МІНІМА́ЛЬ-АРТ (англ. minimal art),
мінімальнае мастацтва, кірунак авангардызму. Узнік у 1960-я г. ў ЗША пад уплывам ідэй гештальтпсіхалогіі. Тэрмін «М.-а.» увёў у 1965 крытык Р.Вольхейм. Творы вызначаюцца звядзеннем трохмерных маст. форм да прасцейшых геам. аб’ёмаў буйных памераў, якія выконваюцца на заводах паводле эскіза мастака (вял. пластмасавыя ці метал. скрынкі, конусы, кубы, рашэцістыя структуры, роўна афарбаваныя прамавугольныя планшэты, лісты бляхі і інш.). Агляд вял. аб’екта з розных пунктаў абумоўлівае непарыўную зменлівасць ракурсаў, асвятлення, перспектыўных скарачэнняў і інш., у выніку геам. вобразы візуальна губляюць сваю ўстойлівую форму і ствараецца супярэчнасць паміж успрыняццем твора і рэальным пачуццёвым вопытам гледача. Падкрэсленая канструктыўнасць форм прызначана адвяргаць суб’ектыўныя асацыяцыі з канкрэтнымі рэчамі і вобразамі і ствараць вобраз арганізаванага, фармальна дакладнага свету, канструкцыю свядомасці, увасобленай у матэрыяле. Сярод прадстаўнікоў М.-а.: К.Андрэ, Р.Бладэн, Д.Джад, С.Ле Віт, Р.Морыс, Ф.Стэла, Д.Флейвін, Д.Юд і інш.
Я.Ф.Шунейка.
т. 10, с. 386
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)