АВУА́РЫ
(ад франц. avoir маёмасць, набытак),
1) актывы (грашовыя сродкі, вэксалі, чэкі, пераводы, акрэдытывы), за кошт якіх робяцца плацяжы і пагашаюцца абавязацельствы іх уладальнікаў; у вузкім сэнсе — ліквідная частка актываў (грашовыя сродкі банка на бягучых рахунках, дэпазітах, каштоўныя паперы, якія лёгка рэалізуюцца).
2) Сродкі банка ў замежнай валюце, золаце, якія знаходзяцца на яго рахунках у замежных банках. Сукупнасць такіх сродкаў, што належаць якой-н. краіне, называюць яе замежнымі авуарамі.
3) Уклады прыватных асоб і арг-цый у банках.
т. 1, с. 68
АВУЛЯ́ЦЫЯ
(ад лац. ovum яйцо),
фізіялагічны працэс выхаду спелых яйцаклетак (аацытаў) у млекакормячых з яечніка ў брушную поласць цела. Пры авуляцыі разрываюцца фалікулы (граафавыя пузыркі), яйцаклеткі засмоктваюцца ў яйцавод, дзе праходзяць апошнюю стадыю выспявання і могуць апладніцца. Авуляцыя адбываецца пад уплывам гармонаў пярэдняй долі гіпофіза. У жанчын авуляцыя часцей адбываецца паміж 7-м і 14-м днямі пасля пачатку менструацыі. У жывёл супадае з цечкай. Для авуляцыі ў жывёл патрэбны пэўныя ўмовы асяроддзя (даўж. светлавога дня, павышэнне т-ры паветра і вады і г.д.). Спыняецца з надыходам цяжарнасці.
т. 1, с. 68
АВУ́ТА,
рака ў Беларусі, у Глыбоцкім і Міёрскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток Дзісны (бас. Зах. Дзвіны). Даўж. 47 км. Выцякае з воз. Падавута на ПнУ Свянцянскіх град, цячэ па Полацкай нізіне. Даліна шыр. 150—250 м, схілы стромкія. Пойма высокая, шыр. 100—150 м, рэчышча слабазвілістае. Каля 66% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Водапрыёмнік меліярац. сістэм.
т. 1, с. 68