ВАРАНІ́ХІН Андрэй Нічыпаравіч
(28.10.1759, с. Новае Усолле Пермскай вобл., Расія — 5.3.1814),
рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Да 1785 прыгонны графа А.С.Строганава. З 1777 вучыўся ў Маскве жывапісу, а таксама архітэктуры ў В.Бажэнава і М.Казакова. З 1779 у Пецярбургу. Праф. Пецярбургскай АМ (1811—14). Асн. работы ў Пецярбургу: Казанскі сабор (1801—11) і Горны ін-т (1806—11). Прымаў удзел у стварэнні арх. ансамбляў у Паўлаўску і Пецяргофе (цяпер Петрадварэц). Выкарыстоўваў аблегчаныя канструкцыі, натуральныя буд. матэрыялы. Майстар інтэр’ера і малых арх. формаў.
т. 4, с. 5
ВАРАНОВІ́Ч Адольф Усцінавіч
(н. 15.6.1940, в. Мікольцы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1960). Да 1989 працаваў мастаком на Аршанскім ільнокамбінаце. З 1991 у час. «Полымя». Дэбютаваў вершамі ў 1957. З 1970 выступае як празаік. Паказвае жыццё сучаснай бел. вёскі, складанае і супярэчлівае, няпростыя чалавечыя лёсы. Сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей — асн. пафас лепшых яго твораў, якія вызначаюцца дакладнымі псіхал. партрэтамі герояў, увагай да выразных дэталяў, жывой нар. мовы.
Тв.:
Высокі падмурак. Мн., 1978;
Агні хат. Мн., 1986;
Жывая душа. Мн., 1993.
т. 4, с. 5
ВАРАНО́ВІЧ Васіль Васілевіч
(н. 2.2.1945, г. п. Лельчыцы Гомельскай вобл.),
бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. дз. маст. Беларусі (1989). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1974). Удасканальваў майстэрства ў І.Майсеева. З 1963 танцоўшчык, у 1982—95 гал. балетмайстар Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь. Глыбокае веданне бел. танц. фальклору і беражлівае стаўленне да яго ўвасоблены ў лепшых пастаноўках Варановіча («Мяцеліца», «Полька з прысюдамі», «Таўкачы», «Вялікі купальскі карагод», «Руская субацея», «Украінская сюіта»).
т. 4, с. 5
ВАРАНО́ВІЧ Іосіф Робертавіч
(н. 3.12.1928, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1953 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па лячэнні пераломаў, несапраўдных суставаў і дэфектаў касцей, эндапратэзаванні суставаў, дыягностыцы і лячэнні спінальных хворых і касцявых пухлін. Аўтар спосабу лячэння пераломаў мышчалак сцегнавой і вялікагалёначнай касцей з дапамогай спіц і клямара без ускрыцця каленнага сустава.
Тв.:
Остеосинтез металлическими спицами. Мн., 1969 (разам з Л.Я.Грыгор’евым);
Повреждения коленного сустава. Мн., 1971;
Заживление переломов костей: Эксперимент. и клинич. исслед. Мн., 1994 (у сааўт.).
т. 4, с. 5
ВАРА́НТ
(ад англ. warrant паўнамоцтва, правамоцтва),
1) пасведчанне, якое выдаецца таварнымі складамі аб прыняцці тавару на захоўванне. Дае права яго трымальніку ўзяць пазыку пад заклад названага ў варанце тавару.
2) Дадатковае пасведчанне, якое выдаецца разам з каштоўнай паперай і дае яе ўладальніку права на дадатковыя льготы па сканчэнні пэўнага тэрміну.
т. 4, с. 5
ВАРАНЦО́ВЫ,
дваранскі, графскі і княжацкі род у Расіі.
