КАЛАПТУ́Р (Ніна Фёдараўна) (8.1.1916, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.5.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла тэатр. студыю рабочай моладзі ў Днепрапятроўску (1933). Працавала ў т-рах Крывога Рога, Сумаў, Адэсы, Куйбышава. З 1951 у ансамблі аперэты пры Белдзяржэстрадзе, з 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дупіна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Выконвала ролі субрэтак, «каскадных», камічных старых (у т-ры музкамедыі) і вострахарактарныя (у т-ры драмы і камедыі). Творчую манеру вылучалі выразнасць формы, умелае выкарыстанне гратэску. Сярод лепшых роляў: у т-рах аперэты і музкамедыі — Софія, Гарпіна Дармідонтаўна («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), мадам Арно і Караліна («Фіялка Манмартра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Амалія («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры драмы і камедыі — Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Ханума («Ханума» А.​Цагарэлі), Сенатарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)