Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Уладзімір Віктаравіч) (н. 18.4.1940, Масква),

рускі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. СССР (1973). Скончыў Маскоўскае харэагр. вучылішча (1958). У 1958—88 саліст Вял. т-ра, з 1995 яго маст. кіраўнік — дырэктар. Творчасць Васільева вылучаецца сілай і прыгажосцю скачкоў і вярчэнняў, чысцінёй ліній, пластычнай дасканаласцю. Сярод партый: Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Пятрушка («Пятрушка» І.​Стравінскага), Шчаўкунок-Прынц» («Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага); першы выканаўца партыі Спартака («Спартак» А.​Хачатурана»; Ленінская прэмія 1970) і інш. Пастаянны партнёр К.Максімавай (жонка Васільева). Сярод пастановак: «Макбет» К.​Малчанава (1980, і выканаўца гал. партыі), «Папялушка» С.​Пракоф’ева (1991), опера «Травіята» Дж.​Вердзі (рэжысёр-пастаноўшчык; 1996). Першыя прэміі міжнар. конкурсаў артыстаў балета ў Вене (1959) і Варне (1964, Балгарыя), прэмія В.​Ф.​Ніжынскага (Парыж, 1964). З 1980-х г. выступае за рубяжом у спектаклях балетмайстраў М.Бежара, Р.Пці і інш.

У.Васільеў у ролі Спартака.

т. 4, с. 28

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Уладзімір Сямёнавіч) (н. 12.10.1936, г. Віцебск),

бел. вучоны-інфекцыяніст. Д-р мед. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1960). З 1963 у Гродзенскім мед. ін-це (з 1980 прарэктар). Навук. працы па клінічнай імуналогіі і прыкладной цытахіміі, дыягностыцы і лячэнні вірусных гепатытаў, інфекц. монануклеозе, менінгакокавай інфекцыі, сальманелёзах, дызентэрыі, трыхінелёзе і інш.

Тв.:

Водорастворимые витамины в инфекционной патологии. Мн., 1991 (разам з В.​І.​Комарам, А.​Г.​Майсяёнкам);

Практика инфекциониста. 2 изд. Мн., 1994 (разам з В.​І.​Комарам, У.​М.​Цыркуновым);

Немедикаментозное лечение инфекционных больных. Мн., 1996 (з імі ж).

т. 4, с. 28

ВАСІ́ЛЬЕЎ (Фёдар Аляксандравіч) (22.2.1850, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 6.10.1873),

рускі жывапісец-пейзажыст. Вучыўся ў Пецярбургу ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1866—67), у АМ (1871), зазнаў уплыў І.​Шышкіна, быў блізкі да І.М.Крамскога. Ужо ў ранніх пейзажах, напісаных насычанымі фарбамі, адухоўленых і рамантычна ўзнёслых, вобразы рус. прыроды паэтычныя і глыбокія («Перад навальніцай», 1868—69, і інш.). Вынікам сумеснай паездкі на Волгу з І.Рэпіным (1870) сталі малюнкі і жывапісныя творы («Від на Волзе. Баржы»). Найб. значныя яго пейзажы («Адліга», 1871, «Мокры луг», 1872) маюць эпічны і велічны характар («У крымскіх гарах», 1873). У Нац. маст. музеі Беларусі карціны Васільева «Пейзаж» (1869), «Крым» і «Перад навальніцай» (абедзве 1873).

Літ.:

Мальцева Ф.С. Ф.А. Васильев, 1850—1873. М., 1984.

Ф.Васільеў. Адліга. 1871.

