КАЛАРА́ДА (ісп. Colorado літар. чырвоны, афарбаваны),

рака ў ЗША і Мексіцы (нізоўі). Даўж. 2740 км (з прытокам Грын-Рывер 3200 км), пл. бас. 635 тыс. км². Пачынаецца ў Перадавым хр. Скалістых гор, цячэ пераважна па паўпустынных і пустынных раёнах. Пры перасячэнні плато Каларада ўтварае глыбокія каньёны агульнай даўж. каля 800 км (у т. л. Вялікі Каньён). Упадае ў Каліфарнійскі заліў Ціхага ак. (пл. дэльты каля 8 тыс. км²). Гал. прытокі: Грын-Рывер (справа), Сан-Хуан, Літл-Каларада, Хіла (злева). Жыўленне снегавое, разводдзе з крас. па ліпень. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні (каля г. Ліс-Фэры) 508 м³/с, у ніжнім цячэнні памяншаецца да 5 м³/с у выніку адвядзення вады на ірыгацыю і водазабеспячэнне гарадоў Каліфарнійскага ўзбярэжжа ЗША, у т. л. г. Лос-Анджэлес. На К. плаціны Глен-Каньён-Дам і Гувер (Боўлдэр-Дам), буйныя вадасх. — азёры Паўэл і Мід; ГЭС. Суднаходная на 228 км ад вусця.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)