АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мясавоўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.
Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.
т. 1, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)