МІЛЬЕРА́Н ((Millerand) Аляксандр) (10.2.1859, Парыж — 6.4.1943),
французскі дзярж. і паліт. дзеяч, адвакат. Набыў вядомасць абаронай рабочых і забастоўшчыкаў на судовых працэсах 1880-х г. З 1885 неаднаразова выбіраўся членам палаты дэпутатаў. З пач. 1890-х г. у сацыяліст. руху, прыхільнік рэфармісцкай палітыкі. У 1899 увайшоў як міністр гандлю і прам-сці ў кабінет Р.Вальдэка-Русо (першы ў гісторыі выпадак удзелу сацыяліста ва ўрадзе). Удзел М. ва ўрадзе прывёў да канфлікту ў Франц. сацыяліст. партыі і еўрап. сацыяліст. руху, узнікнення ў ім рэфармісцкай плыні, якая адмаўлялася ад рэв. мэт і метадаў (т.зв. мільеранізм). У 1904 выключаны з Франц. сацыяліст. партыі. У 1909—20 займаў шэраг высокіх урадавых пасад. У студз.—вер. 1920 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў, падтрымліваў Польшчу ў савецка-польскай вайне 1920, афіцыйна прызнаваў урад П.М.Урангеля як прадстаўніка Расіі. У 1920—24 прэзідэнт Францыі (падаў у адстаўку пад націскам правых). У 1925 і 1927 выбіраўся ў Сенат.
т. 10, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)