Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАЛАНТА́Й, Калонтай (Kołłątaj) Гуга (1.4.1750, в. Вял. Дэдэркалы Шумскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 28.2.1812), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст. Д-р філасофіі і тэалогіі. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, у Італіі (1772—74). З 1774 кракаўскі канонік. Дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, які стаў асновай «Статута» гэтай камісіі. У 1782—86 рэктар Кракаўскага ун-та. Лідэр рэфарматарскай плыні ў час працы Чатырохгадовага сейма 1788—92. Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. Падтрымліваў ідэю цэнтралізацыі Рэчы Паспалітай праз больш цеснае аб’яднанне ВКЛ э Польшчай. Адзін з вядучых ідэолагаў, потым кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў час паўстання 1794. Пасля паражэння паўстання ў аўстр. зняволенні. У 1802—06 жыў на Валыні, адзін з заснавальнікаў Крамянецкага ліцэя. Аўтар шэрагу філас. і гіст. прац, заснаваных на перадавых ідэях Асветніцтва, вучэнні франц. фізіякратаў, эвалюц. канцэпцыі развіцця грамадства.

Літ.:

Хинц Х.Ф. Гуго Коллонтай: Пер. с пол. М., 1978;

Pasztor M. Hugo Kołłątaj na sejmie Wielkim w latach 1791—1792. Warszawa, 1991.

т. 7, с. 451

КАЛАНТА́Р (Леван Аляксандравіч) (16.1.1891, Тбілісі — 29.10.1959),

армянскі рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Арменіі (1954). Сцэнічную дзейнасць пачаў пасля заканчэння Пецярбургскага ун-та (1916). Арганізатар і заснавальнік Арм. т-ра імя С.​Шаўмяна (Тбілісі, 1921), Арм. т-ра імя Г.​Сундукяна (да 1928 гал. рэжысёр) і Працоўнага т-ра імя М.​Горкага (1931—35 гал. рэжысёр) у Ерэване. У 1937—43, 1957—59 гал. рэжысёр Ерэванскага рус. драм. т-ра. З 1944 выкладаў у Ерэванскім маст.-тэатр. ін-це (праф. з 1946). Лепшыя пастаноўкі вызначаліся глыбінёй рэжысёрскай задумы, выразнасцю мізансцэн, праўдзівасцю акцёрскіх вобразаў («Дзядзька Багдасар» А.​Параняна, 1927; «На дне» М.​Горкага, 1929; «Рэвізор» М.​Гогаля, 1930; «На світанні» А.​Сцепаняна, 1938; «Венецыянскі купец», 1940, і «Атэла», 1956 У Шэкспіра; «Злы дух» А.​Шырванзадэ, 1959). Аўтар кн. «Шлях і мастацтва» (1963).

т. 7, с. 451

КАЛАНХО́Э (Kalanchoe),

род сукулентных кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 200 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Азіі, Афрыкі і Амерыкі. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях вырошчваюць К.: Блосфельда (K. blossfeldiana), лямцавае (K. tomentosa), мармуровае (K. marmorata), Федчанкі (K. fedtschenkoi), трубкакветнае (K. tubiflorum), бехарскае (K. beharensis), Дэгрэмона (K. daigremontianum), перыстае (K. pinnata).

Шматгадовыя вечназялёныя паўкусты з сакаўным супраціўным лісцем. Кветкі чырвоныя, белыя, ружовыя або аранжавыя, сабраныя ў парасонападобнае суквецце. Цвітуць у снеж.—маі. Плод — каробачка. Лек. і дэкар расліны.

Н.​В.​Богдан.

Расліны роду каланхоэ.

т. 7, с. 452

КАЛАНЧА́ (цюрк., ад араб. крэпасць),

вежавая частка будынка супрацьпажарнай аховы ці асобнае вежавае збудаванне ў 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Верхні ярус К. быў адкрыты для лепшага агляду мясцовасці, меў звон, сігнальную мачту. Будавалі К. з цэглы, дрэва, металічных рэек. Драўляная К. звычайна мела каркасную канструкцыю, якую абшывалі дошкамі ці пакідалі адкрытай. К. заўсёды была адметным элементам сілуэтнай кампазіцыі горада. З развіццём сродкаў сувязі і інфармавання роля К. зменшылася.

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 452

КАЛА́ПС у астраноміі,

катастрафічна хуткае сцісканне нябеснага цела вял. масы (напр., зоркі) пад дзеяннем уласных сіл гравітацыі. Гл. Гравітацыйны калапс.

