Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІЛУО́КІ (Milwaukee),

горад на Пн ЗША, у штаце Вісконсін. Каля 630 тыс. ж., з прыгарадамі 1,7 тыс. ж. (1998). Порт на воз. Мічыган, пры ўпадзенні р. Мілуокі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр маш.-буд. і металаапр. прам-сці. Вытв-сць рухавікоў, станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, электраматораў, трансфарматараў, с.-г., дарожна-буд. машын, горнага абсталявання і інш. металаёмістай прадукцыі; аўтамаб. (вытв-сць вузлоў і дэталей), прыладабуд., ваенная прам-сць. Чорная і каляровая металургія. Хім., нафтахім., харчасмакавая, паліграф. прам-сць. 2 ун-ты, кансерваторыя.

т. 10, с. 374

МІЛЬ ((Mill) Джон Сцюарт) (20.5.1806, Лондан — 8.5.1873),

англійскі філосаф, логік, эканаміст, грамадскі дзеяч ліберальна-дэмакр. кірунку. Яго філас., эканам. погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй Дж.​Берклі, Д.​Юма, А.​Конта, Д.​Рыкарда, І.​Бентама. У «Аглядзе філасофіі сэра Вільяма Гамільтона...» (1865) М. з пазіцый фенаменалістычнага пазітывізму рабіў спробу пераадолець «метафізічныя» крайнасці матэрыялізму і ідэалізму шляхам абвяшчэння вопыту чалавека крыніцай ведаў, а іх прадметам — пачуцці. Матэрыя ў М. атаясамлівалася са сталай магчымасцю перажывання пачуццяў; сцвярджалася існаванне рэчаў у працэсе іх успрымання суб’ектам пазнавальнай дзейнасці і даступнасць пазнанню выключна «з’яў», межы якіх яно не ў стане пераадолець. Навук. ўклад М. — індуктывісцкая трактоўка логікі як агульнай метадалогіі навук і распрацоўка метадаў індуктыўнага даследавання прычыннай сувязі. Этычныя погляды М. абапіраліся на утылізатарысцкую этыку Бентама і служылі яе развіццём у кірунку прызнання грамадскай каштоўнасці бескарыслівых імкненняў асобы, неабходнасці ўлічваць разнастайныя інтарэсы, што стрымліваюць эгаізм («Утылітарызм», 1863). У паліт. эканоміі выступаў супраць класічнай эканам. тэорыі А.​Сміта, абгрунтоўваў канцэпцыю вытв. затрат, абараняў тэорыю народанасельніцтва Мальтуса («Падставы палітычнай эканоміі...», т. 1—2, 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Обзор философии сэра Вильяма Гамильтона и главных философских вопросов... СПб., 1869;

Основания политической экономии. СПб., 1909;

Система логики силлогистической и индуктивной. 2 изд. М., 1914.

В.​І.​Боўш.

т. 10, с. 374

МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),

англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д.Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».

т. 10, с. 374

МІЛЬ (Міхаіл Лявонавіч) (22.11.1909, г. Іркуцк, Расія — 31.1.1970),

расійскі вучоны і канструктар верталётаў. Д-р тэхн. н. (1945), праф. (1967). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Новачаркаскі авіяц. ін-т (1931). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це (ЦАГІ) імя М.​Я.​Жукоўскага. У 1936 інжынер КБ па вінтакрылых апаратах, потым нам. гал. канструктара М.І.Камава. У 1943—47 навук. супрацоўнік, нач. лабараторыі ў ЦАГІ. Са снеж. 1947 гал. канструктар КБ верталётабудаўніцтва, з 1964 ген. канструктар. Пад яго кіраўніцтвам у 1951 створаны першы сав. серыйны 3-месны верталёт Мі-1; у далейшым верталёты Мі-2, -4, -6, -8, -10, -10К, В-12 і інш. На верталётах канструкцыі М. ўстаноўлена 60 афіц. сусв. рэкордаў. Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэмія СССР 1968.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980.

М.Л.Міль.

т. 10, с. 374

МІЛЬЕРА́Н ((Millerand) Аляксандр) (10.2.1859, Парыж — 6.4.1943),

французскі дзярж. і паліт. дзеяч, адвакат. Набыў вядомасць абаронай рабочых і забастоўшчыкаў на судовых працэсах 1880-х г. З 1885 неаднаразова выбіраўся членам палаты дэпутатаў. З пач. 1890-х г. у сацыяліст. руху, прыхільнік рэфармісцкай палітыкі. У 1899 увайшоў як міністр гандлю і прам-сці ў кабінет Р.​Вальдэка-Русо (першы ў гісторыі выпадак удзелу сацыяліста ва ўрадзе). Удзел М. ва ўрадзе прывёў да канфлікту ў Франц. сацыяліст. партыі і еўрап. сацыяліст. руху, узнікнення ў ім рэфармісцкай плыні, якая адмаўлялася ад рэв. мэт і метадаў (т.зв. мільеранізм). У 1904 выключаны з Франц. сацыяліст. партыі. У 1909—20 займаў шэраг высокіх урадавых пасад. У студз.вер. 1920 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў, падтрымліваў Польшчу ў савецка-польскай вайне 1920, афіцыйна прызнаваў урад П.М.Урангеля як прадстаўніка Расіі. У 1920—24 прэзідэнт Францыі (падаў у адстаўку пад націскам правых). У 1925 і 1927 выбіраўся ў Сенат.

