Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІХІЕ́ВІЧ (Леў Мікалаевіч) (н. 15.6.1920, в. Рэчкі Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн., Карэльскім, Волхаўскім, 2-м Бел. франтах. Камандзір сапёрнага ўзвода старшына М. вызначыўся ў лютым 1944 у баях на Мурманскім, у чэрв. 1944 на Кандалакшскім напрамках, у сак. 1945 у баі каля г. Гдыня (Польшча). Да 1957 у Сав. Арміі.

т. 10, с. 487

МІ́ХІН (Мікалай Андрыянавіч) (16.7.1872, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 21.11.1946),

расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р вет. н. (1936), праф. (1919). Скончыў вет. ін-т у г. Юр’еў (1896, цяпер Тарту, Эстонія). З 1919 першы рэктар Маскоўскага вет. ін-та, потым заг. кафедры. Навук. працы па бактэрыялогіі і імуналогіі. Адкрыў узбуджальніка лептаспірозу буйн. раг. жывёлы, распрацаваў методыкі прыгатавання шэрагу вакцын і сываратак.

Тв.:

Курс частной микробиологии для ветеринарных врачей и студентов. М.; Л., 1926.

т. 10, с. 487

МІ́ХНАВІЧЫ,

вёска ў Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., каля р. Прыпяць; чыг. станцыя (Кацуры) на лініі Калінкавічы—Лунінец. Цэнтр сельсавета. За 21 км на З ад г. Калінкавічы, 143 км ад Гомеля. 496 ж., 216 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 10, с. 487

МІХНЕ́ВІЧ (Арнольд Яфімавіч) (н. 9.9. 1936, Мінск),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1977), праф. (1980). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1958). З 1961 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1983 у Ін-це паліталогіі і сац. кіравання, з 1991 прарэктар і заг. кафедры Мінскага лінгвістычнага ун-та, з 1995 у Бел. ін-це праблем культуры (з 1998 рэктар), з 2000 адначасова заг. кафедры сучаснай бел. мовы філал. ф-та БДУ. Даследуе пытанні граматыкі, лексікалогіі, лексікаграфіі, этымалогіі бел. мовы, культуры бел. і рус. моў, супастаўляльнай і сац. лінгвістыкі, рыторыкі і культуралогіі: «Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове: (Трансфармацыйны аналіз)» (1965), «З гісторыі прамоўніцкага мастацтва» (1972), «У глыб слова чалавечага» (1982), «Мова, якой няма...» (1988) і інш. Сааўтар «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 2, 1980), «Беларуска-рускага паралексічнага слоўніка-даведніка» (1985), «Англа-беларускага размоўніка» (1992, з Н.​М.​Навічэнка), кніг «Грамадства — мова — палітыка» (1988), «Беларуская мова для тых, хто гаворыць па-руску» (3-е выд. 1990), «Культура рускай мовы ў пытаннях і адказах» (1996), «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (1994, Дзярж. прэмія Беларусі 1998) і інш.

Тв.:

Праблемы семантыка-сінтаксічнага даследавання беларускай мовы. Мн., 1976;

Вазьмі маё слова...: Нататкі аб лексіч. узаемаўплыве бел. і рус. моў у кантэксце ўзаемадзеяння культур. Мн., 1990 (разам з А.​Гіруцкім);

Русско-белорусский разговорник. Мн., 1991.

Літ.:

А.​Я.​Міхневіч: Біябібліягр. паказ. Мн., 1996.

І.​К.​Германовіч.

А.Я.Міхневіч.

т. 10, с. 487

МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

МІХНЕ́ВІЧ (Эдуард Іванавіч) (н. 21.1.1941, в. Чаркесы Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі і воднай гаспадаркі. Д-р тэхн. н. (1991), праф. (1993). Скончыў БПІ (1962). З 1962 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1993 у БПА (з 1994 заг. кафедры). Навук. працы па рэчышчавых працэсах, рэгуляванні і ўстойлівасці рэк і каналаў, гідраэкалогіі і водазабеспячэнні.

Тв.:

Новые типы креплений мелиоративных каналов. Мн., 1978;

Мелиорация и водное хозяйство: Справ. Т. 3. Осушение. М., 1985 (у сааўт.);

Устойчивость русл открытых водотоков. Мн., 1988.

т. 10, с. 487

МІХНЮ́К (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 27.9.1947, в. Грушчаны Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1987), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1969). З 1992 дырэктар Бел. НДІ дакументазнаўства і архіўнай справы. У 1997—98 заг. аддзела Камісіі па міжнар. справах і нац. бяспецы Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь. З 1998 у БДУ. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 2, 1995), аўтараў і складальнікаў зб-каў дакументаў і матэрыялаў «Знешняя палітыка Беларусі» (т. 1—2, 1997—99), «Антон Луцкевіч: матэрыялы следчай справы НКУС БССР» (1997).

Тв.:

Крестьянство Белоруссии на пути к социализму: Историогр. очерк. Мн., 1979;

Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919—1941 гг.). Мн., 1985;

Историческая наука БССР, 80-е годы. Мн., 1987 (разам з П.​Ц.​Петрыкавым);

Арыштаваць у высылцы: Дак. нарыс пра Алеся Дудара. Мн., 1996;

Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіягр. Браніслава Тарашкевіча. Мн., 1999 (разам з А.​І.​Валахановічам).

т. 10, с. 487

МІХО́ЭЛС (сапр. Воўсі) Саламон Міхайлавіч

(16.3.1890, г. Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 13.1.1948),

яўрэйскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арг. СССР (1939). З 1919 у яўр. тэатр. студыі А.​Граноўскага ў Петраградзе, з 1921 у Дзярж. яўр. т-ры ў Маскве (з 1929 маст. кіраўнік). Выкладаў у вучылішчы пры Маскоўскім яўр. т-ры, з 1941 праф. У 1941—45 старшыня яўр. антыфаш. к-та.

Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Створаныя М. сцэн. вобразы вызначаліся філас. глыбінёй, тэмпераментнасцю, вастрынёй і манументальнасцю формы, пластычнай выразнасцю: Веніямін («Падарожжа Веніяміна III» Мендэле-Мойхер-Сфорыма), Зайвл Авадзіс («Сям’я Авадзіс» П.​Маркіша), Менахем-Мендэль, Тэўе, Шымеле Сарокер («Агенты», «Тэўе-малочнік», «200 тысяч» паводле Шолам-Алейхема), Лір («Кароль Лір» У.​Шэкспіра) і інш. Сярод лепшых пастановак: «Чатыры дні», «Суламіф» (сцэнарый М., вершы С.​Галкіна, 1937), «Тэўе-малочнік» (1938) і «Блукальныя зоркі» (1941) паводле Шолам-Алейхема, «Фрэйлехс» З.​Шнеера (1945). Дзярж. прэмія СССР 1946. Загінуў у Мінску.

Тв.:

Статьи. Беседы. Речи. М., 1960.

С.М.Міхоэлс.

т. 10, с. 487

МІХРА́Б (араб. свяцілішча),

малітоўная ніша ў мячэці. Змяшчаецца ў сцяне, звернутай да Меккі (у ранніх мячэцях — да Іерусаліма). Бываюць у плане паўкруглыя, шматгранныя, радзей прамавугольныя. У завяршэнні — паўкупал, аздоблены арнаментальнай разьбой, інкрустацыяй, размалёўкай. У некат. мячэцях М. можа быць некалькі.

Міхраб (злева) і мінбар мячэці ў г.п. Іўе Гродзенскай вобл.

т. 10, с. 487