Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎТАМАШЫНІ́СТ,

сістэма аўтаматычнага кіравання рухам паяздоў. Грунтуецца на параўнанні сапраўднага часу перамяшчэння поезда з праграмным, які абмежаваны дапушчальнымі скарасцямі, інтэнсіўнасцю тармажэння і інш. Асн. частка аўтамашыніста — ЭВМ, якая па паказаннях датчыкаў скорасці поезда і шляху, што ён прайшоў, выбірае аптымальны рэжым руху. Выкарыстоўваецца пераважна на чыгунках з невял. інтэрваламі часу паміж паяздамі і на метрапалітэне.

т. 2, с. 117

АЎТАМЕТАМАРФІ́ЗМ

(ад аўта... + метамарфізм),

метамарфізм, звязаны са зменай мінер. саставу горнай пароды пад уздзеяннем раствораў і флюідаў парод, што фарміруюцца.

т. 2, с. 117

АЎТАМІ́КСІС

(ад аўта... + грэч. mixis змяшэнне),

гл. Самаапладненне.

т. 2, с. 117

АЎТАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ

(ад аўта... + грэч. morphē форма),

глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах «аўтаномнага» балансу вільгаці (толькі атм. ўвільгатненне) і рэчыва (адсутнасць прыносу). Такімі глебамі з’яўляюцца чарназёмы, шэразёмы, падзолістыя. Марфалагічны профіль аўтаморфных глебаў не мае каляровых прыкметаў агляення, часам у ім трапляюцца жалезістыя канкрэцыі і пунктацыі марганцу, што сведчыць аб кароткатэрміновым лішкавым увільгатненні. С.-г. расліны на такіх глебах не пашкоджваюцца вымаканнем. На Беларусі да аўтаморфных глебаў належаць дзярнова-карбанатныя глебы, бурыя лясныя глебы, падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя глебы.

т. 2, с. 117

АЎТАНІ́М

(ад аўта... + грэч. onym імя),

сапраўднае імя аўтара, які піша пад псеўданімам. Напрыклад, аўтанім Якуба Коласа — Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч, Янкі Купалы — Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

т. 2, с. 117

АЎТАНО́МІЯ

(ад аўта... + грэч. nomos закон),

1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б. СССР палітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.

2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням. нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у тым ліку Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.

3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл. Аўтакефалія).

Э.С.Дубянецкі.

т. 2, с. 117

АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў б. СССР, з 1992 у Расіі; адна з формаў аўтаноміі (да кастр. 1977 — нацыянальная акруга). Уваходзіць у склад краю ці вобласці. На 1995 у Расіі 10 аўтаномных акруг: Агінская Бурацкая, Карацкая, Комі-Пярмяцкая, Ненецкая, Таймырская (Даўгана-Ненецкая), Усць-Ардынская Бурацкая, Ханты-Мансійская, Чукоцкая, Эвенкійская, Ямала-Ненецкая (пра кожную гл. асобны арт.). Некаторыя аўтаномныя акругі абвясцілі сябе рэспублікамі, але паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі іх статус застаецца нязменным.

т. 2, с. 117

АЎТАНО́МНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у б. СССР вобласць, якая вызначалася асаблівасцямі нац. складу і быту і ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі ці краю на правах адм. аўтаноміі. У 1990 было 8 аўт. абласцей, з іх 5 у РСФСР: Адыгейская, Горна-Алтайская, Карачаева-Чэркеская, Хакаская і Яўрэйская; 1 у складзе Груз. ССР — Паўд.-Асецінская; 1у Азерб. ССР — Нагорна-Карабахская і 1 у Тадж. ССР — Горна-Бадахшанская. Пасля распаду СССР у Рас. Федэрацыі існуе Яўрэйская аўтаномная вобласць.

т. 2, с. 117

АЎТАНО́МНАЯ І ГЕТЭРАНО́МНАЯ Э́ТЫКА,

гл. ў арт. Этыка.

т. 2, с. 117

АЎТАНО́МНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

Аўтаномная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (АССР), у б. СССР нацыянальная дзяржаўная адзінка, якая ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі і ажыццяўляла дзярж. ўладу па-за межамі кампетэнцыі саюзнай рэспублікі на аўт. пачатках (гл. Аўтаномія). У 1990 было 20 АССР, з іх 16 у РСФСР. Пасля распаду СССР аўтаномныя рэспублікі захаваліся ў некаторых краінах СНД (у Азербайджане, Грузіі).

т. 2, с. 117