АВЕ́ЙДЭ Аскар
(1837, г. Марыямпале, Літва — 20.8.1897),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 і яго гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т са ступенню канд. права (1858). З восені 1862 чл. Цэнтральнага нацыянальнага камітэта ў Варшаве па падрыхтоўцы паўстання 1863—64. Прымыкаў да правага крыла «чырвоных», змагаўся з «сепаратызмам» К.Каліноўскага. Як камісар варшаўскага ўрада ў Літве і Беларусі ў ліп. 1863 прыехаў у Вільню, дзе 22.8.1863 арыштаваны. Выдаў многіх удзельнікаў паўстання. Аўтар запісак пра паўстанне (1866), у якіх ёсць звесткі пра Каліноўскага і яго акружэнне. У 1866 высланы на пасяленне ў Вяцкую губ., дзе і памёр.
Г.В.Кісялёў.
т. 1, с. 60
АВЕ́КАЎ Іван Аўдзеевіч
(19.5.1919, ст. Асінаўка Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Харкаўскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў-назіральнікаў (1939), Адэскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1940). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Зах., Цэнтр. франтах. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, капітан. Зрабіў 178 баявых вылетаў, збіў асабіста 15 самалётаў праціўніка, разам з вядзёным — 6, адзін самалёт тараніў, 23 знішчыў на аэрадромах. Загінуў у паветр. баі.
т. 1, с. 60
А́ВЕЛЬ,
паводле біблейскай міфалогіі сын Адама і Евы, пастух авечак, забіты з зайздрасці старэйшым братам Каінам за тое, што бог Яхве аддаў перавагу дарам Авеля. У пераносным значэнні — бязвінная ахвяра жорсткасці, правобраз усіх праведнікаў, якія церпяць ганенні.
т. 1, с. 60
АВЕЛЬЯНЕ́ДА
(Avellaneda),
горад у Аргенціне, у складзе Вял. Буэнас-Айрэса. Засн. ў 1852. 334 тыс. ж. (1980). Порт у зал. Ла-Плата, чыг. вузел. Металургічная, мясахаладабойная, гарбарная, абутковая, тэкст. прам-сць. Нафтаперапрацоўка, суднарамонт.
т. 1, с. 60
АВЕ́Н
(лац. Aries, старабел. Овенъ баран),
адно з 13 сузор’яў задыяка ў паўн. паўшар’і неба. Астр. знак ϒ (выкарыстоўваецца для абазначэння пункта веснавога раўнадзенства). Найб. яркія зоркі 2 і 2,2 візуальнай зорнай велічыні. На тэр. Беларусі відаць з сярэдзіны лета, увосень і зімой. Гл. Зорнае неба.
т. 1, с. 61
АВЕНА́РЫУС Мікалай Пятровіч
(12.9.1834, г. Пушкін Ленінградскай вобл. — 17.7.1903),
педагог, археолаг, краязнавец. Скончыў Гал. пед. ін-т у Пецярбургу. У 1864—85 інспектар Александрынска-Марыінскага ін-та ў Варшаве, Беластоцкага наст. ін-та. Адзін з заснавальнікаў Маладзечанскай наст. семінарыі (1864). У 1885—90 раскопваў курганы ў Барысаўскім і Навагрудскім пав., каменныя магілы ў Бельскім і Беластоцкім пав. Аўтар артыкулаў па археалогіі, нумізматыцы, педагогіцы, пытаннях асветы, твораў для дзяцей.
Тв.:
Руководство к воспитанию и элементарному обучению. Варшава, 1874;
Дрогичин Надбужский и его древности // Древности Северо-Западного края. Спб., 1890. Т. 1. Вып. 1.
т. 1, с. 61
АВЕНА́РЫУС Міхаіл Пятровіч
(19.9.1835, г. Пушкін Ленінградскай вобл. — 16.9.1895),
рус. фізік, заснавальнік кіеўскай навук. школы эксперым. фізікі. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1876). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1858). У 1865—90 у Кіеўскім ун-це (з 1866 праф.). Навук. працы ў галіне тэрмаэлектрычнасці і малекулярнай фізікі. Вывеў формулу залежнасці тэрмаэлектрарухальнай сілы ад т-ры спаяў (закон Авенарыуса), першым вызначыў параметры крытычнага стану для многіх рэчываў.
Літ.:
Гольдман А.І. М.П. Авенариус и киевская школа экспериментальной физики // Успехи физ. наук. 1951. Т. 44, вып. 4.
т. 1, с. 61
АВЕНА́РЫУС
(Avenarius) Рыхард (19.11.1843, Парыж — 18.8.1896),
швейцарскі філосаф-ідэаліст, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму. Праф. Цюрыхскага ун-та. У цэнтры філасофіі паняцце вопыту, ачышчанага ад аб’ектыўнай рэальнасці, у выніку чаго здымаецца процілегласць свядомасці і матэрыі, псіхічнага і фізічнага. Выступаў з суб’ектыўна-ідэаліст. тэорыяй «прынцыповай каардынацыі» (без суб’екта няма аб’екта, без свядомасці — матэрыі). Прынцып «найменшай траты сіл» на чалавечае пазнанне прывёў Авенарыуса да біялагізму, суб’ектывізму, агнастыцызму.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 61
АВЕНЦІ́Н
[Aventinus; сапр. Іаган Турмайр (Turmayr); 4.7.1477 — 9.1.1534],
нямецкі гісторык-гуманіст. З 1517 баварскі прыдворны гістарыёграф. Склаў першы гіст. твор на ням. мове «Баварская хроніка», які асвятляе гісторыю Баварыі да 1519 (надрук. ў 1566). У 1523 выдаў першую карту Баварыі.
т. 1, с. 61
АВЕНЮ́
(франц. avenue),
шырокая вуліца, звычайна абсаджаная дрэвамі. Назва прынята ў Францыі, Вялікабрытаніі, ЗША і некаторых інш. краінах.
т. 1, с. 61