т. 4, с. 28

ВАСІ́ЛЬЕЎКА,

вёска ў Беларусі, у Добрушскім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПдУ ад г. Добруш, 49 км ад Гомеля, 11 км ад чыг. ст. Церахоўка. 830 ж., 401 двор (1996). Цагельны з-д. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬЕЎСКІ (Васіль Рыгоравіч) (2.2.1838, Яраслаўская вобл., Расія — 25.5.1899),

расійскі гісторык, візанцініст. Акад. Пецярбургскай АН (1890), праф. (1870). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). Паклаў пачатак вывучэнню сац.-эканам. гісторыі Візантыі. Абгрунтаваў тэзіс пра падабенства эвалюцыі сац. і паліт. ладу Візантыі і краін сярэдневяковага Захаду. Даказаў існаванне ў візант. вёсцы 8—9 ст. вольнай сял. абшчыны, вызначыў уплыў славян на грамадскі лад Візантыі. Звязваў гісторыю Візантыі з гісторыяй зах. і ўсх. свету. Зрабіў выснову, што паходы русаў на Візантыю пачаліся задоўга да з’яўлення на Русі нарманаў, што хрышчэнню Русі папярэднічаў яе ваен. саюз з Візантыяй. Даследаваў і выдаваў візант. крыніцы (жыціі святых). Заснавальнік і адзін з рэдактараў час. «Византийский временник» (1894).

Тв.:

Труды. Т. 1—4. СПб.;

Л., 1908—30.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА,

слонімскі князь 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1281. У саюзе з валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам і інш. князямі памагаў мазавецкаму кн. Кандрату (Конраду) у міжусобнай барацьбе з Баляславам Мазавецкім. Гэта адзінае сведчанне пра існаванне Слонімскага княства і яго князя.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА (сапр. Міляеў) Васіль Сцяпанавіч

(7.4.1893, с. Бурты Чаркаскай вобл., Украіна — 18.3.1972),

украінскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар. арт. СССР (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1912, рэжысёрскую — у 1920. У 1926—56 (з перапынкамі) узначальваў Адэскі ўкраінскі муз.-драм. т-р (у 1948—56 — гал. рэжысёр). Сярод роляў: Шпак і Шальменка («Шальменка-дзяншчык» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі), Бублік («Платон Крэчат» А.​Карнейчука), Банка («Макбет» У.​Шэкспіра), Гараднічы («Рэвізор» М.​Гогаля). Паставіў спектаклі: «За двума зайцамі» паводле М.​Старыцкага (1925), «У нядзелю рана зелле капала...» паводле В.​Кабылянскай (1955), «Гайдамакі» паводле Т.​Шаўчэнкі (1961) і інш. Арганізатар шэрагу тэатр. студый, заснавальнік тэатр. музея ў Кіеве (1924).

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА БАРЫ́САВІЧ,

князь полацкі 13 ст. Упамінаецца ў «Гісторыі Расійскай» рас. гісторыка 18 ст. В.​М.​Тацішчава пад 1217—18 як сын полацкага кн. Барыса Давыдавіча і брат Вячкі. Разам з апошнім атрымаў ад бацькі ў трыманне Дзвінскую воласць (землі па Зах. Дзвіне). Пад 1218 упамінаецца як полацкі князь. Некаторыя гісторыкі ставяць пад сумненне верагоднасць звестак Тацішчава.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА БРАЧЫСЛА́ВАВІЧ,

ізяслаўскі (заслаўскі), магчыма і стрэжаўскі князь 12 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1180, калі разам з чарнігаўскімі князямі Яраславам Усеваладавічам і Ігарам Святаславічам, а таксама з віцебскім кн. Брачыславам Васількавічам, полацкім кн. Усяславам Васількавічам і лагожскім (лагойскім) кн. Усяславам Мікулічам, атрадам Літвы і ліваў удзельнічаў у вял. паходзе на Друцк, які знаходзіўся ў сферы ўплыву смаленскіх князёў, што варагавалі з паўд.-рускімі князямі.

т. 4, с. 29

ВАСІ́ЛЬКА ВАЛАДА́РАВІЧ,

лагожскі (лагойскі) князь 12 ст. У 1186 разам са смаленскім кн. Давыдам, яго сынам наўгародскім кн. Мсціславам і друцкім кн. Усяславам удзельнічаў у паходзе на Полацк. Полацкае веча вырашыла дамагацца мірнага ўрэгулявання канфлікту: палачане сустрэлі праціўнікаў з пашанай і паклонамі, далі ім шмат дароў; тыя, атрымаўшы ўзнагароду, згадзіліся на мір.

т. 4, с. 29