Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАННО́ЎСКІ Пётр Сямёнавіч

(6.12.1822 — 29.2.1904),

расійскі ваенны і дзярж. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1883). З дваран Мінскай губ. Скончыў 1-ы Маскоўскі кадэцкі корпус (1840). Удзельнік задушэння рэвалюцыі ў Венгрыі (1849) і Крымскай вайны (1853—56). З 1857 нач. афіцэрскай стралк. школы, з 1861 — Паўлаўскага кадэцкага корпуса, з 1868 — дывізіі, з 1876 камандзір 12-га армейскага корпуса. У час рус.-тур. вайны 1877—78 нач. штаба і камандзір Рушчукскага атрада. У 1881 кіраўнік спраў Ваен. мін-ва, у 1882—97 ваен. міністр. Зрабіў уклад ва ўмацаванне абараназдольнасці Расіі, але недаацэньваў ролю артылерыі, што выявілася ў рус.-яп. вайне 1904—05. З 1898 чл. Дзярж. савета. У 1901—02 міністр нар. асветы.

Ю.С.Іваноў.

т. 3, с. 503

ВА́ННЫ лекавыя, фізіятэрапеўтычная працэдура, калі на цела ці частку цела хворага ўздзейнічаюць пэўным асяроддзем з лек. ўласцівасцямі. Гал. лек. фактары ванн: тэмпературнае, мех. і хім. ўздзеянне на арганізм. Вядомы з даўніх часоў. Выкарыстоўваюць на курортах, у водагразелячэбніцах, спец. аддзяленнях паліклінічных і бальнічных устаноў. Хваробы, пры якіх назначаюцца ванны, разнастайныя: функцыянальныя, арган., траўматычныя і інш. расстройствы і пашкоджанні арганізма. Выбар лек. асяроддзя ажыццяўляецца ўрачом; самастойна карыстаюцца ваннамі марскімі, сонечнымі (гл. ў арт. Загар, Сонцалячэнне), паветр. (гл. ў арт. Аэратэрапія), пясочнымі (выграванне ў пяску, псаматэрапія на пляжах). Асаблівае значэнне маюць ванны мінеральныя і гразевыя (пелоідныя). Для мінеральных выкарыстоўваюцца прыродныя, у т. л. субтэрмальныя і тэрмальныя, ці штучна прыгатаваныя мінеральныя воды, найчасцей сульфідныя, хларыдна-натрыевыя, ёдабромныя, радонавыя, якія могуць дадаткова насычацца газамі (вуглякіслыя, кіслародныя, азотныя, жамчужныя ванны) або араматычнымі і інш. рэчывамі (хвойныя, гарчычныя, шкіпінарныя, шалфейныя, крухмальныя ванны). Для гразевых ванн (агульных ці ў выглядзе аплікацый) выкарыстоўваюць прыродныя і штучна прыгатаваныя лек. гразі (тарфяныя, сапрапелевыя, вулканічныя, гліністыя і інш.). Вывучэннем мед. аспектаў выкарыстання ванн займаюцца бальнеалогія, кліматалогія, фізіятэрапія.

т. 3, с. 503

ВАНСА́Н,

горад на ПнУ КНДР. Адм. ц. правінцыі Канвандо. Каля 400 тыс. ж. (1990). Порт на Японскім моры. Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (у т. л. судна- і вагонабудаванне), хім., харчасмакавая (у т. л. рыбакансервавая), тэкст. прам-сць; вытв-сць будматэрыялаў. Рыбалоўная база. Паблізу Вансана буйны з-д каляровых металаў.

т. 3, с. 503

ВАНСЕ́ЦКІ Павел Фёдаравіч

(1915, г. Краснадар, Расія — 27.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. З 1938 у ВМФ, служыў на Чарнаморскім флоце. З 1942 у брыгадзе марской пяхоты, удзельнік дэсантных аперацый у Новарасійску, Марыупалі, Таганрогу, Бярдзянску. Старшына 2-й стацці Вансецкі вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў, у складзе якога быў Вансецкі, па Паўд. Бугу высадзіўся ў тыле ворага ў порце, у няроўным баі за 2 сутак адбіў 18 контратак, нанёс вял. страты жывой сіле ворага.

т. 3, с. 504

ВА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

адна з назваў стараж. дзяржавы Урарту.

т. 3, с. 504

ВА́НТА

(Vantaa),

горад у Фінляндыі, уваходзіць у агламерацыю Хельсінкі, 160,4 тыс. ж. (1993). Новае жыллёвае буд-ва.

т. 3, с. 504

ВА́НТАВАЯ СІСТЭ́МА,

гл. Вісячая сістэма.

т. 3, с. 504

ВА́НТАВЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

разнавіднасць вісячых канструкцый, нясучымі элементамі якіх з’яўляюцца гнуткія расцяжкі — ванты (звычайна стальныя тросы). Вантавыя канструкцыі складаюцца з вантаў і канструкцый, якія ўспрымаюць сцісканне, — бэлек, жорсткіх формаў, арак, рамаў, абалонак і інш.

т. 3, с. 504

ВА́НТАВЫ МОСТ,

мост, асноўнымі канструкцыйнымі элементамі якога з’яўляюцца ванты — гнуткія расцягнутыя стрыжні (стальныя тросы, канаты, круглы пракат). Вантавы мост звычайна мае пілон (апору), ванты, бэльку жорсткасці і праезную частку. Ванты робяць пераважна з высокатрывалай сталі, бэлькі жорсткасці і пілоны — са сталі і жалезабетону. Пралёт вантавага маста больш за 300 м (у Індыі пабудаваны вантавы мост з пралётам 457 м).

т. 3, с. 504

ВАНТРАБЯ́НКА,

традыцыйны бел. мясны выраб. Лакальная назва патрашанка. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць або падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сутак прыціскаюць гнётам. Ядуць халодную. На З Беларусі вантрабянку называюць сальцісонам.

т. 3, с. 504