ПАСЛЯДО́ВІЧ (Аляксандра Ануфрыеўна) (23.4.1918, Мінск — 23.4.1988),
бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Вучылася ў Віцебскім маст. вучылішчы (1938—41), скончыла Ленінградскі ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Рэпіна (1950). У 1964—66 выкладала ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі. Творы вызначаюцца арган. спалучэннем манум. эпічнасці вобразаў з паэтычнасцю, тонкім лірызмам, сувяззю з фальклорам, яркім нац. каларытам: серыі «Закарпацце», «Па родным краі» (абедзве 1961), «Па Італіі», «Па Балгарыі», «На Палессі», «Працоўныя Палесся» (усе 1965), «Па матывах беларускіх народных песень», «Вайна народная» (абедзве 1967), «Беларускія народныя святы» (1969), «Жанчыны Палесся» (1971—72), «Народныя майстры» (1973), «Беларускія песні» (1974) і інш. Аўтар шэрагу партрэтаў (П.Панчанкі, 1963; А.Пашкевіч, 1976), нацюрмортаў («Званочкі», 1977; «Нацюрморт з маленькім саламяным конікам», 1980), афармлення кніг («Рыбакова хата» Я.Коласа, 1962; «Кацярына» Т.Шаўчэнкі, 1964) і інш.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Алеся Паслядовіч. Мн., 1975;
Воронова О. Александра Последович: Графика. М., 1984.
А.Паслядовіч. Гаспадыня. З серыі «Жанчыны Палесся». 1971.