КАЛАНТА́Й, Калонтай (Kołłątaj) Гуга (1.4.1750, в. Вял. Дэдэркалы Шумскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 28.2.1812), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст. Д-р філасофіі і тэалогіі. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, у Італіі (1772—74). З 1774 кракаўскі канонік. Дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, які стаў асновай «Статута» гэтай камісіі. У 1782—86 рэктар Кракаўскага ун-та. Лідэр рэфарматарскай плыні ў час працы Чатырохгадовага сейма 1788—92. Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. Падтрымліваў ідэю цэнтралізацыі Рэчы Паспалітай праз больш цеснае аб’яднанне ВКЛ э Польшчай. Адзін з вядучых ідэолагаў, потым кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў час паўстання 1794. Пасля паражэння паўстання ў аўстр. зняволенні. У 1802—06 жыў на Валыні, адзін з заснавальнікаў Крамянецкага ліцэя. Аўтар шэрагу філас. і гіст. прац, заснаваных на перадавых ідэях Асветніцтва, вучэнні франц. фізіякратаў, эвалюц. канцэпцыі развіцця грамадства.

Літ.:

Хинц Х.Ф. Гуго Коллонтай: Пер. с пол. М., 1978;

Pasztor M. Hugo Kołłątaj na sejmie Wielkim w latach 1791—1792. Warszawa, 1991.

т. 7, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)