыўся ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве. У Вял. Айч. вайну камандзір падраздзялення ў партызанскім злучэнні С.А.Каўпака. У зб-ках «Карпацкі рэйд» (1944), «Слаўны мір» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), «Цяпло зямлі маёй» (1959), «Разводдзе» (1970, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1972), «Сумленне памяці» (1980), «Асеніца» (1983) і інш. — героіка партыз. барацьбы і пасляваен. адбудовы, прыгажосць прыроды і чалавечых пачуццяў, роздум пра перажытае. Пісаў для дзяцей (за зб-кі «Чытаначка», «Аблятаў журавель», «Усім па сем» і інш. літ. прэмія імя Л.Украінкі 1976). Пераклаў на ўкр. мову творы П.Глебкі, В.Віткі. На бел. мову творы Варанько перакладалі А.Астапенка («Твая кніжка», 1954), А.Вялюгін («Хлопчык Памагай», 1958), С.Грахоўскі і інш. («Калыска памяці», 1983), а таксама М.Аўрамчык, Вітка, Н.Гілевіч, М.Калачынскі, Е.Лось, М.Танк, У.Шахавец (у кн. «Украінская савецкая паэзія. Анталогія», т. 2, 1975).
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1973.
В.А.Чабаненка.
т. 4, с. 6
ВАРАО́З
(Varroosis),
вараатоз (Varroatosis), эктапаразітная хвароба пчол і пячатнага расплоду. Выклікаецца кляшчом Varroa jacobsoni. Трапляецца ў многіх краінах Паўд.-Усх. Азіі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Беларусі. Пры масавым пашырэнні прыводзіць да вял. эканам. страт.
Крыніца інвазіі — хворыя сем’і, раі і зрэзаны трутневы расплод. Пашырэнню хваробы садзейнічаюць перамяшчэнне пчальнікоў, купля і продаж пчол. Клешч праходзіць поўны цыкл развіцця на кукалках пчол на працягу 8—9 сут і пашкоджвае дарослых насякомых. Пры вараозе назіраецца гібель недаразвітых кукалак пчол, нараджэнне нежыццяздольных трутняў і пчол з рознымі пачварнасцямі. Скарачаецца тэрмін жыцця матак, пашкоджаныя сем’і адстаюць у развіцці. Вясной і восенню хварэе пераважна пчаліны расплод, а ўлетку — трутневы.
т. 4, с. 6
ВАРАПА́ЕВА,
гар. пасёлак у Беларусі, у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. За 27 км ад Паставаў, 223 км ад Віцебска. Чыг. вузел (лініі на Лынтупы, Друю, Крулеўшчыну), аўтадарогай злучаны з Глыбокім і Паставамі. 4 тыс. ж. (1996).
У 19 ст. вёска ў Пастаўскай вол. Дзісенскага пав. Віленскай губ.; існавалі заезны дом, млын, валюшня. З 1921 у складзе Польшчы, у Дзісенскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Дунілавіцкім р-не. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравала ням. фашыстамі, разбурана. З 1950 гар. пасёлак, у 1950—60 цэнтр Дунілавіцкага р-на, у 1960—62 у Глыбоцкім р-не. У 1969 — 4,2 тыс. ж. Прадпрыемствы дрэваапр., буд. матэрыялаў, камбікормавай і харч. прам-сці.
Сярэдняя і дапаможная школы, Дом культуры, 3 клубы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, царква, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік садова-паркавага мастацтва — Варапаеўскі парк.
т. 4, с. 7
ВАРАПА́ЕЎ Іван Кірылавіч
(20.4.1905, в. Трубільня Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.11.1959),
генерал-маёр артылерыі (1944), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1934), Ваен. акадэмію Генштаба (1946). У Чырв. Арміі з 1927. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі (1936—39), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Паўд.-Зах., 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Удзельнік баёў пад Масквой, на Бярэзіне ў 1941, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Беларусі, Украіны, Польшчы, баёў на тэр. Германіі. Вызначыўся ў жн. 1944 пры фарсіраванні Віслы. За месяц наступальных баёў артылерыя корпуса пад яго камандаваннем знішчыла 106 танкаў і самаходных гармат, 172 мінамёты і гарматы ворага. Да 1950 у Сав. Арміі.
т. 4, с. 7
ВАРАПА́ЕЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў г.п. Варапаева (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.). Парк пейзажнага тыпу. Пл. 6,4 га. Створаны на аснове натуральнага хваёвага масіву ўздоўж зах. берага штучнага вадаёма.
Падзелены лагчынай на 2 часткі, злучаныя арачным мураваным мостам. Гал. ўезд у парк аформлены мураванай аркай, уезд у паўд. ч. вырашаны ў выглядзе 2 пар пілонаў рознай вышыні, папарна злучаных выгнутымі мураванымі сценамі. У парку растуць лістоўніца еўрапейская, клён ясенялісты, таполя бальзамічная і дэкар. кусты.
т. 4, с. 7