Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАСЛУ́ШНІК,

асоба, якая рыхтуецца да пострыгу ў манахі і праходзіць выпрабаванні. Прымае зарок жыцця ў манастыры. У адпаведнасці з манастырскім статутам выконвае розныя паслушэнствы (ніжэйшыя абавязкі ў час царк. службы і ў манастырскай гаспадарцы).

т. 12, с. 165

ПАСЛЯДЗЕ́ЯННЕ МАГНІ́ТНАЕ,

тое, што магнітная вязкасць.

т. 12, с. 165

ПАСЛЯДО́ВІЧ (Аляксандра Ануфрыеўна) (23.4.1918, Мінск — 23.4.1988),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучылася ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыла Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1950). У 1964—66 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Творы вызначаюцца арган. спалучэннем манум. эпічнасці вобразаў з паэтычнасцю, тонкім лірызмам, сувяззю з фальклорам, яркім нац. каларытам: серыі «Закарпацце», «Па родным краі» (абедзве 1961), «Па Італіі», «Па Балгарыі», «На Палессі», «Працоўныя Палесся» (усе 1965), «Па матывах беларускіх народных песень», «Вайна народная» (абедзве 1967), «Беларускія народныя святы» (1969), «Жанчыны Палесся» (1971—72), «Народныя майстры» (1973), «Беларускія песні» (1974) і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (П.​Панчанкі, 1963; А.​Пашкевіч, 1976), нацюрмортаў («Званочкі», 1977; «Нацюрморт з маленькім саламяным конікам», 1980), афармлення кніг («Рыбакова хата» Я.​Коласа, 1962; «Кацярына» Т.​Шаўчэнкі, 1964) і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Алеся Паслядовіч. Мн., 1975;

Воронова О. Александра Последович: Графика. М., 1984.

А.Паслядовіч. Гаспадыня. З серыі «Жанчыны Палесся». 1971.

т. 12, с. 165

ПАСЛЯДО́ВІЧ (Макар Трафімавіч) (21.8.1906, в. Караваева Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 30.12.1984),

бел. пісьменнік. З 1925 працаваў у газ. «Беларуская вёска», з 1935 у час. «Полымя рэвалюцыі», з 1945 у газ. «Звязда». Друкаваўся з 1925. Зб-кі апавяд. «Зруйнаваныя межы», «Людзі вясны» (абодва 1930), «Чатырнаццаты нумар» (1934), аповесці «Марсель» (1931), «Хада ў заўтра» (1933) пра сац. змены на вёсцы. Раман «Паўстанне» (1940) пра партыз. барацьбу ў часы герм. і польскай акупацыі Беларусі. Раман «Святло над Ліпскам» (кн. 1—2, 1949—52) пра аднаўленне пасляваен. вёскі. Аўтар аповесцей «Магістральны канал», «Цёплае дыханне» (абедзве 1947), «З табою побач» (1956—59, пра К.​П.​Арлоўскага), «Па воўчых сцежках» (1957), зб-каў гумарыст. апавяд. «Двайное дно» (1964), літ. пародый і памфлетаў «Наравісты Пегас» (1968), нарысаў «Мяцежнае сэрца» (1959), «Салігорскае дзіва» (1963), кніжак апавяд. для дзяцей «Вучоны верабей» (1938), «Зялёны канверт» (1964), п’ес «Гонар» (1934), «Гарачае сэрца» (1938), «Шалёная рысь» (1939). На бел. мову пераклаў апавяданні А.​Пушкіна, А.​Чэхава, аповесці М.​Гогаля «Тарас Бульба» (з А.​Бачылам), П.​Бажова «Зялёны конік», раманы Ж.​Верна «Таямнічы востраў», М.​Астроўскага «Народжаныя бурай», «Як гартавалася сталь» і інш.

Тв.:

Зб. твораў. Т. 1—2. Мн., 1961;

Аповесці. Апавяданні. Мн., 1970;

Чырвоныя стрэлы: Апавяданні. Мн., 1988.

М.Т.Паслядовіч.

т. 12, с. 165

ПАСЛЯДО́ЎНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

спосаб злучэння 2 ці болей крыніц або прыёмнікаў эл. энергіі, пры якім праз іх праходзіць адзін і той жа ток. Выключэнне аднаго элемента перарывае ток ва ўсім электрычным ланцугу.

