ВАНІЛІ́Н,
метаметоксі-парагідоксібензойны альдэгід, CH3O(OH)C6H3CHO, араматычнае арган. рэчыва з пахам ванілі, вытворнае бензолу. Бясколерныя ігольчастыя крышталі, tпл 81—83 °C, tкіп 284—285 °C, шчыльн. 1056 кг/м³. Сублімуе без раскладання, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, хлараформе і інш. У натуральным стане ў выглядзе гліказіду ёсць у пладах ванілі; сінтэтычны ванілін атрымліваюць з гваяколу, лігніну і эўгенолу. Шырока выкарыстоўваецца ў харч., парфумернай і фармацэўтычнай прам-сці. Сумесь ваніліну з цукр. пудрай (1 : 100) наз. ванільным цукрам.
т. 3, с. 502
ВАНІ́ЛЬ
(Vanilla),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. Каля 110 відаў. Пашыраны ў тропіках. Некалькі відаў, пераважна ваніль духмяная, або пляскаталістая (V. fragrans), помпавая (V. pompona) і таіцянская (V. tahitensis), культывуюцца ў трапічных краінах для атрымання пладоў, у якіх ёсць ванілін. На Беларусі як дэкар. расліны вырошчваюцца ў аранжарэі Цэнтр. бат. саду АН Беларусі і аматарамі.
Наземныя або эпіфітныя шматгадовыя травяністыя ліяны. Сцябло доўгае, лазячае з дапамогай шматлікіх паветр. каранёў. Лісце простае, сядзячае, бліскучае. Кветкі пераважна белавата-жоўтыя або белавата-зеленаватыя, сабраныя па 15—20 у суквецці. Плод — доўгая струкападобная каробачка з шматлікім вельмі дробным насеннем. Харч., дэкар. і лек. расліны.
т. 3, с. 503
ВА́НІН Васіль Васілевіч
(13.1.1898, г. Тамбоў, Расія — 12.5.1951),
рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1949). Скончыў драм. студыю ў Тамбове (1920). Працаваў у т-рах Тамбова, Петраграда. У 1924—49 вядучы акцёр Т-ра імя МГСПС (з 1938 імя Массавета). У 1944—51 кіраўнік акцёрскай майстэрні Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі, праф. (з 1949). З 1950 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя А.Пушкіна. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чапаеў (аднайм. п’еса паводле аповесці Дз.Фурманава), Фаюнін («Нашэсце» Л.Лявонава), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна; і рэжысёр). З 1927 здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, 1949.
т. 3, с. 503
ВАНКАРЭ́М,
мыс на ПнЗ Чукоцкага п-ва, у Чукоцкім моры (тэр. Расійскай Федэрацыі). На Ванкарэме нас. пункт Ванкарэм. Палярная станцыя (з 1934).
т. 3, с. 503
ВАНКУ́ВЕР
(Vancouver) Джордж (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),
англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.
т. 3, с. 503
ВАНКУ́ВЕР
(Vancouver),
востраў у Ціхім ак., самы вял. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі, у складзе Канады. Пл. 32,2 тыс. км². Рэльеф гарысты, выш. да 2200 м. Берагі фіёрдавыя. Клімат умераны марскі, вільготны. Хвойныя лясы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Здабыча вугалю і жал. руды. Нац. парк Пасіфік-Рым. Гал. горад і порт — Вікторыя. Названы ў гонар Дж.Ванкувера.
т. 3, с. 503
ВАНКУ́ВЕР
(Vancouver),
горад на ПнЗ ЗША, штат Вашынгтон; паўн. прыгарад Портленда (штат Арэгон). Засн. Ў 1824. 46,4 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 200 тыс. ж. (1990). Порт на р. Калумбія (даступны для марскіх суднаў). Каляровая металургія (выплаўка алюмінію), дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, электронная, харч. (вытв-сць пладовых і рыбных кансерваў) прам-сць. Рыбалоўства. Вулканалагічная абсерваторыя. У 1937 у Ванкуверы завяршылі пералёт праз Паўн. полюс В.П.Чкалаў, Г.П.Байдукоў і А.В.Белякоў.
т. 3, с. 503
ВАНКУ́ВЕР
(Vancouver),
горад на ПдЗ Канады, у правінцыі Брытанская Калумбія. Размешчаны на беразе зал. Барард Ціхага ак., каля граніцы з ЗША. Засн. ў 1886. Названы ў гонар англ. мараплаўца Дж.Ванкувера. 1602,5 тыс. ж. (1991). Порт на Ціхім ак. (вываз пшаніцы, лесаматэрыялаў, каляровых металаў, нафтапрадуктаў). Канцавая станцыя 2 трансканадскіх чыгунак. Буйны прамысл. і гандл.-фін. цэнтр. Лесаапр., харчасмакавая (вінакурэнне, піваварэнне), суднабуд. прам-сць, вытв-сць абсталявання для лясной і горназдабыўной прам-сці. Нафтаперапрацоўка, металаапрацоўка. Рыбалоўства. 2 ун-ты. Турызм.
т. 3, с. 503