Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АВЕРО́ЭС,

гл. Ібн Рушд.

т. 1, с. 61

АВЕ́РС

(франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),

правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.

т. 1, с. 62

АВЕ́РСІЯ (ад франц. aversion агіда) сексуальная, адна з цяжкіх формаў сексуальнай дысфункцыі; стан, процілеглы лібіда. З’яўляецца вынікам узаемаадносін з партнёрам, які выклікае расчараванне сваімі паводзінамі, учынкамі і г.д., ці пэўнай псіхал. несумяшчальнасці партнёрскай пары.

т. 1, с. 62

АВЕРСО́ЛД,

сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.

т. 1, с. 62

АВЕ́РЧАНКА Аркадзь Цімафеевіч

(27.3.1881, г. Севастопаль — 12.3.1925),

рус. пісьменнік. З 1908 супрацоўнік, пазней рэдактар час. «Сатирикон», з 1913 рэдактар «Нового сатирикона». Аўтар зб-каў гумарыстычных апавяданняў «Вясёлыя вустрыцы» (1910), «Кругі па вадзе» (1912), «Пра добрых па сутнасці людзей» (1914), «Цуды ў рэшаце» (1915), «Пра маленькіх — для вялікіх» (1916), аповесці «Падходцаў і двое іншых» (1917), п’ес-мініяцюр, у якіх высмейваў заганы абывацеляў. Пасля 1917 у эміграцыі, дзе выдаў кн. апавяданняў «Тузін нажоў у спіну рэвалюцыі» (1921), раман «Жарт мецэната» (1925).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Спб., 1911—14;

Юмористические рассказы. М., 1964.

т. 1, с. 62

АВЕ́РЧАНКА Мікалай Іванавіч

(18.12.1922, в. Майсеенкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 4.7.1960),

Герой Сав. Саюза (1946). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 3-м і 4-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір гарматы ст. сяржант Аверчанка вызначыўся пры фарсіраванні рэк Одэр і Шпрэе ў баях за Берлін 14—27.4.1945.

т. 1, с. 62

АВЕ́РЫНА Наталля Георгіеўна

(н. 18.10.1942, Ташкент),

бел. біёлаг. Д-р біял. н. (1991). Скончыла БДУ (1966). З 1961 у Ін-це фотабіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па малекулярнай біяфізіцы і біяхіміі фотасінтэтычных мембран, біягенезе фотасінтэтычнага апарату і яго рэгуляцыі.

Тв.:

Биогенез пигментного аппарата фотосинтеза. Мн., 1988 (у сааўт.).

т. 1, с. 62

АВЕ́РЫНЦАЎ Сяргей Сяргеевіч, (н. 10.12.1937, Масква), рус. вучоны-філолаг, літаратуразнавец, перакладчык. Чл.-кар. Рас. АН (1987), акад. Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук. Скончыў Маскоўскі ун-т (1961). Працаваў у Ін-це гісторыі мастацтваў; з 1969 у Ін-це сусв. л-ры імя Горкага. Працы па гісторыі познаантычнай і сярэдневяковай л-ры; па зах. філасофіі культуры 20 ст. Аўтар вершаваных і празаічных перакладаў («Кніга Іова», творы Платона, Калімаха, Плутарха, Гёльдэрліна, Тракля, Гесэ і інш.). Адзін з аўтараў энцыклапедыі «Міфы народаў свету» (Т. 1—2, 1987—88). Дзярж. прэмія СССР.

Тв.:

Плутарх и античная биография. М., 1973;

Поэтика ранневизантийской литературы. М., 1977.

т. 1, с. 62

«АВЕ́СТА»,

збор свяшчэнных кніг зараастрызму ў некаторых стараж. народаў Ірана, Сярэдняй Азіі, Азербайджана і Афганістана. Узнікла, верагодна, у 1-й пал. 1-га тыс. да н.э., агульнапрызнаным канонам стала ў 3—7 ст. Напісана на стараж.-іранскіх дыялектах. Складаецца з рэліг. прадпісанняў, малітваў, гімнаў, мае шмат міфічных элементаў. Выкарыстоўваецца ў богаслужэнні парсаў (Індыя). Раннія часткі «Авесты» прыпісваюцца прароку Заратуштры (Зараастру).

т. 1, с. 62

АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мясавоўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.

Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.

т. 1, с. 62