П.з. крыніц эл. энергіі E1, ..., En выкарыстоўваецца, каб атрымаць больш высокае напружанне. Агульнае напружанне раўняецца суме ўсіх асобных напружанняў (алгебраічнай пры пастаянным току, вектарнай пры пераменным). Пры П.з. прыёмнікаў эл. энергіі напружанне размяркоўваецца паміж імі прапарцыянальна іх супраціўленням. Паслядоўна злучаныя супраціўленні R1, ..., Rn даюць агульнае супраціўленне эл. ланцуга R = R1 + ... + Rn. Пры П.э. ёмістасцей C1, ..., Cn агульная ёмістасць ланцуга C вызначаецца формулай: 1 C = 1 C1 + ... + 1 Cn . Пры паслядоўным уключэнні індуктыўнасцей L1, ..., Ln агульная індуктыўнасць L = L1 + ... + Ln.

Схема паслядоўнага злучэння.

т. 12, с. 165

ПАСЛЯДО́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,

сукупнасць аб’ектаў адвольнай прыроды, занумараваных натуральнымі лікамі 1, 2, 3, ..., n, ..., . Запісваецца ў выглядзе {x1, x2..., xn...} ці скарочана {xn}. Элементы x1, x2, ... наз. членамі П.

П. лічаць зададзенай аналітычна, калі зададзена формула яе агульнага члена, напр., формула 𝑓(n) = a + d(n − 1) задае агульны член арыфметычнай прагрэсіі, 𝑓(n) = aq​n−1геаметрычнай прагрэсіі. П. з мноства рэчаісных лікаў наз. лікавай П. і вызначаецца формулай xn = φ(n), дзе φ(n) — функцыя натуральнага аргумента n. П. можна задаць і калі невядома формула яе агульнага члена, напр., П. простых лікаў 2, 5, 7, 11, 13, 17... Выкарыстоўваюцца таксама функцыянальныя П., агульны член якіх — функцыя аднаго ці больш аргументаў, залежная ад n.

т. 12, с. 166

ПАСЛЯДО́ЎНЫХ НАБЛІЖЭ́ННЯЎ МЕ́ТАД,

метад рашэння матэм. задач з дапамогай паслядоўнасцей набліжэнняў, якія збягаюцца да іх дакладнага рашэння. Кожнае набліжанае рашэнне знаходзіцца паводле рэкурэнтных формул.

Зыходнае ўраўненне, напр., віду F(x) = 0, пераўтвараецца ў раўнасільнае ўраўненне віду x = 𝑓(x) і будуецца паслядоўнасць a0, a1 = 𝑓(a0), a2 = 𝑓(a2), a3 = 𝑓(a2), дзе a0 — пачатковае набліжэнне. Пры пэўных умовах пабудаваная паслядоўнасць збягаецца да дакладнага рашэння. Выкарыстоўваецца для вылічэння каранёў алг. і трансцэндэнтных ураўненняў, доказу існавання дакладных і пабудовы набліжаных рашэнняў дыферэнцыяльных, інтэгральных, інтэгра-дыферэнцыяльных і функцыянальных ураўненняў, для вызначэння якасных характарыстык рашэнняў і інш.

А.​А.​Гусак.

т. 12, с. 166

ПАСЛЯДО́ЎНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

гл. ў арт. Складаныя рэакцыі.

т. 12, с. 166

ПАСЛЯДО́ЎНЫ АНА́ЛІЗ у матэматычнай статыстыцы,

метад рашэння статыстычных задач, пры якім неабходная колькасць назіранняў (аб’ём выбаркі) вызначаецца ў працэсе эксперыменту па яго выніках. Адна з пераваг — у многіх выпадках для атрымання абгрунтаваных вывадаў можна абмежавацца значна меншым аб’ёмам выбаркі, чым у метадах з загадзя вызначаным яе аб’ёмам. Вызначэнне неабходнай колькасці эксперыментаў — адна з задач планавання эксперыменту. П.а. выкарыстоўваецца ў статыст. радыёлакацыі, паслядоўным кантролі вытв-сці, выпрабаваннях вырабаў на даўгавечнасць.

т. 12, с. 166

ПАСЛЯЗАРО́ДКАВАЕ РАЗВІЦЦЁ,

гл. Постэмбрыянальнае развіццё.

т. 12, с. 166