Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МІНЖЫЛКІ́ЕЎ (Булат Абдулаевіч) (23.4.1940, Бішкек — 16.8.1997),

кіргізскі спявак (бас). Нар. арт. СССР (1976). Скончыў Ташкенцкую кансерваторыю (1966). З 1966 саліст Кіргізскага т-ра оперы і балета (Бішкек), з 1992 у Марыінскім т-ры (С.-Пецярбург). Валодаў моцным гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Сярод партый: Канурбай («Манас» У.Уласава, А.Малдыбаева і У.Ферэ), Барыс Гадуноў і Пімен («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Мефістофель» А.Бойта і «Фауст» Ш.Гуно), Пётр I («Пётр I» А.Пятрова). Лаўрэат Міжнар. конкурсаў вакалістаў у Тулузе (Францыя, 1971), маладых оперных спевакоў (Сафія, 1973). Дзярж. прэмія Кыргызстана імя Тактагула 1976. Дзярж. прэмія СССР 1985.

т. 10, с. 385

МІ́НІ ((Meany) Джордж) (16.8.1894, Нью-Йорк — 10.1.1980),

прафсаюзны дзеяч ЗША. У 1910—22 рабочы-водаправодчык. У прафс. руху з 1915. З 1922 адзін з кіраўнікоў аддзялення прафсаюза водаправодчыкаў у Нью-Йорку. У 1934—39 старшыня філіяла Амерыканскай федэрацыі працы (АФП) у штаце Нью-Йорк. З 1940 сакратар-скарбнік, з 1952 старшыня АФП. У 1955—79 старшыня Амерыканскай федэрацыі працыКангрэса вытворчых прафсаюзаў, якая пад яго ўплывам выйшла з Міжнар. канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў (1969). З 1948 чл. грамадскага дарадчага апякунскага савета за «эканам. кааперацыю адміністрацыі».

т. 10, с. 386

МІНІМА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

гл. ў арт. Заработная плата.

т. 10, с. 386

МІНІМА́ЛЬНАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

паверхня, сярэдняя крывізна якой ва ўсіх пунктах роўная нулю. Выяўляецца пры рашэнні варыяцыйнай задачы знаходжання такой прасторавай паверхні, якая мае найменшую (мінімальную, адсюль назва) плошчу сярод блізкіх паверхняў з той жа зададзенай мяжой. Тэорыя М.п. цесна звязана з тэорыяй аналітычных функцый і варыяцыйным злічэннем, развівалася ў працах Ж.Л. Лагранжа, Г.Монжа і інш. Эксперыментальны спосаб адшукання М.п. з дапамогай мыльнай плёнкі, нацягнутай на драцяны каркас, прапанаваў бельгійскі фізік Ж.Плато. Прыклады М.п.: плоскасць, вінтавая паверхня, катэноід.

т. 10, с. 386

МІНІМА́ЛЬ-АРТ (англ. minimal art),

мінімальнае мастацтва, кірунак авангардызму. Узнік у 1960-я г. ў ЗША пад уплывам ідэй гештальтпсіхалогіі. Тэрмін «М.-а.» увёў у 1965 крытык Р.Вольхейм. Творы вызначаюцца звядзеннем трохмерных маст. форм да прасцейшых геам. аб’ёмаў буйных памераў, якія выконваюцца на заводах паводле эскіза мастака (вял. пластмасавыя ці метал. скрынкі, конусы, кубы, рашэцістыя структуры, роўна афарбаваныя прамавугольныя планшэты, лісты бляхі і інш.). Агляд вял. аб’екта з розных пунктаў абумоўлівае непарыўную зменлівасць ракурсаў, асвятлення, перспектыўных скарачэнняў і інш., у выніку геам. вобразы візуальна губляюць сваю ўстойлівую форму і ствараецца супярэчнасць паміж успрыняццем твора і рэальным пачуццёвым вопытам гледача. Падкрэсленая канструктыўнасць форм прызначана адвяргаць суб’ектыўныя асацыяцыі з канкрэтнымі рэчамі і вобразамі і ствараць вобраз арганізаванага, фармальна дакладнага свету, канструкцыю свядомасці, увасобленай у матэрыяле. Сярод прадстаўнікоў М.-а.: К.Андрэ, Р.Бладэн, Д.Джад, С.Ле Віт, Р.Морыс, Ф.Стэла, Д.Флейвін, Д.Юд і інш.

Я.Ф.Шунейка.

т. 10, с. 386

МІНІМЕ́ТР (ад мінімум + ...метр),

рычажная стрэлачная прылада для вымярэнняў адносным кантактным спосабам лінейных памераў калібраў, дэталей машын і інш. вырабаў. Вымяральны стрыжань пры дапамозе рычагоў звязаны са стрэлкай, якая паказвае велічыню памеру на шкале. Межы вымярэння ад 20 да 600 мкм. Больш дасканалыя за М. — мікракатары.

Мініметр: 1 — вымяральны стрыжань; 2 — адводны рычаг; 3 — паказчыкі адхіленняў зададзеных памераў.

т. 10, с. 386

МІ́НІМУМ (лац. minimum найменшае),

1) найменшая колькасць, найменшае значэнне якой-н. велічыні ў шэрагу даных.

2) Сукупнасць ведаў па навуч. прадметах, абавязковых для спецыяліста, а таксама экзамены па гэтых прадметах.

т. 10, с. 386

МІ́НІМУМ у матэматыцы,

найменшае значэнне велічыні. Гл. ў арт. Максімум і мінімум, Экстрэмум.

т. 10, с. 386

МІ́НІМУМУ ЗАКО́Н у аграхіміі,

папаўненне недахопу ў глебе пэўных мінер. рэчываў або злучэнняў да ўзроўню, мінімальна неабходнага для ўрадлівасці глебы. Сфармуляваны Ю.Лібіхам (1840). Асн. палажэнне закону — у глебу павінны быць вернуты ў першую чаргу тыя рэчывы, запасы якіх найб. спустошаны; унясенне любых інш. рэчываў не дае прыросту ўраджаю, пакуль не будзе ліквідаваны недахоп рэчыва ці злучэння да ўзроўню наяўнасці яго ў глебе ў пэўнай мінімальнай колькасці.

У больш агульнай сучаснай форме М.з., які дапоўніў амер. заолаг В.Шэлфард (1877—1968) — «закон талерантнасці» — сведчыць, што прысутнасць або працвітанне арганізма ў пэўным месцапражыванні залежыць ад комплексу экалагічных фактараў. Па кожнаму фактару ёсць дыяпазон талерантнасці, па-за межамі якога арганізм не здольны існаваць. Немагчымасць працвітання або адсутнасць арганізма вызначаецца тымі фактарамі, значэнні якіх набліжаюцца або выходзяць за межы талерантнасці.

т. 10, с. 386

МІ́НІН (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 28.8.1924, в. Арлея Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1963). У Вял. Айч. вайну ў 1942—43 разведчык 3-й Бел. партыз. брыгады, з ліст. 1943 на 3-м Бел. фронце. Камандзір аддзялення разведкі палка М. вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 26 чэрв.—14 ліп. на тэр. Беларусі і Літвы. З 1948 на парт. і прафс. рабоце.

А.А.Мінін.

т. 10, с. 386