т. 7, с. 452

КАЛА́ПС (лац. collapsus аслабелы, знясілены) у медыцыне, вострая сасудзістая недастатковасць. Характарызуецца зніжэннем сасудзістага тонусу і аб’ёму цыркулюючай крыві. Пры гэтым памяншаецца прыток вянознай крыві да сэрца, зніжаецца сардэчны выкід, паніжаецца артэрыяльны і вянозны ціск, парушаецца перфузія тканак і абмен рэчываў, узнікае гіпаксія галаўнога мозга, прыгнечваюцца жыццёва важныя функцыі. Прычыны ўзнікнення К.: уздзеянне інфекц., таксічных, фіз., алергічных і інш. фактараў на сасудзістую сценку, сасударухальны цэнтр, сасудзістыя рэцэптары, памяншэнне масы цыркулюючай крыві (напр., пры вял. страце крыві і плазмы), глыбокі наркоз, недастатковасць наднырачнікаў, хваробы сэрца (інфаркт міякарда, парушэнне сардэчнага рытму і інш.), тромбаэмбалія лёгачных артэрый, хуткі пераход з гарыз. становішча ў верт., доўгі пасцельны рэжым, калі чалавек доўга стаіць і інш. Прыкметы: раптоўная слабасць, бледнасць скуры і слізістых абалонак, халодны пот, прыгнечаны, затарможаны стан, часты пульс, галавакружэнне; прытомнасць звычайна не траціцца (гэтым К. адрозніваецца ад непрытомнасці). Лячэнне: аксігенатэрапія, лякарствы для стымулявання кровазвароту і дыхання.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 452

КАЛАПТУ́Р (Ніна Фёдараўна) (8.1.1916, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.5.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла тэатр. студыю рабочай моладзі ў Днепрапятроўску (1933). Працавала ў т-рах Крывога Рога, Сумаў, Адэсы, Куйбышава. З 1951 у ансамблі аперэты пры Белдзяржэстрадзе, з 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дупіна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Выконвала ролі субрэтак, «каскадных», камічных старых (у т-ры музкамедыі) і вострахарактарныя (у т-ры драмы і камедыі). Творчую манеру вылучалі выразнасць формы, умелае выкарыстанне гратэску. Сярод лепшых роляў: у т-рах аперэты і музкамедыі — Софія, Гарпіна Дармідонтаўна («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), мадам Арно і Караліна («Фіялка Манмартра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Амалія («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры драмы і камедыі — Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Ханума («Ханума» А.​Цагарэлі), Сенатарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 452

КАЛАРА́ДА (Colorado),

плато ў Кардыльерах Паўн. Амерыкі, на ПдЗ ЗША. Абмежавана на У і ПнУ Скалістымі гарамі, на З хр. Сьера-Невада, на ПнЗ Вял. Басейнам, на Пд Мексіканскім нагор’ем. Пл. больш за 300 км². Выш. 1800—2500 м, асобныя хрыбты вышэй за 3000 м, астанцовыя і вулканічныя масівы да 3861 м (г. Хамфрыс-Пік). Складзена з дакембрыйскіх крышт. парод і магутнай палеазой-мезазойскай асадкавай тоўшчы, з якой звязаны буйнейшыя радовішчы урана-ванадыевых руд. У палеаген-неагенавы перыяд адбылося падняцце паверхні, якое суправаджалася актыўнымі тэктанічнымі і вулканічнымі працэсамі. Рэкі інтэнсіўна праразалі плато глыбокімі каньёнамі, у т. л. і р. Каларада (гл. Вялікі каньён). Клімат субтрапічны кантынентальны, сухі. Ападкаў 200—500 мм за год. Стэпавая і пустынная расліннасць з сукулентамі.

т. 7, с. 452

КАЛАРА́ДА (ісп. Colorado літар. чырвоны, афарбаваны),

рака ў ЗША і Мексіцы (нізоўі). Даўж. 2740 км (з прытокам Грын-Рывер 3200 км), пл. бас. 635 тыс. км². Пачынаецца ў Перадавым хр. Скалістых гор, цячэ пераважна па паўпустынных і пустынных раёнах. Пры перасячэнні плато Каларада ўтварае глыбокія каньёны агульнай даўж. каля 800 км (у т. л. Вялікі Каньён). Упадае ў Каліфарнійскі заліў Ціхага ак. (пл. дэльты каля 8 тыс. км²). Гал. прытокі: Грын-Рывер (справа), Сан-Хуан, Літл-Каларада, Хіла (злева). Жыўленне снегавое, разводдзе з крас. па ліпень. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні (каля г. Ліс-Фэры) 508 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 5 м³/с у выніку адвядзення вады на ірыгацыю і водазабеспячэнне гарадоў Каліфарнійскага ўзбярэжжа ЗША, у т. л. г. Лос-Анджэлес. На К. плаціны Глен-Каньён-Дам і Гувер (Боўлдэр-Дам), буйныя вадасх. — азёры Паўэл і Мід; ГЭС. Суднаходная на 228 км ад вусця.

т. 7, с. 452

КАЛАРА́ДА (Colorado),

рака на Пд ЗША, у штаце Тэхас. Даўж. 1450 км, пл. бас. 107 тыс. км². Пачынаецца на плато Льяна-Эстакада, упадае ў Мексіканскі заліў. Веснавое разводдзе, летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 81 м³/с. Шмат вадасховішчаў. Выкарыстоўваецца для арашэння. На К. — г. Остын.

т. 7, с. 452