ВАН МАН
(45 да н.э. — 6.10.23 н.э.),
старажытнакітайскі дзярж. дзеяч, імператар (9—23 н.э.). У 8 да н.э. стаў вышэйшым саноўнікам («да сы ма») імперыі Хань. Ажыццявіўшы ў снеж. 8 н.э. дварцовы пераварот, абвясціў сябе імператарам новай дынастыі Сінь. Правёў рэформы: ліквідаваў прыватную ўласнасць на зямлю, забараніў куплюпродаж зямлі і рабоў і інш. Аднак пад націскам багатых землеўладальнікаў вымушаны быў іх адмяніць. Забіты ў час нар. паўстання, якое пачалося ў краіне ў 15 н.э.
т. 3, с. 503
ВАН ЧУН,
Чжунжэнь (27, Шан’юй, прав. Чжэцзян, Кітай — 104), кітайскі філосаф. Аўтар шэрагу філас. трактатаў, з якіх захавалася кн. «Крытычныя разважанні» («Лунь хэн»). Усё існае, паводле Ван Чуна, утворана з матэрыяльнай субстанцыі — «першаснага эфіру» (юань цы), а адрозненні паміж рознымі рэчамі паходзяць ад розніцы ў ступені яго згушчэння; з гэтага «першаснага эфіру» складаецца і чалавек. Лічыў, што свядомасць ёсць прадукт жыццядзейнасці цела і знікае разам са смерцю істоты. Сцвярджаў ідэю спантаннасці і неўсвядомленасці натуральнага парадку рэчаў, што вяло яго да натуралістычнага фаталізму — прызнання поўнай абумоўленасці чалавечага існавання прыроднымі фактарамі. Гісторыю чалавечага грамадства трактаваў як змену панавання культуры (вэнь) і прыроднай асновы, а ўсе сац. ўзрушэнні абгрунтоўваў непазбежнымі стыхійнымі бедствамі.
т. 3, с. 505
ВА́ПЛЕР (Веплер) Андрэй, музыкант, капельмайстар і кампазітар 18 ст. Каля 1736 паступіў на службу ў прыдворную капэлу кн. М.К.Радзівіла Рыбанькі ў Нясвіжы, у 1740—50-я г. працаваў у аркестры кн. Г.Ф.Радзівіла ў Слуцку. Выязджаў з аркестрам у Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча) і Нясвіж.
Г.Г.Барышаў.
т. 3, с. 506
ВА́ПНА,
вяжучае рэчыва, якое атрымліваюць абпальваннем вапняку, мелу і інш. вапнава-магнезіяльных горных парод. Адрозніваюць вапну паветраную (цвярдзее толькі на паветры) і гідраўлічную (цвярдзее і ў вадзе). Паветраная вапна мае ў асн. аксіды кальцыю і магнію, гідраўлічная — дадаткова сілікаты, алюмінаты і фераты кальцыю. Паветраную вапну падзяляюць на нягашаную (кіпелку, гл. Кальцыю аксід) і гашаную (пушонку, гл. Кальцыю гідраксід). Выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці сілікатнай цэглы, для ачысткі цукровабурачнага соку, вапнавання глебы і інш.
т. 3, с. 506
ВА́ПНАВАЕ МАЛАКО́ , гл. ў арт. Кальцыю гідраксід.
т. 3, с. 506
ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,
унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.
Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.
т. 3, с. 506
ВА́ПНАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
угнаенні, асн. кампанент якіх вапна. У якасці вапнавых угнаенняў выкарыстоўваюць цвёрдыя і мяккія прыродныя вапнавыя пароды, прадукты іх перапрацоўкі і прамысл. адходы, што маюць вапну. Цвёрдыя пароды (вапняк, мел і інш.) перад унясеннем у глебу здрабняюцца ці абпальваюцца, мяккія пароды (напр., туфы) не патрабуюць драбнення, яны больш эфектыўныя і дзейнічаюць хутчэй за цвёрдыя. Гал. з вапнавых угнаенняў: вапнавая мука (вапняк), даламітавая мука (даламіт), вапнавы туф, мергель, гашаная вапна, вапнавы торф ці тарфатуф. Найб. эфектыўныя прамысл. адходы: мартэнаўскія, доменныя, электраплавільныя шлакі; дэфекат (адходы цукр. вытв-сці); сланцавы, каменнавугальны, тарфяны попел. Выкарыстоўваюць для паніжэння кіслотнасці глеб (гл. Вапнаванне глебы).
т. 3, с. 507