Родапачынальнік — Фёдар па мянушцы Варанец. З яго прапраўнука Сямёна Іванавіча (п. у 1518) пачалося ўзвышэнне роду. Яго сыны: Фёдар (Дзямід) Сямёнавіч (п. 21.7.1546), баярын (1544), пасля паражэння Шуйскіх у 1543 заняў кіруючае становішча ва ўрадзе малалетняга Івана IV Грознага, пад націскам Глінскіх абвінавачаны ў здрадзе і пакараны смерцю; Міхаіл Сямёнавіч (п. у 1539), баярын (з 1531), у час праўлення Алены Глінскай (1533—38) адзін з бліжэйшых памочнікаў М.Глінскага, у 1534 разам з ім пасаджаны ў цямніцу, у 1535 памілаваны, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць ВКЛ; Іларыён Гаўрылавіч (1674—25.5.1750), сенатар з 1742, яго сыны — Раман Іларыёнавіч (28.7.1707—12.12.1883), дзярж. дзеяч, з 1760 сенатар, Міхаіл Іларыёнавіч (23.7.1714—26.2.1767), дзярж. дзеяч, дыпламат, актыўны ўдзельнік дварцовага перавароту ў ліст. 1741, у 1758—62 канцлер. Сыны Рамана Іларыёнавіча: Аляксандр Раманавіч (15.9.1741—14.12.1805), дзярж. дзеяч і дыпламат, удзельнічаў у заключэнні важнейшых дагавораў Расіі з Францыяй (1786), Швецыяй (1790) і Турцыяй (Яскі мір 1791), з 1779 сенатар; Сямён Раманавіч (26.6.1744—1832), дзярж. дзеяч, дыпламат. Сын апошняга Міхаіл Сямёнавіч (30.5.1782—18.11.1856), дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал, удзельнік вайны 1812. З 1823 ген.-губернатар новарасійскі, у 1828—44 і бесарабскі. У 1844—54 намеснік на Каўказе і галоўнакаманд. Асобным каўказскім корпусам.
т. 4, с. 5
ВАРАНЦО́Ў Аляксандр Нічыпаравіч
(22.9.1907, в. Панькоўская Буда Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 23.1.1973),
Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. Зімой 1942—43 удзельнічаў у рэйдзе па тылах ворага ў раёне Ржэў—Сычоўка—Нялідава (Расія), з вер. 1943 у складзе войск Бранскага фронту. Вызначыўся пры фарсіраванні Дзясны, у баях на тэр. Германіі.
т. 4, с. 6
ВАРАНЦО́Ў Васіль Паўлавіч
(літ. псеўданім В.В.; 1847, г. Екацярынаслаў — 9.12.1918),
рускі эканаміст, сацыёлаг і публіцыст, ідэолаг ліберальнага народніцтва. У працах «Лёс капіталізму ў Расіі» (1882), «Прагрэсіўныя плыні ў сялянскай гаспадарцы» (1892) і інш. ацэньваў развіццё капіталізму ў Расіі як з’яву шкодную, рэгрэсіўную, ідэалізаваў сял. абшчыны, абараняў дробную таварную вытворчасць. Лічыў немагчымай рэалізацыю ідэй марксізму ў Расіі.
т. 4, с. 6
ВАРАНЦО́Ў Даніла Сямёнавіч
(24.12.1886, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 12.7.1965),
савецкі электрафізіёлаг. Акад. АН Украіны (1957). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1912). З 1945 у Кіеўскім ун-це, у 1956 заснаваў і ўзначаліў лабараторыю электрафізіялогіі ў Ін-це фізіялогіі АН Украіны. Навук. працы па праблемах фізіялогіі нерв. дзейнасці, электрафізіял. вывучэнні працэсаў узбуджэння і тармажэння ў нерв. тканцы. Вывучаў прыроду павольных эл. ваганняў, якія ўзнікаюць у ц. н. с., адкрыў і прааналізаваў мелавую следавую электраадмоўнасць, што ўзнікае ў нерве. Высветліў паходжанне зубцоў электракардыяграмы. Даследаваў прыроду рэфрактарнасці і выявіў ан- і катэлектратанічныя фазы яе развіцця.
Тв.:
Общая электрофизиология. М., 1961;
Физиология животных и человека. Киев, 1952 (разам з А.І.Емчанкам).
т. 4, с. 6
ВАРАНЦЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 17 км ад Талачына, 140 км ад Віцебска, 16 км ад чыг. ст. Талачын. 301 ж., 114 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
Вядомы з 15 ст., належалі кн. Друцкім-Пуцяцічам. З канца 15 — пач. 16 ст. яе ўладальнікамі былі Іллінічы, Кішкі, Радзівілы, Сапегі, Нарушэвічы, Пацы, Воўкі і інш. З 1559 цэнтр воласці. На карце ВКЛ Т.Макоўскага (1613) пазначаны як мястэчка, цэнтр аднайм. маёнтка, уваходзілі ў Аршанскі пав. З 1772 у Рас. імперыі, сяло. Уваходзілі ў Копыскі, з 1861 у Аршанскі пав. Магілёўскай губ. У 1897 складаліся з 4 паселішчаў: панскага двара, 2 сёл (71 і 39 ж.), вёскі (185 ж). З 1924 у Воўкавіцкім с/с Талачынскага р-на. У 1970 — 235 ж.
т. 4, с. 6