т. 10, с. 374

МІЛЬЁН (франц. million),

тысяча тысяч, лік, які ў дзесятковым запісе мае выгляд адзінкі з 6 нулямі (лік 10⁶).

т. 10, с. 374

МІЛЬЁНШЧЫКАЎ (Міхаіл Дзмітрыевіч) (16.1.1913, г. Грозны, Расія — 27.5.1973),

расійскі вучоны ў галіне механікі і прыкладной фізікі. Акад. АН СССР (1962, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Грозненскі нафтавы ін-т (1932). З 1934 у Маскоўскім авіяц. ін-це, з 1944 у Ін-це механікі, з 1949 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. З 1962 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па механіцы, ядз. энергетыцы, газавай дынаміцы і фізіцы плазмы. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1954. Ленінская прэмія 1961.

М.​Дз.Мільёншчыкаў.

т. 10, с. 374

МІ́ЛЬТАН, Мілтан (Milton) Джон (9.12.1608, Лондан — 8.11.1674), англійскі паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1632). Пісаў на англ., італьян. і лац. мовах. Раннія творы (цыклы вершаў, санетаў, п’еса-маска «Комус», 1634; элегія «Лісідас», 1638, і інш.) адзначаны эстэтыкай, пераходнай ад Рэнесансу да Новага часу, у цэнтры — праблемы выбару шляху, прызначэння чалавека. У абарону рэсп. ідэалаў, свабоды слова і сумлення стварыў шматлікія трактаты і памфлеты: «Арэапагітыка» (1644), «Іканаборца» (1649), «Абарона англійскага народа» (1650) і інш. Вяршыня яго творчасці — эпічныя паэмы на біблейскія сюжэты «Страчаны рай» (1667) і «Вернуты рай» (1671), у якіх узняты праблемы пазнання Дабра і Зла, іх процістаяння і дыялект. адзінства, сэнсу жыцця і гіст. лёсу чалавецтва. Паэмы з рысамі барока і класіцызму адзначаны маштабнасцю вобразаў, складанай метафарычнасцю, сімволікай і алегарычнасцю. Аўтар трагедыі «Самсон-змагар» (1671), гіст. прац. «Гісторыя Брытаніі» (1670), «Кароткая гісторыя Масковіі» (1682).

Тв.:

Рус. пер. — Потерянный рай. Стихотворения. Самсон-борец. М., 1976.

Літ.:

Чамеев А.А. Джон Мильтон и его поэма «Потерянный рай». Л., 1986.

Г.​В.​Сініла.

Дж.Мільтан.

т. 10, с. 374

МІЛЬТЫЯ́Д (Miltiadēs; каля 550—489 да н.э.),

старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, палкаводзец. Са знатнага афінскага роду Філаідаў. Бацька Кімана. Паміж 523—513 да н.э. сасланы тыранам Гіпіем на Херсанес Фракійскі, дзе атрымаў у спадчыну ўладу свайго брата Стэсагора і стаў тыранам. Удзельнік паходу супраць скіфаў (514—513 да н.э.). Падпарадкаваў Афінам Лемнас і інш. Кікладскія а-вы. Падтрымліваў грэч. гарады М. Азіі ў час іх паўстання супраць Персіі (500—494 да н.э.). Пасля задушэння паўстання гарадоў уцёк у Афіны, дзе прыцягваўся да суда як б. тыран, але быў апраўданы. У 490 да н.э. выбраны адным са стратэгаў і ўзначаліў грэч. войска ў час Марафонскай бітвы, у якой атрымаў перамогу. У 489 да н.э. ўдзельнічаў у экспедыцыі супраць астравоў, што адасобіліся ад Афін; за няўдалыя ваен. дзеянні на в-ве Парас прыгавораны да грашовага штрафу, які перавышаў яго маёмасць. Памёр у турме; паводле інш. звестак, памёр раней ад ран.

т. 10, с. 375

МІЛЬЦІ́НІС ((Miltinis) Юозас) (16.9.1907, в. Дабікіне, Шаўляйскага пав., Літва — 1994),

літоўскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў тэатр. вучылішча ў Каўнасе (1931), тэатр. студыю ў Парыжы у Ш.​Дзюлена (1937). У 1937—38 вучыўся ў Лондане. У 1931—37 акцёр Шаўляйскага драм. т-ра, з 1938 кіраўнік тэатр. студыі ў Каўнасе, у 1940—80 (з перапынкам) маст. кіраўнік, гал. рэжысёр Панявежскага драм. т-ра. У 1954—59 рэжысёр Літ. кінастудыі. Творчасці ўласцівы імкненне да філас. інтэлектуальнай трактоўкі п’есы. Сярод пастановак: «Вальпоне» Б.​Джонсана (1941, іграў роль Вальпоне), «Рэвізор» М.​Гогаля (1946, 1978), «Прытворна хворы» Мальера (1950, роль Аргана), «Смерць коміваяжора» А.​Мілера (1958), «Іванаў» А.​Чэхава (1960), «Макбет» У.​Шэкспіра (1961), «Франк У» Ф.​Дзюрэнмата (1969), «Плюс не быў разумны» Ю.​Грушаса (1974), «Цар Эдып» Сафокла (1977).

т. 10, с. 375